Нагоды для аптымізму

Мы тут пішам пра эканоміку, палітыку, глабальныя праблемы і гэтак далей. А краіна, насамрэч, жыве зусім іншым. Людзі глядзяць матчы Чэмпіянату Еўропы па футболе і рыхтуюцца да больш маштабнага відовішча — Алімпіяды ў Рыа.
Фота www.gapp.az

Але нам не трэба чакаць асаблівых спартовых дасягненняў на Алімпіядзе. Частка нашых спартоўцаў увогуле можа не прыняць у ёй удзел. Як стала вядома, пасля пераправеркі проб, узятых ва ўдзельнікаў летніх Алімпійскіх гульняў–2012 у Лондане, ва ўжыванні допінгу былі абвінавачаныя беларускія цяжкаатлеты Марына Шкерманкова, Дзіна Сазанавец і Яўген Жарнасек. Пры наяўнасці трох і больш спартсменаў, якія трапіліся на допінгу, федэрацыя на год можа быць адхіленая ад спаборніцтваў.

Апроч таго, вельмі цікавая ў нас сітуацыя з развіццём спорту. Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту Генадзь Загародны, структура дагэтуль не мае свайго памяшкання. Цэнтр, які складаецца з двух будынкаў на скрыжаванні вуліц Нарачанскай і Ціміразева ў Мінску, планавалі здаць у эксплуатацыю да 1 студзеня 2016 года. Чатырохпавярховы будынак гатовы на 90%, сяміпавярховы — на 25%. Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава яшчэ 3 лютага заявіла на калегіі Мінспорту, што працягваць будаўніцтва для РНПЦ спорту «няма эканамічнай магчымасці».

27 чэрвеня Лукашэнка правёў нараду аб падрыхтоўцы спартсменаў да Алімпійскіх гульняў. «Магчыма, сітуацыя атрымае іншы характар. Добрыя вынікі спартсменаў ускосным чынам дазволяць дабудаваць іх», — адз­начыў Загародны.

Дзіўная краіна, дзіўныя рашэнні. Мне адразу ўзгадалася сітуацыя ў нямецкім футболе ў 1970-х гадах, калі Германія страціла лідарства. Тады нямецкі ўрад пачаў выдаткоўваць грошы на развіццё футболу, асабліва масавага, і немцы вярнуліся на вышэйшыя прыступкі ў гэтым спорце. То бок, калі паказчыкі на Алімпіядзе кепскія, трэба развіваць масавы спорт, будаваць аб’екты, ствараць умовы для развіцця новых талентаў і вырошчваць новых чэмпіёнаў. У нас жа наадварот: калі паказчыкі добрыя — дамо дазвол на будоўлю, а калі кепскія — не дамо. Хай так кепскімі і застаюцца — з-за адсутнасці інфраструктуры.

У чарговы раз парадавала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Грунтуючыся на дадзеных афіцыйнай статыстыкі, яно канстатавала зніжэнне каэфіцыента напружанасці на рынку працы. Гэты каэфіцыент — адносіны колькасці зарэгістраваных беспрацоўных да колькасці вакансій — знізіўся з 1,7 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 чэрвеня 2015-га да 1,5 — на 1 чэрвеня гэтага года. Пры гэтым попыт на працоўную сілу ў студзені-маі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас, адзначаюць у міністэрстве. «На канец мая 2016 года ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне паступілі звесткі аб наяўнасці 34,8 тысячы вакансій, што склала 134,5% да ўзроўню 2015 года», — гаворыцца ў аглядзе сітуацыі на рынку працы, які падрыхтавала Мінпрацы.

Паводле дадзеных міністэрства, колькасць асоб, якія рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных, у параўнанні з мінулым годам зменшылася.

На месцы Мінпрацы я б не быў такім аптымістам. З-за чаго ўзнікла «хваля беспрацоўных» у мінулым годзе? Ды з-за таго, што людзі былі напалоханыя «падаткам на дармаедства», і шмат хто вырашыў пазбавіцца гэтай праблемы шляхам рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага. Па меркаванні старшага даследчыка Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE-Беларусь) Уладзіміра Валеткі, да 90% росту беспрацоўя ў мінулым годзе было выклікана менавіта з’яўленнем дэкрэту пра дармаедства.

Зараз «дармаеды» спынілі сваю рэгістрацыю ў цэнтрах занятасці. За 10 месяцаў — са жніўня мінулага года па май гэтага — пра сваё дармаедства заявілі толькі 3818 беларусаў. Хаця чыноўнікі абяцалі нам не менш за 400 тысяч «дармаедаў».

Да таго ж — лета, час адпачынкаў. Працадаўцы на месца сыходзячых на вакацыі сталых супрацоўнікаў бяруць людзей папрацаваць «часова». Акрамя таго, «новыя беспрацоўныя» лічаць за лепшае не шукаць працу зараз, а з’ехаць на лецішча, палоць гароды. Бо тады яны ўзімку гарантавана будуць з агуркамі і бульбай, а тут невядома яшчэ, падвернецца ім за лета праца альбо не. Заканамерна вырастае попыт сельскагаспадарчых арганізацый на сезонную працу па зборы ягад, яблыкаў і іншых дарункаў прыроды. Таму і прапанова на рынку працы расце. Як сезон скончыцца, усё будзе не так аптымістычна, як піша зараз Мінэканомікі.

Другая добрая навіна ад Мінпрацы: яно ўрэшце вырашыла разабрацца, чаму дапамога па беспрацоўі складае не­дзе каля 13 долараў у эквіваленце (у маі 2016 года — 265,6 тысячы рублёў па афіцыйных звестках). Паводле начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алега Такуна, для асобных катэгорый беспрацоўных плануецца павысіць дапамогу да памеру 100% бюджэту пражытачнага мінімуму (на сёння ў сярэднім 1 699 430 рублёў). Ужо рыхтуецца адпаведны праект нарматыўна-прававога акта. Грошы атрымаюць тыя, хто страціў працу ў выніку вызвалення, скарачэння колькасці штата работнікаў, ліквідацыі прадпрыемства.

У перспектыве плануецца ўкараніць сістэму страхавання па беспрацоўі, і ў наступным годзе нам абяцаюць распрацаваць і ўнесці ва ўрад нарматыўна-прававы акт аб гэтай страхоўцы. Застрахаваны, мяркуецца, пры страце працы па незалежных ад яго прычынах будзе атрымліваць дапамогу ў памеры да 70% ад страчанага заробку, паведаміў Такун.

Праўда, нам не кажуць, што ў такім выпадку будзе з фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Зараз мы плацім у яго 35% заробку (1% непасрэдна працоўны і 34% — наймальнік), і гэты фонд павінен нам забяспечыць не толькі пенсіі, але і дапамогу па беспрацоўі. Ці знізіцца гэты паказчык (а значыць, мы больш будзем атрымліваць грошай), альбо «страхоўка ад беспрацоўя» стане яшчэ адным дадатковым падаткам?

Усё ж ёсць нагоды для аптымізму. Галоўнае, каб рабілася ўсё па розуме, а не так, як заўсёды.


Каментаваць