Напалову ў саюзе

Аляксандр Лукашэнка, падпісаўшы дамову пра ЕАЭС, усё ж «недадавіў» свайго партнёра па інтэграцыі Уладзіміра Пуціна. Трэба было б яшчэ крышачку націснуць, але на гэта не хапіла часу.



Фота: president.gov.by


Кіраўнік Беларусі літаральна ў дзень падпісання дамовы казаў пра незадаволенасць праектам ЕАЭС. «Не сказаць пра тое, што некаторая незадаволенасць маецца, я не магу», — сказаў ён у чацвер на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Відавочна, што гэтая незадаволенасць выкліканая вынясеннем «за межы» дамовы пытання аб зняцці мытных пошлінаў на рээкспарт расійскіх нафтапрадуктаў. Гэта б дазволіла Беларусі не пералічваць у расійскі бюджэт каля 4 мільёнаў долараў экспартнай пошліны.

Галоўным у пасяджэнні ў Астане для Беларусі было не падпісанне ЕАЭС, а менавіта «нафтава-пошліннае пытанне». І гэтае пытанне беларускаму боку ўдалося вырашыць толькі напалову. Былі падпісаныя два пратаколы: аб унясенні зменаў у пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў, а таксама аб унясенні зменаў у пагадненне аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін пры вывазе з Беларусі за межы тэрыторыі Мытнага саюза сырой нафты і нафтапрадуктаў.

Як растлумачыў журналістам намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, у 2014 годзе Беларусь будзе пералічваць экспартныя пошліны ў бюджэт Расіі ў поўным аб’ёме. У 2015 годзе ў бюджэт Беларусі будзе залічана 1,5 мільярда долараў вывазных мытных пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай нафты.

Па словах Дзмітрыя Кійко, дамоўленасць разлічана на доўгатэрміновы перыяд практычна да выхаду на адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў. «Пры гэтым маецца досыць гнуткі механізм перагляду гэтых гранічных сум. Беларускі бок такі механізм разумее як магчымасць паэтапнай поўнай адмовы ад пералічэння вывазных мытных пошлін у расійскі бюджэт», — заявіў намеснік міністра.

Разам з тым Дзмітрый Кійко адзначыў, што задача-максімум складалася ў поўнай адмове ад пералічэння вывазных мытных пошлін на адпаведную прадукцыю ў бюджэт Расійскай Федэрацыі ўжо з 2015 года, што ў прынцыпе і мае на ўвазе эканамічны саюз. «Але, паколькі гэтае пытанне досыць адчувальнае і для Беларусі, і для Расіі, фарміраванне агульнага рынку адкладзена на досыць працяглы тэрмін. Суму ў 1,5 мільярда долараў мы разглядаем як першы этап выхаду на ўзаемаадносіны без гэтых абмежаванняў», — сказаў намеснік міністра.

Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка дамогся ад Пуціна толькі частковага зняцця мытных пошлінаў з нафты. Улічваючы, што агульны адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў мае стварыцца толькі ў 2020 годзе, усе гэтыя гады Расія ўсё ж будзе атрымліваць беларускую нафтавую пошліну, хоць і ў скарочаным памеры. Але і паўтара мільярды долараў у год за падпісанне ЕАЭС — таксама няблага.

Канешне, Беларусь можа разглядаць дасягнутыя дамоўленасці, як «гнуткі механізм перагляду» гэтай сумы ў бок змяншэння выплатаў Расіі. Але ці будзе гэтаксама разглядаць іх Расія — гэта вялікае пытанне. У той перыяд, калі з-за анексіі Крыму нашая «старэйшая сястра» губляе вялікія грошы, далібог, каб гэтыя «гнуткія механізмы» не ператварыліся ў адваротнае — адмову Расіі ад дасягнутых пагадненняў. Падаецца, што лепш бы такіх механізмаў не было б увогуле.

А калі Расія ўзбрыкне? Аляксандр Лукашэнка і тут пакінуў сабе поле для манеўра. Напярэдадні падпісання дамовы пра ЕАЭС, праводзячы нараду напярэдадні візіту ў Казахстан, ён прызнаў, што ў выпадку нейкіх «выбрыкаў» ягоны подпіс пад ЕАЭС можа лічыцца нядзейсным.

«Трэба выразна даць зразумець нашым партнёрам: калі нас задавальняюць нашы дамоўленасці на двухбаковай аснове, а гэта як дадатак да гэтай дамовы, задавальняюць яны нас у 2014 і 2015-м — дзякуй, добра, мы працуем як партнёры. Калі мы не дасягаем пагадненняў у будучыя гады (…) калі мы не дасягаем двухбаковых дамоўленасцяў — тады які эканамічны саюз? І гэта павінна быць дакладна і адназначна прапісана, каб нас потым не папракалі, што вы разумееце гэта так, а мы вось разумеем гэтак», — заявіў ён.

Так што мы зараз, як напалову знялі мытныя пошліны, так і «напалову ў ЕАЭС».

Абмеркаванне:

  • Пігулькін
  • 2014-05-31 23:30:37
Лепш скажыце, хто гэтых трох "выбірае"? І на якіх такіх "выбарах"?

Дамаўляюцца там самі сабе пра нешта, тройца хворых на ўладу.

Каментаваць