Нашто казе баян, а беларусу парламент?

Моцная прэзідэнцкая ўлада, так, як яе трактуюць афіцыйна, несумяшчальная з ідэяй прававой дзяржавы.

Моцная прэзідэнцкая ўлада, так, як яе трактуюць афіцыйна, несумяшчальная з ідэяй прававой дзяржавы.

Беларусы дастаткова рацыянальныя, і таму галасуюць на выбарах не сэрцам, а розумам. Гэтая выснова ў аднолькавай ступені справядлівая як для прыхільнікаў «адзінага палітыка» (АП), так і для яго апанентаў. У свой час яшчэ класік сацыялогіі Макс Вебер вылучаў тры лады жыцця: уцёкі, прыстасаванне і авалодванне светам. Кожнаму ладу жыцця адпавядае свой тып рацыянальнасці. Уцёкі ад рэчаіснасці распаўсюджаныя сярод паслядоўнікаў індуізму і будызму, большасць жа беларусаў імкнецца да рэчаіснасці прыстасоўвацца, і толькі нешматлікія асобы спрабуюць ёй авалодаць.

Няцяжка здагадацца, што ў якасці базавага элементу беларускай рэальнасці выступае родная дзяржава. У тым, што яна аўтарытарная, не даводзіцца сумнявацца. Каб быць больш пераканаўчым, працытую выказванне ўлюбёнага аўтара: «У нас очень сильная президентская власть, действительно, с элементами авторитаризма, в этом я всегда честно признавался. Такая у нас Конституция и законы в этот переходный период».

Аднак, у адпаведнасці з артыкулам 6 Канстытуцыі, «дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь здзяйсняецца на падставе яе падзелу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую». І дзе тут месца для АП? Каб яго пабачыць, неабходна ўстаць на дыбкі і задраць галаву. Вось як сам АП апісвае сваё месца ў структуры дзяржаўнай улады: «Есть судебная, законодательная и исполнительная ветви власти, над которыми, по Конституции, стоит президент, который их координирует, направляет, «сводит», «разводит» и так далее».

Пагадзіцеся, цудоўна. Чалавецтва вынайшла прынцып па­дзелу ўладаў, каб выключыць канцэнтрацыю ўсіх паўнамоцтваў у руках адной асобы. Інакш прававую дзяржаву не пабудуеш. Аднак гэта з пункту гледжання заходняй дэмакратыі. Што да яе беларускай варыяцыі, дык яна цудоўна сумяшчае ідэю прававой дзяржавы (артыкул 1) з трыма галінамі ўлады, «над которыми, по Конституции, стоит президент».

Дваццаць гадоў у афсайдзе

Калі б АП паспрабаваў атрымаць патэнт на такога кшталту «ўладацэнтрычную» канструкцыю, дык ён, хутчэй за ўсё, не здолеў бы гэта зрабіць. Савецкая канстытуцыя была пабудавана па такім жа прынцыпе, толькі роля каардынатара ў ёй належала не прэзідэнту, а генеральнаму сакратару. Пры жаданні можна капнуць глыбей. Канстытуцыя Мікалая ІІ у гэтым сэнсе мала чым адрознівалася ад трох савецкіх. У сваю чаргу, паводле гісторыка Юрыя Піваварава, першая расійская канстытуцыя «рэалізавала стары план Міхаіла Сперанскага, які той прапанаваў яшчэ ў 1809 годзе. На замову Аляксандра І Сперанскі паспрабаваў сумясціць прынцып падзелу ўладаў і ўладацэнтрычнасць рускай гісторыі і культуры, дзе дзяржава — гэта ўсё. Ён не ўпісаў адну асобу — асобу імператара — у сістэму падзелу ўладаў, ён паставіў яго над».

Улічваючы ўсё сказанае вышэй, я б не рэкамендаваў успрымаць развагі АП пра пераходны перыяд сур’ёзна. Пераходны перыяд доўжыцца ўжо сотні гадоў, і за ўвесь гэты час ні адна з персон, што стаяць над галінамі ўлады, нават пальцам не паварушыла, каб паскорыць яго заканчэнне. Наадварот, усе падуладныя ім рэсурсы такія асобы накіроўвалі на пралангацыю пераходнага перыяду.

