Нароўні з Канстытуцыяй

Юрыдычна нормы, якія дазваляюць беларусам адстойваць свае правы ў міжнародных інстытуцыях, закладзеныя і ў беларускім заканадаўстве. Дзейнічаюць яны ці не, і чаму не дзейнічаюць — гэта іншыя пытанні.



1991 год. Мінск, мітынг на пл. Незалежнасці Фота Сяргея Брушко


Але для разумення таго, як іх можна скарыстаць, трэба мець уяўленне пра нацыянальныя механізмы абароны правоў чалавека.

Нароўні з Канстытуцыяй

Усе мы звыклі да таго, што галоўным і Асноўным законам Беларусі ёсць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Але перадумовай гэтай Канстытуцыі быў яшчэ адзін грунтоўны акт. Гэта Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР», прынятая Вярхоўным Саветам 12-га склікання 27 ліпеня 1990 года.

25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. Дзень прыняцця Дэкларацыі стаў дзяржаўным святам — Днём незалежнасці. Пасля змены назвы беларускай дзяржавы (з 19 верасня 1991 года) Дэкларацыя стала называцца «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь».

Зараз «афіцыёзны» Дзень незалежнасці ў нас іншы — па выніках лістападаўскага рэферэндуму 1996 года на аснове прэзідэнцкага дэкрэта стаў адзначацца Дзень рэспублікі 3 ліпеня. Але дэкрэт мае меншую моц, чым закон, тым больш канстытуцыйны. І «законным» Днём незалежнасці ўсё ж такі з’яўляецца 27 ліпеня. Бо Дэкларацыя аб суверэнітэце — закон, які ніхто не адмяняў і які павінен дзейнічаць.

Прэамбула, у якой галоўнае

Прэамбула да Дэкларацыі канстатуе, што гэты закон прыняты ад імя народа і пры ўсведамленні дэпутатамі парламента адказнасці за лёс беларускай нацыі. У ёй падкрэсліваецца павага годнасці і правоў людзей усіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Беларусі, а таксама да суверэнных правоў усіх народаў Саюза ССР і свету. Істотна і тое, што ў прэамбуле адзначаецца пераемнасць палажэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншых агульнапрызнаных міжнародных актаў.

У прэамбуле абвешчаны «поўны» дзяржаўны суверэнітэт Беларусі як «вяршэнства, самастойнасць і паўната ўлады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх стасунках».

Зыходзячы з палажэнняў прэамбулы, можна зрабіць як мінімум тры высновы. Па-першае, суверэнітэт абвяшчаецца ад імя ўсяго народа, і, значыць, абавязвае ўсе дзяржаўныя органы і службовых асоб прызнаваць уладу і волю беларускага народа. Па-другое, суверэнітэт грунтуецца на прызнанні правоў і свабод чалавека, што накладае на дзяржаву абавязак іх захавання і абароны. Па-трэцяе, «паўната» суверэнітэту прадугледжвае незалежнасць і самастойнасць дзяржаўнай улады пры ажыццяўленні ўнутранай і знешняй палітыкі.

Дэкларацыя стварыла прававы фундамент для паўнавартаснай дзейнасці беларускай дзяржавы, а таксама для свабоднага развіцця беларускага народа. Зыходзячы з тэксту Дэкларацыі, народ — галоўны суб’ект улады, а дзяржава і яе органы ствараюцца толькі і выключна для рэалізацыі волі грамадзян.

Нашто нам суверэнітэт?

У артыкуле 3 Дэкларацыі сказана, што дзяржаўны суверэнітэт абвяшчаецца ў імя вышэйшай мэты — «свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднымі абавязальніцтвамі». Гэта значыць, што галоўнае тут — дабрабыт, годнае і шчаслівае жыццё грамадзян, а ўлада павінна зрабіць для гэтага ўсё магчымае.

У артыкуле дадаткова падкрэсліваецца: «...на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднымі абавязальніцтвамі». То бок, дзяржава абавязана забяспечыць усе правы і свабоды чалавека, ва ўсялякім выпадку, тыя, якія замацаваныя ў Канстытуцыі і ў ратыфікаваных міжнародных актах.

Такім чынам, правы грамадзянаў у нас прапісаныя не толькі ў Асноўным законе — Канстытуцыі, але яшчэ і ў Дэкларацыі аб суверэнітэце. Досыць забяспечыць захаванне асноўных правоў і свабод чалавека — і мэта суверэнітэту будзе дасягнутая. Галоўнае, каб дзяржава была адказнай за выкананне гэтых правоў грамадзянаў — носьбітаў і суверэнітэту, і самой улады.

Якой павінна быць дзяржава?

