Нафта — гэта яшчэ не ўсё

Канец месяца быў вельмі багаты на падзеі. Лукашэнка лётаў у Астану для размоў з Назарбаевым і Пуціным. Але больш выніковай стала ягоная сустрэча з прэм’ерам Расіі ў Мінску. Мядзведзеў так казаў пра ЕЭС, што беларускі кіраўнік быў проста ў захапленні.



Фота www.qwas.ru/


А Мядзведзеў пры гэтым проста паведаміў, што ў выпадку стварэння ЕЭС Расія гатовая адмовіцца ад эканамічных бар’ераў і тарыфнага рэгулявання з краінамі — удзельніцамі ЕЭС. «Наша інтэграцыйная структура патрабуе адмовы ад эканамічных бар’ераў. Гэта вельмі цяжка, але, калі мы хочам інтэграцыю, нам прыйдзецца гэта зрабіць, нават нягледзячы на тыя страты, якія панясуць эканомікі нашых краінаў. У Расіі гэта разумеюць і гатовыя несці страты, разумеючы, што канцавы вынік будзе яшчэ лепш», — сказаў Мядзведзеў аб стварэнні ЕЭС з 1 студзеня 2015 года. Пра якія менавіта вынікі і страты ідзе размова, Мядзведзеў тактоўна не ўдакладніў.

Але Аляксандр Лукашэнка ўхапіўся за гэтыя словы, нібы тапелец за выратавальны круг. Ён адразу ж заявіў, што Беларусь будзе атрымліваць нафту ад Расіі па ўнутрырасійскіх коштах, і што «максімум да 1 студзеня 2015 года практычна ўсе тарыфныя абмежаванні, у тым ліку ў нафтавай сферы, будуць знятыя».

Канешне, тут Лукашэнка, як кажуць, у сваім амплуа. З перапрацоўкі мільёна тонаў расійскай нафты Беларусь, па падліках эканамістаў, мае да 500 мільёнаў долараў. Канешне, пры зніжэнні кошту на нафту і вольны продаж яе за мяжу, без «тарыфнага» звароту мытных пошлінаў Расіі нашая краіна проста расквітнее. Таму менавіта адмена «нафтавага тарыфу» найперш і найбольш важная для «беларускага эканамічнага цуду».

Але ж Лукашэнка паспяшаўся з плясканнем у ладкі. Па-першае, Мядзведзеў нічога не абяцаў. Заўважым, што, кажучы пра тарыфы, ён ані словам не абмовіўся наконт таго, у якой галіне гэтае тарыфнае рэгуляванне можа быць знята. Па ўмаўчанні, можна, канешне, зразумець, што гэта будзе тычыцца і нафты. Але ж, па-другое, «разумець», не значыць «зрабіць». Магчымасць зняцця тарыфаў — гэта не зняцце тарыфаў. Так што радавацца вельмі рана.

Ёсць і «па-трэцяе», што адзначаюць шмат якія эксперты. Справа ў тым, што ў нас няма праблемаў з дамоўленасцямі. Вялікую праблему для нас складаюць не самі дамоўленасці, а рэалізацыя гэтых дамоўленасцяў. Варта толькі парыцца на прасторах інтэрнэта, і мы заўважым, што «няма нічога новага пад сонцам».

Прыкладам, у 2003 годзе прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны дамовіліся падпісаць пагадненне пра Адзіную эканамічную прастору. Пагадненне было скіраванае на правядзенне ўзгодненай эканамічнай палітыкі, адным з накірункаў якіх было стварэнне адзінай рэгулюючай міждзяржаўнай незалежнай камісіі па гандлю ды тарыфам. Дзесяць гадоў прайшло — і што ў нас з гандлем і тарыфамі? Зноўку вяртаемся да пытання?

