Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Белавежскія пагадненні — найлепшы падарунак для Беларусі

Роўна 25 гадоў таму ў гэтыя жа снежаньскія дні сканаў СССР. 8 снежня 1991 года Беларусь атрымала нечаканы калядны падарунак, якім пакуль так і не здолела напоўніцу скарыстацца.

Трохі ўспамінаў

У гэтыя дні кожны, мусіць, прыгадвае, як гэта было для яго асабіста.

Для мяне раніца 8 снежня 1991 года запомнілася найперш жудасным жаданнем спаць. Але заняткі ва ўніверсітэце ніхто не адмяняў, а першакурснікам у той час прагульваць было не дазволена. Адчайна пазяхаючы, скрозь пахмурную раніцу паехаў ва ўніверсітэт — заняткі ў нас пачыналіся ў 8.30, крыху пазней, чым ва ўсім БДУ, наш вучэбны корпус месціўся за горадам.

Наступнае я, аднак, запомніў вельмі выразна — такое заўсёды бывае ў па-сапраўднаму пераломныя дні. Першай парай ішоў семінар па «гісторыі айчыны» — гэта ў той час быў, мусіць, самы палітызаваны прадмет. Я разлічваў на першай пары банальна паспаць. Але, зайшоўшы ў аўдыторыю пачуў:

Дзяніс, ты ведаеш, стары СССР разбурылі, а замест яго стварылі новы. У ім толькі Расія, Беларусь і Украіна. А сталіца зараз у Мінску.

— Што за дурасці з самай раніцы?

— Праўду табе кажу!

Выкладчык і іншыя студэнты згодна заківалі. Зрэшты, у той дзень мы гэтую тэму неяк нават і не абмяркоўвалі. Поўнае ж усведамленне таго, што адбылося, прыйшло нашмат пазней, 25 снежня ў 19 гадзін 45 хвілін, калі ў прамым тэлевізійным эфіры над Крамлём быў спушчаны сцяг СССР. Што стала, пэўна, самым лепшым калядным падарункам у гісторыі Беларусі.

Сёння гэта ўспамінаецца з усмешкай, але тады мы сапраўды ўспрымалі ўсё менавіта так: СНД як новы СССР, а Мінск — яго сталіца. Але не магу сказаць, што гэта выклікала нейкі жывы водгук у душах людзей. Пэўна таму, што на фоне стрэсу ад падзей з 19 па 25 жніўня тое, што рабілася ў снежні, ужо не падавалася настолькі значным. Ну, Шушкевіч, Ельцын і Краўчук… Ну, дамовіліся пра нешта паміж сабой і не дамовіліся з Гарбачовым… Ад СССР была ўжо толькі адна стомленасць, таму спуск чырвонага сцяга нават не выклікаў нейкіх празмерных эмоцый.

Як і здабыццё незалежнасці. З аднаго боку, мы і так ужо адчувалі сябе грамадзянамі незалежнай дзяржавы. З іншага боку, ніхто — прынамсі, у маім асяроддзі, — не мог выразна адказаць на пытанне: «І што зараз?». Магу толькі сказаць, што і страху не было — ён увесь застаўся там, у жніўні 1991-га. Была стомленасць і чаканне Новага году.

Незапланаваная незалежнасць

Праз шмат гадоў, калі я стаў журналістам і неаднаразова сустракаўся, гутарыў са Станіславам Шушкевічам, у яго расповедах пра снежань 1991-га я рэгулярна чуў адно і тое ж: «Мы ехалі ў Віскулі зусім па іншай падставе, у нас і ў думках не было распускаць СССР, ствараць СНД».

І на самай справе, давайце паглядзім на храналогію падзей. 14 лістапада 1991-га кіраўнікі сямі з 12-ці саюзных рэспублік (Расія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан) і прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў заявілі пра сумесныя планы скласці дамову аб стварэнні ССД — Садружнасці Суверэнных Дзяржаў, якая павінна была прыйсці на змену СССР. Падпісанне новай «саюзнай дамовы» было прызначана на 9 снежня. Чакалі згоды з боку Украіны.

Аднак 1 снежня ва Украіне адбыўся рэферэндум, на якім народ большасцю падтрымаў Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны ад 24 жніўня 1991-га. Барыс Ельцын адразу ж зрабіў заяву аб прызнанні незалежнасці Украіны, аб намеры ўсталяваць з ёй дыпламатычныя стасункі і скласці ўсёабдымную двухбаковую дамову.

4 снежня «Незалежная газета» са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта РСФСР паведаміла, што Барыс Ельцын 6 снежня адпраўляецца ў Мінск. «Прэсу расійскі лідар супраць звычаю браць не збіраецца, таму што плануе акрамя афіцыйных таксама неафіцыйныя перамовы. У гэты ж час, як стала вядома з пэўных крыніц, у Мінск прыедзе і прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук», — гаварылася ў артыкуле.

5 снежня Ельцын сустрэўся з Гарбачовым для абмеркавання перспектыў ССД у сітуацыі, калі народ Украіны настойвае на яе незалежнасці. Пасля сустрэчы ён заявіў журналістам, што «без Украіны саюзная дамова губляе ўсякі сэнс».

