Напішыце палітвязням!

Кожны чалавек можа вельмі проста спыніць катаванні і здзекі ў турме. Кожны можа дапамагчы палітвязню маральна і выратаваць чалавека ад жорсткай дэпрэсіі, дадаць яму надзеі і моцы духу. Проста напішыце ім. Дашліце ліст.



Банальная фраза пра тое, што «жыццё не стаіць на месцы», не слушная. Для некаторых яно спынілася — і на даволі вялікі тэрмін. Пакуль астатні свет крочыць наперад, суперажывае Украіне, ставіць «лайкі» у Фэйсбуках і «посціць каменты» у сацыяльных сетках, для некага кожны дзень — гэта шэрыя сцены і гадзіна «выгула» на паветры ў тых жа шэрых сценах. Гэта я пра палітвязняў.

І, каб нагадаць пра іх, у Мінску прайшоў форум палітзняволеных. Зразумела, не сённяшніх, — тыя яшчэ сядзяць, а былых. Хаця, усе такія «былыя палітвязні» выдатна разумеюць, што ніхто не застрахаваны, каб не стаць палітвяўзнем яшчэ раз.

Неабходнасць гэтага форума адзін з ягоных арганізатараў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «неаднойчы палітвязень» Павел Севярынец растлумачыў проста: на палітвязняў усе забыліся. «Зараз, на фоне ўкраінскага крызісу, Еўропа размаўляе з Лукашэнкам. Туды-суды ездзяць эмісары, і гэтак далей. Аднак, раней Еўропа прымала прынцыповае рашэнне: ніякіх перамоваў з Лукашэнкам да тых часоў, пакуль не будуць выпушчаныя ўсе палітвязні», — адзначыў Севярынец.

Канешне, Украіна і вайна, спробы Еўропы любым чынам гэтую вайну спыніць, то з-за гэтага перамаўляцца можна з кім заўгодна, але, тым не менш, не павінна губляцца прынцыповая пазіцыя па беларускіх палітвязнях. А, на вялікі жаль, яна губляецца, адзначыў Севярынец.

Але форум праводзіўся не толькі для таго, каб нагадаць Еўропе пра яе абавязкі і рашэнні. Найперш, гэта і спосаб нагадаць пра палітвязняў беларускаму грамадству. Кінадакументалістка Вольга Мікалайчык адзначыла, што з цягам часу цікавасць да палітвязняў у грамадстве губляецца. Усё менш праводзіцца акцый у іх падтрымку, «знікае» перапіска, а грамадства як бы прызвычайваецца — ну, сядзіць сабе чалавек, і сядзіць, можа, хутка выйдзе, чакаем. «Людзі стаміліся змагацца за «сваіх», хто сядзіць у нашых турмах, якія нічым не адрозніваюцца ад ГУЛАГаўскіх», — зазначыла Мікалайчык.

З гэтай мэтай яна зрабіла 30-хвілінны фільм, у якім грамадскія актывісты і родныя палітвязняў распавядаюць (а дакладней — нагадваюць) пра сваіх сяброў і паплечнікаў.

А нагадаць гэта варта. Большасць палітвязняў зараз сядзяць у турмах з узмоцненым рэжымам адбыцця пакарання. Што гэта значыць? Гэта значыць стылая камера, для палітычных, як правіла — на аднаго чалавека, «каменны мяшок». Адна прагулка ў дзень у турэмным дворыку цягам паўгадзіны — гадзіну. Гэта адзін званок на месяц дадому, рэгулярныя праблемы з ліставаннем. Адна перадача на год, а калі палітвязень — «злосны парушальнік» (гэты ярлык наклейваецца вельмі проста), то і ніводнай. І адо спатканне з роднымі ў год — і тое праз шкло.

А калі гэта Яўген Васьковіч, які за час свайго яшчэ не скончанага заключэння адседзеў у штрафным ізалятары 247 сутак — амаль 9 месяцаў? Там умовы яшчэ горшыя, блізкія да катаванняў.