Гэта толькі адзін прыклад, а колькі іх было за нашу гісторыю адносін з Расіяй! І ў межах Саюзнай дзяржавы, і ў межах ЕЭП, і ЕўрАзЭС, і Мытнага саюза… Зараз — ЕЭС. Колькі яшчэ будзе?

Варта зазначыць і тое, што, калі Мядзведзеў казаў пра тарыфы, ён казаў «нам». «Нам» — гэта значыць, не толькі Расія. І Беларусь, і Казахстан.

Што ж Расія ў чарговы раз можа «адцяпаць» у Беларусі? Найперш, эксперты кажуць, што ў абмен на зняцце тарыфаў Расія будзе яшчэ раз прыспешваць «сінявокую» з прыватызацыяй «фамільнага срэбра». Але Расія патрабуе гэта ўвесь час. Пакуль не вельмі паспяхова.

А вось што тычыцца тарыфаў, то тут, сапраўды, патрабаваць ёсць чаго. Як ні дзіўна, Беларусь доўга і даўно «пракідвае» бліжэйшага стратэгічнага партнёра і саюзніка на сваім рынку. І Расія таксама даўно незадаволена гэтым.

Выглядае гэта не вельмі гучна. Усё ж гэта не «малочныя», «газавыя», альбо «цукровыя» войны, але ж… У свой час Мінэканомразвіцця Расіі падрыхтавала спецыяльны даклад аб тым, як дыскрэдытуюцца расійскія тавары на міжнародных рынках. Лідарам па дыскрымінацыі стала саюзная Беларусь. «Сінявокая» прыняла 23 самыя розныя дыскрымінацыйныя меры ў адносінах да расійскіх тавараў, пачынаючы ад спецыяльна складзеных умоваў тэндэраў дзяржзакупак, па якіх у першую чаргу набываюцца айчынныя ды «імпартазамяшчальныя» тавары, і заканчваючы негалоснымі распараджэннямі мясцовых органаў улады дырэктарам крамаў прыхаваць расійскі тавар у якое-небудзь цёмнае месца, каб яго не было бачна на паліцах. Дарэчы, на другім месцы апынуўся «варожы» ЕС, з усяго толькі 17-ю мерамі.

Са стварэннем Мытнага саюза нішто не змянілася. Паводле дадзеных за 2012 год, у Беларусь было пастаўлена з Расіі толькі 2,1 тысячы трактароў, тады як з Беларусі ў Расію — 59,5 тысячы. «Росаграмаш» паскардзіўся з гэтай нагоды ў Еўразійскую эканамічную камісію. У скарзе гаворыцца, што Беларусь праводзіць конкурсы на закупку сельгастэхнікі такім чынам, каб пераможцам выступіла беларуская кампанія. З падобнымі прэтэнзіямі выступіў і адзін з найбуйнейшых расійскіх перапрацоўшчыкаў рыбы «Вічунай-Русь». На іх думку, з-за таго, што ў Беларусі дзейнічаюць абмежаванні на імпарт рыбных вырабаў, доля расійскіх кампаній на беларускім рынку рыбы не перавышае 10%. У 2009–2010 гадах пра падобныя праблемы заяўлялі вытворцы расійскіх камбайнаў.

У той жа час Расія ўступіла ў СГА, чым спарадзіла частковую страту расійскага рынку для беларускай сельгастэхнікі: забітыя трактарамі склады МТЗ таму яскравы доказ. З таго ж плану і распараджэнне Лукашэнкі прадаваць тэхніку айчынным калгаснікам з адтэрміноўкай і ў крэдыт. А калі мы парытэтна запусцім на наш рынак расійскіх вытворцаў камбайнаў ды трактароў, ці не прыйдзе гамон нашаму МТЗ?

Мары Лукашэнкі пра нафту могуць пусціць пад адхон пару-тройку дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў. Калі, канешне, кіраўнікі Расіі і Беларусі, ачомаўшыся, не тарпедуюць і гэтыя пагадненні.

Каментаваць