Нас судзілі і трымалі незаконна

Уладзімер Асіпенка — прадпрымальнік з Ваўкавыску, які быў асуджаны па «справе Аўтуховіча» за «захоўванне і перавозку зброі ды выбуховых рэчываў», умоўна-датэрмінова вызвалены з калоніі № 22 у Івацэвічах, дзе адбываў пакаранне.



Уладзімер Асіпенка — прадпрымальнік з Ваўкавыску, які быў асуджаны па «справе Аўтуховіча» за «захоўванне і перавозку зброі ды выбуховых рэчываў», умоўна-датэрмінова вызвалены з калоніі № 22 у Івацэвічах, дзе адбываў пакаранне.

Уладзімір Асіпенка правёў у турме амаль два гады. Ён праходзіў па адной справе з Мікалаем Аўтуховічам. Іх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэрактаў супраць высокапастаўленых службоўцаў, але ў судзе доказаў гэтаму не знайшлося. Уладзіміра Асіпенку суд прызнаў вінаватым у пазапраўных дзеяннях са зброяй і асудзіў на тры гады зняволення. І ён, і Мікалай Аўтуховіч не прызнаюць сваёй віны. Еўропа і беларускія праваабаронцы прызналі гэту справу палітычна матываваным пераследам. Уладзімір цяпер мае намер дамагацца справядлівасці праз суд. Пасля вызвалення прадпрымальнік Уладзімір Асіпенка адказаў на пытанні журналісткі «НЧ» Вольгі Хвоін.

— Што вы можаце сказаць пра ўмовы ўтрымання ў калоніі, следчым ізалятары?

— Нічога такога страшнага, каб гаварыць пра бесчалавечныя ўмовы, там няма. Праўда, у следчым ізалятары ў некалькі разоў было больш людзей, чым патрабуюць нормы. У адным памяшканні былі тыя, хто паліць, і хто не. Здараліся выпадкі, калі людзі гублялі прытомнасць.

У калоніі было лепш, бо там больш жыццёвай прасторы, лес вакол, паветра. Там лягчэй, гэта не тое ж самае, што сядзець у замкнёным памяшканні ў 30 квадратных метраў.

— Як да вас ставілася адміністрацыя калоніі, іншыя вязні? Ці адчувалі вы ўплыў на гэтыя адносіны спецыфічнасці справы і прысуду?

— Адміністрацыя ведала, хто я такі, хто вядзе маю справу, таму я заўсёды адчуваў увагу да сваёй персоны. Супрацоўнікі калоніі і СІЗА паводзілі сябе тактычна, гэта і зразумела, бо калі б былі нейкія інцыдэнты, гэта стала б вядома грамадскасці, а такі розгалас ім не патрэбны.

З боку асуджаных — у следчым ізалятары былі больш-менш інтэлігентныя людзі, гэта не былі адпетыя злачынцы, у асноўным — дзяржслужбоўцы, прадпрымальнікі, мытнікі. Мы разумелі адзін аднаго. У калоніі, канешне, набор іншы: хабарнікі, гвалтаўнікі, забойцы. Таму трэба было ведаць, як паводзіць сябе, каб не выклікаць агрэсіі. Але магу сказаць, што збольшага да мяне ставіліся з павагай. Магчыма, мне было не надта складана ўжыцца з людзьмі, бо за 25 гадоў вайсковай службы я прывык да нягод, да розных умоў.

— Прысуд паўплываў на адносіны з вашымі сябрамі, блізкімі людзьмі?

— Усякае было. І яшчэ будзе многа размоў на гэту тэму. Некаторым мне давядзецца сказаць у вочы, што я пра іх думаю. Але і была дапамога мне, маёй сям’і ад тых, ад каго гэтага зусім не чакаў. Гэта кранала, часам да слёз.

— Вы маеце намер у судовым парадку абскарджваць прысуд, на які вынік спадзеяцеся?