Лісты з волі — амаль адзіная радасць для «палітычнага» з такім рэжымам зняволення. Родныя палітвязняў кажуць, што лістоў да іх усё менш і менш: пішуць блізкія і сталыя сябры. Жонка Мікалая Дзядка Вера Хоціна адзначыла, што палітвязні ў Беларусі зараз не сканчаюцца, і грамадства ўжо пачало гэта ўспрымаць, як належнае. «Зараз салідарнасць — гэта прачытаць навіну пра палітвязня недзе на «Хартыі», рэпостнуць яе на сваю ленту ў Фэйсбуку і максімум яшчэ — напісаць нейкі слязлівы каментар. На гэтым салідарнасць сканчаецца, і, шчыра кажучы, мы ўсе ў гэтым вінаватыя. Таму, калі я чую нашыя водгукі і пасылы да міжнароднай супольнасці, мне смешна. Чаму людзі ў Амерыцы ці Еўропе павінны хвалявацца пра нашых палітвязняў, калі самі мы пра іх не хвалюемся», — адзначыла Вера.

Павал Севярынец адзначыў яшчэ адну рэч. Падаецца, палітвязняў няшмат: тры — чатыры на год. Але з гэтых «трох — чатырох» склалася такая сітуацыя, што праз турмы па палітычных матывах за гэтыя гады прайшлі каля трохсот чалавек! Уся сядзіба БНФ, дзе праводзілася мерапрыемства, была ўвешаная маленечкімі ўлёткамі з біяграфічнымі звесткамі былых палітвязняў.

«Палітычных» будзе яшчэ больш. Як адзначылі актывісты моладзевай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан і Ілля Дабратвор, у міліцыянтаў зараз пайшла новая «фішка». «Зараз, калі моладзевых актывістаў судзяць за «дробнае хуліганства», то ў пратаколах ім пішуць, што яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Тры — чатыры пратаколы з такім запытам, і гэта ўжо падстава для суду прымусова накіраваць чалавека ў ЛТП. Мы ўсе, а перш за ўсё, праваабаронцы, павінны звярнуць на гэта ўвагу, інакш праз год мы — усе, хто тут сядзіць, маем шанец правесці такую сустрэчу ў Светлагорскім ЛТП», — адзначыў Ілля Дабратвор.

А як дапамагчы гэтым палітвязням? Што можна зрабіць? Ды ўсё вельмі проста: проста напішыце ім ліст.

Прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна адзначыла, што колькасць лістоў да палітвязня вельмі ўплывае на яго статус у калоніі. «Да тых, да каго прыходзіць шмат лістоў, іншыя зняволеныя ставяцца больш спрыяльна і прыязна. Я ўпэўненая, што і адміністрацыя калоніі адсочвае колькасць лістоў, і ад гэтай колькасці залежыць і стаўленне адміністрацыі да чалавека. Чым больш да яго лістоў, тым больш да яго ўвагі, і тым менш у адміністрацыі жадання «дачапіцца» да чалавека ці ствараць яму непрыемнасці», — лічыць Красуліна.

«Што пісаць? «Трымайся!»? Гэта, кажуць, выклікае раздражненне. Распісваць, як ты правёў адпачынак, пэўна, таксама не трэба. Але знайсці словы, і нават не словы для чалавека можна», — кажа Красуліна. Пры гэтым яна адзначыла, што чыстыя капэрты і розныя нестандартныя і стандартныя паштоўкі ў турме — гэта такая ж своеасаблівая «валюта», як і ўсім звыклыя гарбата і цыгарэты. «Дастаткова ўкласці ў свой ліст тры каперты, дзве паштоўкі і напісаць нешта кшталту: «Ігар, дасыдаю табе дзве паштоўкі і тры каперты». За гэтыя паштоўкі, можа быць, чалавек лішні раз зможа пазваніць дадому», — адзначыла яна.

«Трэба проста быць больш актыўным, і не забывацца пісаць», — лічыць Красуліна.

Канешне, на форуме былі прынятыя і рэзалюцыі, і іншыя заявы, кшталту даволі вядомага закліку «Перастаньце саджаць Вінаградава». Але самае значнае — ўсё ж напамін.

Напішыце палітвязням!

Аліневіч Ігар Уладзімеравіч

211440, Віцебская вобл., г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8, папраўчая калёнія № 10

Васьковіч Яўген Сяргеевіч

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4

Дзядок Мікалай Аляксандравіч

213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, ПК-17

Лобаў Эдуард Юр'евіч

225295, Берасцейская вобл., г. Івацэвічы, “Воўчыя норы”, а/с 20, папраўчая калёнія № 22

Парфянкоў Васіль Пятровіч

213410, Магілёўская вобл., г.Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ІК-9

Пракапенка Арцём Анатольевіч

212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ПК № 15

Статкевіч Мікалай Віктаравіч

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4

Каментаваць