Начная варта

Беларусь не бачыла за часы незалежнасці на сваёй зямлі не толькі кіраўнікоў Францыі і Германіі, але і такіх напружаных перамоваў. Нават Віскулі былі не такія нервовыя. Але прарыву не адбылося, і пра канец вайны казаць зарана.



Тое, што перамовы ў «нармандскім фармаце» будуць доўгія і няпростыя, было бачна яшчэ да прылёту сусветных лідэраў у Мінск. Да апошняга беларуская сталіца не ведала, ці адбудзецца сустрэча чатырох прэзідэнтаў. Пэўнасць была толькі з Пятром Парашэнкам, які адразу заявіў: ён гатовы ляцець хоць у Мінск, хоць у Астану, хоць да чорта на рогі, абы спыніць вайну. Прылёт жа астатніх лідэраў быў пацверджаны толькі ў 15 гадзінаў дня паседжання, 11 лютага. Адпаведна, сустрэча ніяк не магла пачацца раней за вечар.

Як зазвычай пісалася ў «Праўдзе» — «у аэрапорце іх сустракалі». Меркель і Аланда — хлебам-соллю. Уладзімір Пуцін мог разлічваць на тое, што яго сустрэне асабіста «лепшы брат і саюзнік» Аляксандр Лукашэнка. Аднак Лукашэнка ў аэрапорт не паехаў. Магчыма, для яго было больш важна паручкацца і перакінуцца словамі з Меркель і Аландам, што ён паспяхова і зрабіў. А магчыма, ён ведаў, што Пуцін — вечны «спаздун», заўсёды спазняецца, і невядома, калі прыляціць. Таму вырашыў пачакаць яго ў Палацы незалежнасці — там расійскі кіраўнік стопрацэнтова з’явіцца, калі б ён не прыляцеў.

У чарговы раз цудоўным перамоўшчыкам і сапраўдным дыпламатам паказаў сябе Пётр Парашэнка. Зразумела, што Пуцін выбіраў для перамоваў Мінск таму, што яму тут вельмі зручна і камфортна. Але Парашэнка прыляцеў зарання, і зрабіў так, каб расійскі прэзідэнт пачуваўся не асабліва ўпэўнена. Украінскі кіраўнік паразмаўляў з беларускім калегам, і абодва з задавальненнем канстатавалі на тэлекмеры, што паміж сінявокай і жоўта-блакітнай ніколі не было такіх добрых адносінаў, як зараз, вырашаныя ўсе спрэчныя пытанні, і гэтак далей. Паказаная ў навінах карцінка так і выпраменьвала задавальненне і аптымізм.

Не ведаю, ці глядзеў Пуцін гэтыя навіны, але пачуваўся ён — не вельмі. Таму што, падаецца, упершыню ў Беларусі ён адчуў сябе не ў галоўнай ролі. Лукашэнка, безумоўна, надаваў больш увагі лідэрам Францыі і Германіі. І гэта зразумела і прадказальна: ён іх ніколі не бачыў, і імкнуўся стварыць самае лепшае ўражанне. Пра Пуціна ён проста забыўся.

Перад рассадкай за стол перамоваў сталася так, што Лукашэнка, размаўляючы з Ангелай Меркель, трымаўся за спінку крэсла, у якім павінен быў сядзець Пуцін. Уладзімір Уладзіміравіч паспрабаваў пасунуць крэсла, але Аляксандр Рыгоравіч Пуціна проста не заўважыў і крэсла «не аддаў». Кіраўнік Расіі вымушаны быў чакаць, пакуль гэтая размова скончыцца, каб нарэшце пасядзець. Канешне, кур’ёз, але відавочна фігуральны малюнак таго, хто ў Мінску быў на першым месцы.

Пуцін так нерваваўся напачатку перамоваў, што вярцеў у руках асадку, ды выпадкова зламаў яе.

Падавалася, што нервавацца няма чаго. Напярэдадні мінскіх перамоваў Меркель і Аланд наведалі Маскву і Кіеў, таму, пэўна, нейкія папярэднія дамоўленасці павінны былі існаваць. Журналісты спадзяваліся, што перамовы, якія пачаліся а шостай гадзіне вечара, скончацца хаця б да 12-й ночы. Але недзе а дзесятай ім паведамілі — гэта надоўга. Як мінімум да чатырох гадзінаў ранку. У некатрых гэта выклікала нярвовы зрыў: карэспандэнт Lifenews пачаў гаўкаць на калегаў. Прычым, гаўкаць літаральна: «гаў-гаў». Ахова кіраўніка Беларусі прывяла яго ў пачуццё.

