Разабрацца ў начной правакацыі супраць Міхаіла Жамчужнага

У адным са сваіх лістоў да праваабаронцы Таццяны Рэвяка палітвязень Міхаіл Жамчужны ў некалькіх словах ўзгадаў пра інцыдэнт, які здарыўся з ім у папраўчай калоніі №14 у Навасадах, дзе ён адбывае пакаранне.
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

“З нагоды маёй заявы пра бяспечныя ўмовы ўтрымання, па інцыдэнту у ноч пасля візіту адваката: мне іх ніхто не забяспечыў… Выклікаў толькі аператыўнік, пацікавіўся: “Як справы?” і паведаміў, што старонніх на тэрыторыі папраўчай калоніі быць не магло. Але ж камера відэаназірання ўсё пісала…”

Відавочна, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны пра гэтае здарэнне пісаў больш падрабязна ў ранейшым лісце, аднак карэспандэнцыя на волю не дайшла.

Таццяна Рэвяка, што занепакоілася наконт бяспекі палітвязня, звярнулася са зваротам да начальніка Упраўлення Дэпартамента выканання пакарання па Мінску і Мінскай вобласці, у якім паведаміла аб тым, што ў ноч з 23 на 24 студзеня 2017 года з М. Жамчужным адбыўся нейкі інцыдэнт, у выніку якога зняволены быў вымушаны звярнуцца з заявай аб бяспечных умовах утрымання:

“Сутнасць таго, што адбылося з М. Жамчужным мне не вядомая, паколькі ліст ад 25 студзеня 2017 года, адрасаваны мне Жамчужным, у якім утрымлівалася інфармацыя аб гэтым інцыдэнце, мной не быў атрыманы. Аб канфіскацыі гэтага ліста з перапіскі Жамчужны адміністрацыяй калоніі інфармаваны не быў. У забеспячэнні бяспечных умоў утрымання М. Жамчужнаму было адмоўлена”.

Праваабаронца просіць правесці праверку інцыдэнту, які адбыўся з М. Жамчужным ў ноч з 23 на 24 студзеня 2017 года ў ПК-14, абавязаць адміністрацыю калоніі забяспечыць бяспечныя ўмовы ўтрымання, якія б не пагражалі ягонаму жыццю і здароўю а таксама правесці праверку законнасці дзеянняў адміністрацыі ПК-14 па канфіскацыі карэспандэнцыі зняволенага і карэспандэнцыі, якая накіроўваецца гэтаму вязню.

Цягам бліжэйшага часу павінен адбыцца суд па змене па змене рэжыму ўтрымання Міхаілу Жамчужнаму: яму пагражае накіраванне ў турму тэрмінам на 3 гады.

Таццяны Рэвяка

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

spring96.org

 

Каментаваць