Пазней Станіслаў Шушкевіч так апісваў тое, што адбывалася:

«Мы (Ельцын, Краўчук, Шушкевіч і прыбылыя з імі асобы) спаткаліся 7 снежня 1991 года ў Віскулях, каб абгаварыць пытанні паставак нафты і газу ва Украіну і ў Беларусь». Па ўспамінах Шушкевіча, «нават збіраючыся ў Белавежскай пушчы па маім запрашэнні, мы першапачаткова не мелі намеру прымаць рашэнне аб выхадзе з СССР. Такіх нарыхтовак не было ні ў мяне і нашай дэлегацыі, ні, думаю, у іншых таксама». Трохі інакш апісваў становішча Леанід Краўчук: «Тэма спачатку была названая так: прыняць нейкую дэкларацыю або заяву наконт таго, што нова-агароўскі працэс зайшоў у тупік і што нам трэба шукаць нейкія новыя падыходы, рашэнні. <…> Мы пачалі рыхтаваць дакумент і пераканаліся, што проста дэкларацыяй, як першапачаткова меркавалася, не абысціся».

Вячаслаў Кебіч, які ў той час узначальваў беларускі ўрад, сцвярджае, што ініцыятарам Белавежскіх дамоваў выступіла расійская дэлегацыя, а само падпісанне было спантанным. Па яго словах, «усё гэта ведаў адзін Ельцын». Пры гэтым і Кебіч таксама ўпэўнены, што «ўся гэтая паездка задумвалася не з мэтай падпісання гэтай дамовы (аб распадзе СССР)», бо ні сам Кебіч, «ні Шушкевіч, ні Краўчук, ні Фокін з украінскага боку не ведалі, што будзе падрыхтаваны і падпісаны такі дакумент». Аказалася, што «расійская дэлегацыя з Шахраем, Шохіным, Бурбулісам прыехала толькі з папярэднім планам: калі справа будзе выгараць, калі будзе згода з боку Украіны, то можна будзе падпісаць дакумент». Кебіч растлумачыў, што расійскаму боку патрабавалася згода Украіны з-за таго, што «кантакт з Шушкевічам у Ельцына быў, а вось з Краўчуком у Ельцына склаліся нацягнутыя адносіны».

З усіх гэтых апісанняў падзей, што адбываліся ў тым снежні, добра бачныя некалькі важных момантаў.

Па-першае, больш-менш выразнага плану дзеянняў не было ні ў каго. Па сутнасці, усе дзейнічалі па сітуацыі, ва ўмовах хаосу.

Па-другое, усе ўдзельнікі тых падзей разумелі, што Савецкі Саюз скончыўся, — але не ведалі, як гэта юрыдычна аформіць. Проста дэнансаваць дамову 1922 года было нельга — саюзныя структуры, найперш сілавыя, яшчэ існавалі не толькі фармальна, так што ўзнікала вялікая рызыка грамадзянскага канфлікту. Дый простыя грамадзяне хоць і галасавалі за незалежнасць, псіхалагічна яшчэ адчувалі сябе грамадзянамі СССР. І было складана прадказаць, чый бок яны зоймуць, калі пачнецца сур’ёзнае супрацьстаянне.

СНД у той момант з’явілася як свайго кшталту «дэмпфер», закліканы змякчыць удар, шок ад распаду СССР. Інакш кажучы, дзякуючы СНД у той момант распад СССР выглядаў не як аднамомантная падзея, а як працэс трансфармацыі Саюза ў нейкае іншае аб’яднанне рэспублік.



Без Казахстана

На наступны дзень Гарбачоў выступіў з заявай пра тое, што кожная саюзная рэспубліка мае права выхаду з Саюза, але лёс шматнацыянальнай дзяржавы не можа быць вызначаны толькі воляй кіраўнікоў трох рэспублік — гэта пытанне павінна вырашацца толькі канстытуцыйным шляхам з удзелам усіх саюзных рэспублік і з улікам волі іх народаў. Аднак яго тады ўжо мала хто слухаў.

Іншае пытанне — чаму ў Віскулях тады не было яшчэ і кіраўніка Казахстана. Сам Назарбаеў пазней не раз сцвярджаў, што «ніколі б не падпісаў такую дамову, як Белавежская». Аднак у расповедзе Шушкевіча ўсё выглядае так:

«Калі мы (Ельцын, Шушкевіч, Краўчук) памкнуліся ўсе ехаць у Белавежскую пушчу, Назарбаеў, наадварот, паляцеў у Маскву. Мы звязаліся з яго самалётам, і Барыс Мікалаевіч, як вялікі сябар, стаў клікаць яго: «Нурсултан, прыязджай, мы тут збіраемся важныя пытанні вырашаць». Была ўключаная гучная сувязь, і мы ўсе чулі, як Назарбаеў сказаў: «Так, зараз. Заправімся, і я прылячу». Але ў Маскве… Назарбаеў прыехаў да Гарбачова і сумняваўся, чыя возьме — ці то Гарбачова, ці то наша. Міхаіл Сяргеевіч вельмі жадаў, каб Назарбаеў быў з ім, і паабяцаў яму ў выпадку поспеху пасаду старшыні Вярхоўнага Савета СССР (вакантную пасля арышту Лук’янава). І Назарбаеў, як чалавек усходні і мудры, адкруціўся ад нашай сустрэчы».


Для даведкі:

8 снежня 1991 года вышэйшыя службовыя асобы і кіраўнікі ўрадаў трох саюзных рэспублік: Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс (РСФСР), Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч (БССР), Леанід Краўчук і Вітольд Фокін (Украіна) падпісалі так званае Белавежскае пагадненне.

Прэамбула дакумента канстатавала, што «Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». Артыкул 1-ы абвяшчаў: «Высокія дагаворныя бакі ўтвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў» (СНД).

Пагадненне заяўляла пра імкненне развіваць супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай, культурнай і іншых галінах. Артыкул 14-ы вызначаў Мінск «афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў садружнасці».

10 снежня — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Белавежскія пагадненні.



Каментаваць