Гістарычным вынікам функцыянавання ўладацэнтрычнай канструкцыі сталася недастатковае развіццё ўсіх трох галінаў улады, што добра фіксуе грамадская думка. Звернемся да табліцы. Ужо першае апытанне НІСЭПД зафіксавала, што беларусы не ўскладаюць асаблівых спадзяванняў на выхад з крызісу на заканадаўчую і судовую ўлады. У лідарах у гэтым сэнсе апынулася ўлада выканаўчая (урад), аднак першыя прэзідэнцкія выбары ўсё расставілі па сваіх месцах.

Ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу 2009 года грамадскі запыт на прафесійных кіраўнікоў істотна павялічыўся, у той час як патрэба ў АП, які здольны толькі каардынаваць, зводзіць і разводзіць, істотна зменшылася. Што да заканадаўча-судовага тандэму, дык ён, калі ўжываць футбольную тэрміналогію, апынуўся «па-за гульнёй». Беларусы — людзі рацыянальныя, гэтак жа, як і АП, яны фармуюць свае погляды «ад жыцця», у якім ні заканадаўчая, ні судовая ўлады падстаў для спадзяванняў не даюць і ніколі не давалі.

Наперадзе толькі Швейцарыя

Але адкуль вынікае, што «ўладацэнтрычная» канцэпцыя саступае ў эфектыўнасці класічнаму варыянту з падзелам трох галін улады? Каб адказаць на гэта пытанне, звернемся да ўжо знаёмага нам па папярэдняй «Азбуцы паліталогіі» эканаміста Дугласа Норта. У кнізе «Інстытуты, інстытуцыянальныя змены і функцыянаванне эканомікі» ён тлумачыць рэзкае разыходжанне ў эканамічнай магутнасці Англіі і Іспаніі, якое адбылося ў Новы час. Да XVI стагоддзя гэтыя краіны знаходзіліся на абсалютна параўнальных стартавых пазіцыях. Яны былі прыкладна роўныя па колькасці насельніцтва і структуры занятасці, абедзве здзяйснялі палітыку знешнепалітычнай экспансіі. Але ўжо да пачатку ХІХ стагоддзя Англія стала «майстэрняй свету», а Іспанія — адной з самых адсталых краін Еўропы.

Прычына такога разыходжання, паводле Норта, палягае ў тым, што ў XVI стагоддзі ў Англіі пытанне пра размеркаванне падаткаў патрапіла ў кампетэнцыю парламента, а ў Іспаніі ўлада караля была абмежавана картэсамі выключна фармальна. У выніку Іспанія, якая вывезла з калоніяў значна больш багаццяў, чым Англія, вельмі хутка растранжырыла свае скарбы. Каралі любяць марнаваць грошы калі не на войны, дык на будаванне ўласных рэзідэнцый. Няма ніякага сэнсу інвеставаць у эканоміку, калі кароль здольны ў любы момант канфіскаваць гэтыя інвестыцыі. У Англіі магчымасці кароны ў галіне вымання даходаў і іншай маёмасці былі істотна абмежаваныя парламентам, які ўвасабляў шляхту. Яна, маючы надзейную абарону сваёй уласнасць ад пасягання ўлады, магла здзяйсняць доўгатэрміновыя капіталаўкладанні, вынікам якіх і стаў значны эканамічны рост.



Невялікая рэмарка наконт рэзідэнцый: у прэзідэнта ЗША іх дзве, у прэзідэнта Расіі — больш за 20, і зараз будуюцца яшчэ некалькі. Калі б амерыканскі прэзідэнт вырашыў распачаць новае будаўніцтва без згоды Кангрэсу, дык такая ініцыятыва каштавала б яму датэрміновага вызвалення ад пасады з рэальнай перспектывай распачаць крымінальную справу.