— Тое, што нас судзілі і трымалі незаконна, — гэта не падлягае сумневу. Значыць, мы мусім патрабаваць, каб тыя людзі, што вялі гэтую справу, былі пакараныя. Мяне шэсць месяцаў утрымлівалі за падпал дома міліцыянта. Лагічна, што мусілі быць доказы маёй вінаватасці, каб трымаць мяне такі час. Потым гэта абвінавачванне знялі, высунулі іншае. Значыць, следчыя зрабілі службовае парушэнне — незаконна, беспадстаўна абмежавалі маю свабоду. Я дараваць нікому нічога не абавязаны, і не збіраюся. Мне смяяліся ў твар, казалі: «Мы ведаем, што ты не вінаваты». Цяпер я хачу дабіцца праўду. Калі пра мяне пісалі, паказвалі па тэлебачанню, выстаўлялі злачынцам, падпальшчыкам, то хіба гэта не падстава для абароны гонару, хіба гэта не патрабуе абскарджвання?

— Вы падтрымлівалі гэты час сувязь з Мікалаем Аўтуховічам?

— Аўтуховічу я не пісаў, ды і не прапусцілі б нічога. Усё даведваўся праз дачку, якая размаўляла з яго адвакатам, праз газеты. Я не думаю, што Мікалай Аўтуховіч вінаваты. Асудзіць на пяць з паловай гадоў за пяць патронаў — для гэтага не было падстаў.

— Што плануеце рабіць бліжэйшым часам?

— Канешне, нешта я запланую зрабіць, апроч таго, што буду адстойваць сваю правату. Буду з сям’ёй, зраблю рамонт у кватэры. Праз нейкі час змагу выехаць — ва Украіну да родзічаў, да дачкі, якая жыве за мяжой. Буду спрабаваць прымаць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Падтрымаю Саннікава — ён імпануе мне як палітык і як чалавек. Увогуле, мы жывём у непрадказальны час. Нешта планаваць цяжка. Трэба асцерагацца правакацый, бо я на ўмоўна-датэрміновым, і любы інцыдэнт можа мяне вярнуць назад у калонію.

Хачу сказаць, што я адчуваў каласальную падтрымку грамадскасці, СМІ. Калі б не гэта, нас разадралі б і пасадзілі на 15 гадоў, і мы нічога б не змаглі зрабіць.
---------------------------------------------------------------

Мая пазіцыя многім не падабаецца


Цягам апошніх тыдняў Беларусь з афіцыйнымі візітамі наведалі шэраг дыпламатаў, чыноўнікаў Еўрасаюзу. У іх ліку — прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскатэ, міністры замежных спраў Польшчы і Германіі — Радаслаў Сікорскі і Гіда Вестэрвеле. Ці абмяркоўвалася з імі праблема беларускіх вязняў сумлення, на гэта пытанне «НЧ» адказвае праваабаронца Алег Волчак.

— Ні на адну з гэтых сустрэч мяне не запрасілі. І нават на беларуска-нямецкі Мінскі форум таксама, хаця апошнія гадоў пяць я быў у спісе ўдзельнікаў. Я назіраю за справамі асуджаных па палітычных матывах, і мне, канешне, было б цікава пачуць меркаванне еўрапейскага боку на гэту тэму. Думаю, цяпер многае абумоўлена знешнепалітычнай сітуацыяй, мая пазіцыя многім не падабаецца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Не падабаецца тым палітыкам з Захаду, што хочуць наладзіць кантакты з Лукашэнкам.

Стала праблемай вязняў цікавяцца пасольствы ЗША, Польшчы. Разам з тым магу сказаць, што вызваленне Асіпенкі — гэта ў тым ліку і вынік працы асобных палітыкаў Еўрасаюза. Уладзіміру сказалі, што яго датэрміновае вызваленне абумоўлена тым, што было вельмі многа зваротаў з замежных арганізацый. Трэба займацца гэтым, каб і Аўтуховіч выйшаў на свабоду.

За перадвыбарчай кампаніяй усе забыліся пра людзей у турмах, а варта было б, каб нашы палітычныя лідэры пра гэта падумалі. Заўважце, што толькі 2–3 чалавекі з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ўзнялі гэтыя пытанні. Канешне, Мікалаю Аўтуховічу крыўдна, што пасля прысуду грамадскасць суцішылася. Ён нават пісаў мне, што ўжо адчувае сябе забытым.

Каментаваць