«Нашай вясне» зноў адмовілі

12 жніўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь чарговы раз падтрымаў рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша вясна».

(На здымку: Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі (у цэнтры) Фота Юрыя Дзядзінкіна)



12 жніўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь чарговы раз падтрымаў рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша вясна».

(На здымку: Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі (у цэнтры) Фота Юрыя Дзядзінкіна)


Такім чынам, суд не задаволіў скаргу праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча на дзеянні Мінюста. Незалежныя назіральнікі назвалі такое рашэнне суда, і ўвогуле дзеянні Мінюста, «ганьбаю беларускага правасуддзя».

Судовыя пасяджэнні доўжыліся тры дні. Іх, дарэчы, па-беларуску вёў суддзя Вярхоўнага суда Анатоль Церах. Інтарэсы Міністэрства юстыцыі прадстаўляў Аляксандр Харытон, добра вядомы сваім спрычыненнем да забароны шэрагу палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама да адмоваў у рэгістрацыю шматлікіх няўрадавых арганізацый і палітычных партый.

Як адзначыў сябра рады «Нашай вясны» Уладзімір Лабковіч, за аснову свайго рашэння ў падтрымку высноваў Мінюста суд паклаў дзве падставы: па-першае, на трох асобаў з сямідзесяці дзвюх, якія былі ў спісах заснавальнікаў грамадскага аб’яднання, былі пададзены быццам бы несапраўдныя персанальныя дадзеныя. Прычым у адным выпадку за грубую памылку і міністэрства, і суд палічылі наступны факт: адзін з заснавальнікаў з’яўляўся кіраўніком спартыўнага гуртка дому культуры, а ў дакументах яго назвалі кіраўніком спартыўнай секцыі. Астатнія памылкі былі падобнага кшталту. Па-другое, праваабаронцы не далі праз тэлефонны званок магчымасці чыноўнікам праверыць тэхнічную адпаведнасць юрыдычнага адрасу «Нашай вясны», бо тыя, хто тэлефанаваў, як паведаміў Уладзімір Лабковіч, не прадставіліся. У выніку гарантыйны ліст аб прадастаўленні грамадскаму аб’яднанню юрыдычнага адрасу быў прызнаны нікчэмным.

Варта, аднак, адзначыць, што суддзя адхіліў такія довады мінюстаўскага чыноўніка: маўляў, нельга рэгістраваць аб’яднанне, заснавальнікі якога быццам бы атрымліваюць грошы ад заакіянскіх спонсараў і робяць перад імі справаздачы, што яны часта ездзяць у замежныя камандзіроўкі, што некаторыя былі прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці і гэтак далей.

«Пытанне рэгістрацыі «Нашай вясны» неаднаразова ўздымалася ў рэзалюцыях Еўрапейскага парламента, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, у пастановах Еўрапейскай камісіі, — нагадвае Уладзімір Лабковіч. — Тое, што адбываецца зараз, сведчыць пра адсутнасць у краіне сістэмных зменаў, пра тое, што перамены маюць дэкаратыўны характар, што ў Беларусі груба парушаецца права грамадзян на асацыяцыю».

За ходам разгляду скаргі наглядаў упаўнаважаны місіі МФПЧ — Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (Парыж) Кірыл Каратаеў, які з’яўляўся назіральнікам гэтага працэсу паводле мандату Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў — сумеснай праграмы МФПЧ і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў.

«Гэта чарговая ганьба беларускай юстыцыі, — назваў цяперашняе судовае рашэнне па скарзе «Нашай вясны» і ранейшыя рашэнні Міністэрства юстыцыі па нерэгістрацыі гэтага праваабарончага грамадскага аб’яднання Кірыл Каратаеў. — Сапраўды, бакі мелі магчымасць прадставіць свае аргументы суду, але ў гэтым не было неабходнасці. Па-першае, рашэнне суда было цалкам прадвызначана заключэннем пракурора, а ўсё астатняе на рашэнне суда не ўплывала. Апроч таго, супраць заяўнікаў скаргі выступілі адразу тры структуры — Міністэрства юстыцыі, пракуратура і Вярхоўны суд, бо незалежнасць суддзяў і аб’ектыўнасць іх рашэнняў выклікаюць сумненне… Можна дапусціць, што ў дакументах утрымліваліся пэўныя недахопы, але мы не пачулі ў судзе адказу на галоўнае пытанне: чаму вялікай колькасці людзей было адмоўлена ў адным з галоўных іх правоў — у праве на асацыяцыю, гарантаваным як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнародным заканадаўствам, у прыватнасці, Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах? Таму што для апраўдання такой адмовы патрэбны не толькі законныя падставы, але неабходна прапарцыйнасць, патрэбны пераканаўчыя аргументы. Гэтая адмова — не прапарцыйная і не падтрымліваецца ніякімі пераканаўчымі аргументамі».

Шчыра кажучы, заснавальнікі ПГА «Наша вясна» і не спадзяваліся на тое, што іх дзейнасць будзе легалізавана. Таму яшчэ раней яны заяўлялі, што будуць працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на пазіцыю ўлад і стаўленне чыноўнікаў да праваабарончага руху ў цэлым.
 

Каментаваць