Аднак вернемся на родную зямлю. У снежні 2009 года АП паставіў перад урадам задачу за апошні год пяцігодкі ўзняць сярэдні заробак да 500 долараў. Ён меркаваў, што выдаткі пры гэтым абмяжуюцца пабітымі насамі чальцоў ураду: «Мы кровь из носа должны выполнить это наше обязательство перед народом до конца 2010 года и отчитаться перед Всебелорусским народным собранием — кризисы здесь в счет не берутся».

А дарэмна. Крызіс не прымусіў сябе доўга чакаць. Пра яго глыбіню сведчыць нядаўняе выказванне першага віцэ-прэм’ера ўраду Уладзіміра Сямашкі: «У нас катастрофа, калапс, сітуацыя яшчэ горш, чым у мінулым годзе. Калі б не было падпісана пагадненне пра продаж «Белтрансгазу» ў пакеце, дык цана б на газ для Беларусі была большай за 300 долараў за тысячу кубічных метраў».

Дзе пры гэтым была заканадаўчая ўлада? Прыкладна там жа, дзе іспанскія картэсы ў XVI–ХІХ стагоддзях. А між тым сярэднетэрміновыя наступствы ініцыятыў АП лёгка пралічваюцца. У студзені-лютым 2011 года сумарная намінальная заработная плата занятага ў эканоміцы насельніцтва да аб’ёму нацыянальнага ВУП складала 51,4 працэнта. Гэта другі ў Еўропе паказчык пасля Швейцарыі! За год да таго паказчык быў на 12 пунктаў ніжэйшы. Цяжка ўявіць сабе краіну, эканоміка якой вытрымала б такі ўзровень папулізму.

Пра якасць прагназавання

Апошнім часам мы ўсё часцей чуем пераканаўчыя заявы, што мы «сохраним наш суверенитет, чего бы это нам не стоило». Суверэнітэт — задавальненне нятаннае. З гэтым не паспрачаешся, аднак для яго захавання ў першую чаргу неабходна правільна вызначыць крыніцы асноўных пагроз. На маю думку, тут па-за канкурэнцыяй сама беларуская дзяржава. Катастрофа і калапс 2011 года, пра якія так пераканаўча казаў Сямашка, — толькі адзін з прыкладаў дэструктыўнай дзейнасці дзяржавы, якая функцыянуе па законах пераходнага перыяду.

Важная асаблівасць такога функцыянавання — няздольнасць каардынатара, які стаіць над трыма галінамі ўлады, ацаніць хаця б бліжэйшыя наступствы сваіх ініцыятыў. Не можа ён разлічваць і на дапамогу з боку сваіх штатных памочнікаў. Яны дзейнічаюць у межах агульнай логікі, якая не дапускае канкурэнцыі ў любым выглядзе, у тым ліку і канкурэнцыі ацэнак прынятых рашэнняў. У якасці прыкладу працытую артыкул памочніка прэзідэнта па эканамічных пытаннях Сяргея Ткачова «Паўней пазнаючы мінуўшчыну, раскрываем сэнс будучыні»: «Да гэтага часу мы ўжо назапасілі новы вялікі вопыт прагназавання. Навучыліся распрацоўваць гадавыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя прагнозы».

У чым тут цікавостка? У даце публікацыі. Пра сваю здольнасць раскрываць сэнс будучыні Ткачоў паведаміў чытачам «Советской Белоруссии» 24 лютага 2011 года — за некалькі тыдняў да пачатку першай фазы катастрофы і калапсу. І вось якімі словамі ён адзначыў поспехі эканамічнай мадэлі, што была створана пры ягоным непасрэдным удзеле: «Вынікі нашага развіцця ў адпаведнасці з прынятай намі мадэллю, у тым ліку і ў супастаўленні з нашымі суседзямі і іншымі краінамі, вядомыя. Таму не буду спыняцца на гэтых пытаннях».

Вынікі вядомыя, але, у адрозненне ад чытачоў «Советской Белоруссии», у чытачоў НЧ яшчэ будзе магчымасць неаднаразова разгледзець іх праз прызму азбучных паліталагічных ведаў.
 

Каментаваць