На гэты конт у Дэкларацыі маецца даволі багата нормаў. У адпаведнасці з артыкулам 1 Дэкларацыі, суверэнная беларуская дзяржава павінна забяспечыць у першую чаргу неад’емнае права народа на самавызначэнне, на дзяржаўнасць беларускай мовы, на вяршэнства ў вызначэнні свайго лёсу.

На дзяржаву ўскладаецца таксама абавязацельства ахоўваць і абараняць «нацыянальную дзяржаўнасць беларускага народа». Пры гэтым падкрэсліваецца, што любыя дзеянні супраць нацыянальнай дзяржаўнасці з боку партый, аб’яднанняў ці асоб пераследуюцца па законе.

У артыкуле 2 Дэкларацыі гаворыцца пра тое, што народ з’яўляецца носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы. Правам выступаць ад імя народа надзяляецца выключна Вярхоўны Савет (нацыянальны парламент).

На дзяржаву ўскладаецца абавязак ахоўваць гонар, здароўе, правы і законныя інтарэсы сваіх грамадзян, забяспечваць іх сацыяльную абароненасць.

Згодна з артыкулам 7 Дэкларацыі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь усталёўваецца вяршэнства Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Гэта азначае, што ў іерархіі прававых актаў пануючае месца павінна належаць Канстытуцыі і законам, а ўсе іншыя прававыя акты (кшталту ўказаў і дэкрэтаў) павінны ім адпавядаць.

У плане забеспячэння нацыянальнай дзяржаўнасці важнае значэнне мае артыкул 9 Дэкларацыі. У ім адзначаецца, што Рэспубліка Беларусь самастойная ў рашэнні пытанняў культурнага і духоўнага развіцця беларускай нацыі, іншых нацыянальных супольнасцяў рэспублікі, у стварэнні ўласнай сістэмы інфармацыі, адукацыі і выхавання. Пры гэтым асаблівая ўвага звярталася на функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, на захаванне нацыянальных традыцый і гістарычнай сімволікі. Падкрэслівалася, што нацыянальныя, культурныя і гістарычныя каштоўнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца выключнай уласнасцю рэспублікі і яе грамадзян.

У артыкуле 10 усталёўваецца, што ніякія вайсковыя фармаванні іншых краін, іх ваенныя базы і пабудовы не могуць быць размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без згоды Вярхоўнага Савета. Акрамя таго, адзначалася, што Беларусь ставіць сваёй мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а рэспубліку — нейтральнай дзяржавай.

Што было?

Першапачаткова органы дзяржаўнай улады дзейнічалі ў рамках нацыянальнай дзяржаўнасці. З 26 студзеня 1990 года дзейнічаў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». У яго прэамбуле ўтрымліваліся ўзнёслыя словы пра тое, што мова — гэта душа народа, частка ягонай культуры. На ўсіх ускладаецца абавязак шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту. На дзяржаўным узроўні была прынята праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у Беларусі, якая прадугледжвала паступовы пераход на беларускую мову ва ўсіх сферах беларускага грамадства.

27 лютага 1991 года быў прыняты Закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь». У ім пацвярджалася, што менавіта народ, а не нейкія дзяржаўныя органы або службовыя асобы, з’яўляецца носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай улады ў рэспубліцы. Усталёўвалася, што найважнейшай задачай усіх органаў улады з’яўляецца служэнне народу і ўсялякае забеспячэнне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

19 верасня 1991 года былі прыняты Законы «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь». У адпаведнасці з імі ўводзіліся нацыянальныя гістарычныя сімвалы рэспублікі: герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

Працягам Дэкларацыі стала Канстытуцыя 1994 года. Але яна ўводзіла не прадугледжаны ў Дэкларацыі інстытут прэзідэнцкай улады. Пасада прэзідэнта не ўпісвалася ў прынцып падзелу ўладаў і ў механізм стрымак і проціваг. Як сталася пазней, гэтая пасада стала разбуральнай для ўсёй сістэмы дзяржаўнай улады і стварыла шмат праблем для развіцця краіны.

І што будзе?

Калі мы імкнёмся да пабудовы сапраўды прававой дзяржавы, то ў такой дзяржаве павінны выконвацца ўсе законы. Асабліва, Асноўны закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, і канстытуцыйны закон — Дэкларацыя аб суверэнітэце. Зараз гэтыя два дакументы фактычна не дзейнічаюць. Але іх ніхто не адмяняў. Гэта значыць, дзяржаўная мова ў краіне павінна быць беларуская, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» падлягаюць ахове з боку дзяржавы, а не цкаванню. Легітымнасць знаходжання ў Беларусі расійскіх вайсковых базаў — пад сумневам.

А яшчэ Дэкларацыя аб суверэнітэце дазваляе свабодна, і нікога не папярэджваючы, выйсці з усіх «саюзаў», якія створаныя без згоды народа. На сёння гэта для нас надзвычай актуальна.

Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце novychas.info.

Каментаваць