На Змітра Дашкевіча — аблава

Пра гэта старшыня «Маладога Фронту» напісаў у сваім Фэйсбуку. Прычына пільнай увагі да Дашкевіча — сённяшні публічны збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг.

Зміцер Дашкевіч



Такі пост у суботу зранку размясціў Зміцер Дашкевіч:

Лібералізацыя-матэрыялізацыя

Што зробіш, ёсьць у мяне такая звычка — у дзень акцыі знікаць у невядомым накірунку. Праз гадзін некалькі я матэрыялізуюся на выхадзе з Першамайскага РАЎСа. Дэ-юрэ, мяне ў РАЎСе ніколі не бывае; дэ-факта, я сяджу там паўдні. Такая ўжо наша лібералізацыя-матэрыялізацыя: юрыдычных прэтэнзіяў — ніякіх, а фактычных — процьма. І яно мо не самы горшы варыянт — раней без юрыдычных прэтэнзій з шапкай на галаве ў лес вывозілі, цяпер жа ў міліцэйскім пакойчыку кожную гадзіну прапаноўваюць каву/гарбату. Але я п'ю толькі ваду і чакаю матэрыялізацыі.

І вось сёння, за дзьве гадзіны да адкрыцця пікету па публічным падпісанні за #нашсцяг воўчая зграя кружыць вакол нашай хаты і покліч да матэрыялізацыі пачынае напаўняць усю маю сутнасць. Калі я знікну ізноў, не хвалюйцеся — яшчэ ніколі не было так, каб я не матэрыялізаваўся на якім-небудзь выхадзе якога-небудзь РАЎСа.

У любым выпадку: а 12 гадзіне ля ўніверсама "Цэнтральны" распачнецца наш штодзённы пікет за бел-чырвона-белы сцяг — прыходзьце і падпісвайцеся! Хто не можа хадзіць — электронная петыцыя.

Нагадаем, ужо некалькі тыдняў грамадскія актывісты збіраюць подпісы да Міністэрства культуры з патрабаваннем унесці бел-чырвона-белы сцяг у Спіс гісторыка-культурніцкіх каштоўнасцяў Беларусі.

Каментаваць