На пенсію не згодныя

Падчас «Чарнобыльскага шляху» міжнароднае моладзевае аб’яднанне «Малады фронт» выйшла з расцяжкай, у якой было прапанавана канчаткова, без магчымасці ўзнаўлення, выдаліць усю тытульную беларускую апазіцыю. Менавіта так з кампутарнай мовы перакладаецца надпіс «Shift + Delete».



Па словах аднаго з кіраўнікоў «МФ» Міколы Дземідзенкі, так рэагуе беларускае грамадства на няздольнасць апазіцыі дамовіцца. Не дамовіліся ні пра Кангрэс дэмісілаў, ні пра адзінага кандыдата, што прывяло да сыходу з апазіцыі адной з самых рэйтынгавых яе асобаў — Уладзіміра Някляева. З-за гэтай няздольнасці дамовіцца грамадства і расчаравалася ў апазіцыі. А значыць, апазіцыі час выдаліцца.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што расцяжка «МФ» Партыю БНФ «ніякім чынам не закранае». «Бачна, што хлопцам захацелася нагадаць пра сябе, і нічога больш арыгінальнага яны не прыдумалі. Нельга сцвярджаць, што і раней «Малады фронт» выяўляў прыхільнасць і давер да дэмакратычных партыяў. Я памятаю, яшчэ 10 год таму «МФ» заяўляў, што БНФ ужо не ўяўляе сабою нічога, пяць год таму гучалі такія ж ацэнкі да ўсіх апазіцыйных партыяў. Для нас гэта ні на што не ўплывае. Калі хлопцы пацешыліся — можна за іх парадавацца», — сказаў Янукевіч.

На ягоную думку, гэты лозунг таксама не сведчыць пра расчараванне дзеяннямі апазіцыі. «Хлопцы з «Маладога фронту», паўтаруся, знаходзяцца ў гэтым расчараванні мінімум 10 гадоў, нічога новага яны не канстатавалі», — кажа лідар БНФ.

Намеснік кіраўніка Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што такія паводзіны «для некаторых арганізацый — магчымасць хаця б раз на год пра сябе заявіць». Што тычыцца агульнага расчаравання дзейнасцю апазіцыйных сілаў, то Губарэвіч гэтай думкі таксама не падзяляе. «Не ведаю, хто расчараваны. У сяброў нашай арганізацыі ад той дзейнасці, якую мы вядзем, расчаравання няма. У людзей, з якімі мы працуем у рамках кампаніі «Народны рэферэндум» і сабралі пад патрабаваннем рэферэндуму больш за 100 тысяч подпісаў, расчаравання няма. Яны бачаць нашу дзейнасць, яна відавочная. Таму я не ведаю, да каго гэтае пытанне», — заявіў Губарэвіч.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якой таксама прапанавалі «выдаліцца», Леў Марголін кажа, што да такой прапановы ставіцца «абсалютна спакойна». «У цэлым жа я адмоўна стаўлюся да адмоўных лозунгаў: «Далоў», «Прыбраць», «Зняць», «Закрыць». Калі цябе не задавальняе старая апазіцыя, — можа быць, мы сапраўды крыху састарэлі, — прапануйце нешта сваё. Не падабаецца вам, як мы працуем? Як казалі раней, «рабі з намі, рабі як мы, рабі лепш за нас». Калі ты не хочаш рабіць з намі ці рабіць як мы — зрабі лепш. Калі гэта атрымаецца — мы будзем толькі задаволеныя», — запэўнівае Марголін.

І расчаравання сярод сваіх сяброў Марголін таксама не заўважае. «Тыя, хто ў АГП, не расчараваліся ў партыі, інакш бы яны з яе выйшлі. А калі ў «Маладым Фронце» расчараваліся ў нашай партыі, то я не думаю, што яны калісьці былі ёю зачарованыя. Дый увогуле не такая ж гэта ўжо ўплывовая арганізацыя — «Малады фронт». Яшчэ дадам, што змагацца з апазіцыяй — старой, маладой, добрай, дрэннай, — гэта значна прасцей і бяспечней, чым змагацца з уладай», — падкрэслівае намеснік старшыні АГП.

З аднаго боку, лідары тытульнай апазіцыі ўпэўнена пацвердзілі: яны ведаюць, што робяць. З іншага — нельга не прызнаць, што сённяшні «Чарнобыльскі шлях» быў ледзьве не самым малаколькасным за ўсю ягоную гісторыю. І казаць пра «абсалютнае нерасчараванне» ўсё ж не выпадае.

Але як ва ўлады няма іншага народа, так у народа няма і іншай апазіцыі. Усе апошнія спробы стварыць «народную апазіцыю» сканчаліся безвынікова: узгадаем, напрыклад, ініцыятыву былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна з ягонай «Воляй народу», да гэтага ж можна аднесці і «новую большасць» той жа кампаніі «Гавары праўду», і безліч іншых падобных ініцыятываў. І калі «выдаліць» старую апазіцыю, хто яе зменіць?

Каментаваць