Беларускія ж журналісты аказаліся не толькі больш моцныя, але і нават аптымістычныя. «Гэта ж трэба! Я яшчэ ніколі не начавала ў палацы!», — напісала ў Facebook карэспандэнтка «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Ірына Козлік.

Але і а палове чацвертай ночы прадстаўнікам прэсы паведамілі, што «гэта зацягнецца яшчэ гадзінаў на пяць-шэсць». Аказалася, і гэта быў аптымістычны прагноз. А дзесятай гадзіне ранку здавалася — ўсё. Прэзідэнты пакінулі пакой перамоваў. Але гэта быў толькі перапынак на сняданак: праз 15 хвілінаў дыскусіі працягнуліся. Пётр Парашэнка, у адрозненне ад іншых, паспеў сказаць журналістам, што ўсё цяжка — Пуцін высунуў непрымальныя ўмовы.

Па-першае, Расія не збіраецца выводзіць сваіх вайскоўцаў і тэхніку з Украіны, сцвярджаючы, што яе салдаты там не ваююць. Па-другое, Украіна хоча аднавіць кантроль над мяжой, каб спыніць паток зброі і баевікоў з РФ, аднак Расія лічыць, што ключавыя кропкі мяжы павінны кантраляваць сепаратысты. Па-трэцяе, украінскі бок не супраць даць Данбасу шырокую аўтаномію, аднак Расія патрабуе нейкіх «гарантый», а таксама зняцця «фінансавай блакады» на Усходзе Украіны. Чаму Украіна павінна выплочваць грошы тым, хто называе яе «фашысцкай хунтай» і страляе ва ўкраінскіх салдат — загадка.

Тым не менш, аптымізму надавала тое, што, па некаторых звестках, памочнік Пуціна Уладзіслаў Суркоў павёз «папярэднія дамоўленасці» на подпіс «кіраўнікам ДНР і ЛНР», якія таксама чакалі раўэння ў Мінску, седзячы тут ужо трэці дзень у межах кантактнай групы з удзелам АБСЕ. Але амаль адразу ж ТАСС паведаміў, што Захарчанка і Платніцкі адмовіліся гэты пратакол падпісваць.

Праз 18 гадзінаў перамоваў, а 12-й гадзіне 12 лютага да журналістаў выйшаў Пуцін і заявіў пра заканчэнне перамоваў. Між тым, іх вынік можна з упэўненасцю назваць «папярэднім». Бакі дамовіліся пра спыненне агню з 0 гадзін 15 лютага, пра адвод цяжкага ўзбраення ад сённяшняй лініі сутыкнення — для украінскіх сілаў, і ад лініі, зафіксаванай у дамове ад 19 верасня, — для сепаратыстаў.

Пуцін таксама заявіў, што быў абмеркаваны комплекс невайсковых пытанняў – канстытуцыйная рэформа ва Ўкраіне, памежныя і гуманітарныя пытаньні,, а таксама імпліментацыя раней прынятага закону пра асаблівы статус Данбасу і комплекс пытанняў эканамічнага і гуманітарнага характару.

Закавыка яшчэ ў тым, што сепаратысты сцвярджаюць пра «Дэбальцаўскі кацёл»: нібыта яны атачылі групоўку ўкраінскіх войскаў у складзе 6–8 тысяч чалавек. «І яны зыходзяць з таго што гэтая групоўка спыніць супраціў і складзе зброю. Прадстаўнікі Украіны мяркуюць, што атачэння няма. Заклікаем праяўляць стрыманасць. Зрабіць усё, каб развядзенне тэхнікі адбылося без лішняга кровапраліцця. У мяне ёсць сумневы — калі такое акружэнне ёсць, то тыя, хто ў акружэнні, будуць вырывацца. Мы дамовіліся з Парашэнкам, што ваенныя эксперты высветляць, што адбываецца на самой справе. Заклікаю да міру і спыніць кровапраліццё», — скаўзаў Пуцін.

Як бачым, засталіся невырашанымі галоўныя пытанні: кантроль Украіны над мяжой, які, па мемарандуме, магчымы толькі пасля выбараў на Данбасе і спыненне паставак расійскай зброі ва Украіну. А значыць, пра канец вайны казаць зарана, і працяг перамоваў непазбежны.

Чытайце таксама:  Выйграе Мінск 

Каментаваць