Словы пра тое, што Беларусь мае часова замарожаныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі на адрас усходняга суседа, прагучалі 17 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. І выклікалі нервовую рэакцыю ў Расіі.



Я кажу: «Уладзімір Уладзіміравіч, вы не перажывайце. У нас няма напружанасці ў гэтай частцы. Гэтыя вы, кажу, павінны напружвацца. Таму што частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх земляў калісьці належала Беларусі. Таму давя­дзецца падзяліцца…» — сказаў Лукашэнка. Пазней падчас мерапрыемства палітык таксама паклаў вока на Калінінград, заявіўшы, што Мінск нясе гістарычную адказнасць за гэты край.

Пад гэтым уплывам рэдакцыя адной з бранскіх газет змясціла ў сябе на сайце апытанне. Чытачам прапаноўвалася вызначыцца наконт дзяржаўнай прыналежнасці Бранску, абраўшы адзін з наступных варыянтаў: Бранск у складзе Расіі, Бранск у складзе Беларусі, Бранск у складзе Украіны і, нарэшце, Бранская народная рэспубліка. Вынікі апытання шакавалі не толькі яго аўтараў, аднак і ўсю расійскую грамадскасць. Каля 75 працэнтаў з больш чым 300 удзельнікаў апытання выказаліся за Бранскую вобласць у складзе Беларусі.

Выпадак у Бранску зрабіў тэму беларускай пагрозы прадметам палітычных спекуляцый. Прычына не толькі ў нечаканых выніках апытання. Важным фактарам з’яўляецца палітычны клімат у расійскім грамадстве, якое з-за падзей ва Украіне нервова рэагуе на кожную праяву сепаратызму, падазраючы тут інтрыгі Дзярждэпу. Тым больш, што прэцэдэнты ўжо былі.

Яшчэ ў 1998 годзе ў Беларусь папрасіўся Краснагорскі раён Бранскай вобласці. Ініцыятыўная група жыхароў сабрала больш за 5 тысяч подпісаў за аддзяленне ад Расіі і пераход пад кантроль Беларусі, а кіраўнік раёна Ілля Кірчэнка нават накіраваў адпаведны ліст у апарат Саюзнай дзяржавы.

Мяркуючы па ўсім, у Крамлі, які на той час не мог вырашыць пытанне Чачні, навіна пра новую сепаратысцкую ініцыятыву справакавала прыліў гневу. Тым больш, што не выклікала сумневаў: ідэя пераходу пад пратэктарат Мінска карысталася масавай падтрымкай тубыльцаў. Ва ўмовах расійскай інертнасці сабраць 5 тысяч подпісаў — прытым, што насельніцтва раёна складае ўсяго 16 тысяч чалавек (а выбаршчыкаў ледзь больш за 10 тысяч), — дэманстрацыя нябачанай грамадзянскай свядомасці.

Вылазку прабеларускіх сепаратыстаў у выніку падавілі ў зародку. Кірчэнка выклікалі «наверх» і так намылілі шыю, што ён трапіў у шпіталь. Хутка яго пазбавілі пасады. Саму гісторыю інфармацыйна заблакавалі. Антымаскоўскі бунт у Краснагорскім раёне паспеў асвяціў толькі адзін рэгіянальны канал. 

Чарговы раз Бранская вобласць марыла пра Беларусь у 2004 годзе. Кіраўнік  Злынкоўскага раёна Мікола Разявака на адной з нарадаў прапанаваў усім раёнам увайсці або ў склад Беларусі, або ў склад Украіны. Сваю прапанову мясцовы службовец матываваў тым, што раён увесь час аддае ўсё заробленае ў выглядзе падаткаў у федэральны цэнтр і ў абласную казну. У самім раёне нават пачаўся збор подпісаў за аддзяленне ад Расіі. Цэнтру зноў давялося прымаць аператыўныя меры.

І вось ідэя Беларусі з усходнімі межамі, што калісьці мела ВКЛ, падаецца, рэанімаваная зноў. Прычым сталая сацыяльная база ў прабеларускіх лозунгаў у Бранскай вобласці сапраўды існуе. Пра гэта сведчаць не толькі вынікі апытання, аднак і кампанія, якая пачалася ў бранскай афіцыйнай прэсе. Кампанія накіраваная супраць тэзісу пра гістарычную прыналежнасць краю да Беларусі. Гэтаму тэзісу актыўна супрацьпастаўляецца версія пра тое, што сама Беларусь —гэта штучная дзяржава.

Напрыклад, выданне старадубскага райвыканкама адзначае: «Беларусь — штучная фармацыя, прыдуманая бальшавікамі ў 1919 годзе на месцы створанай ва ўмовах германскай акупацыі т. зв. незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Пасля гэтага межы новаўтворанай рэспублікі кроіліся ў Маскве ў адпаведнасці з патрэбамі бягучага моманту, пакуль не прыйшлі да сучасных паваенных межаў. На самай справе, Гомельская губерня — гэта зусім не Беларусь. Гэта цалкам Расія — у Гомельскую губерню РСФСР (існавала з 1919 па 1927 гг.) уваходзілі Мглінскі павет, Навазыбкаўскі павет, Суражскі павет і — сапраўды так! — Старадубскі павет. Але пры перадачы Гомеля Беларусі Старадуб і яшчэ тры паветы аддалі новаўтворанай Бранскай губерні, 95-годдзе якой мы будзем адзначаць у наступным годзе. Так што велізарнае пытанне, каму яшчэ давядзецца землямі падзяляцца».

Наўрад ці цяперашняя пікіроўка вакол пытання, дзе павінна праходзіць усходняя мяжа РБ, выйдзе за рамкі боек на форумах і ў розных замоўленых гістарычных публікацый. Наяўнасць прабеларускіх настрояў у Пскове, Смаленску і Бранску хутчэй фрагментарная, паколькі іх адэпты так не здольныя перайсці ў стадыю арганізаванага грамадска-палітычнага руху. Тым больш цяпер — не 1990-я гады, з уласцівай для той эпохі палітычнай анархіяй. Сепаратызм, паводле прынятых у мінулым годзе законаў, разглядаецца ў РФ як вельмі небяспечнае дзяржаўнае злачынства. 

Аднак цяперашняя дыскусія пра ідэнтычнасць жыхароў рэгіёнаў РФ, якія калісьці былі ў складзе ВКЛ, усё ж якасна новая. Раней прабеларускасць сярод расіян хутчэй была адной з формаў праявы сімпатый да спадчыны СССР. Беларускі выбар у Бранску або Смаленску разглядаўся як спроба пратэсту супраць рынку і «дзермакратыі». Адпаведнай была і публіка, якая падпісвалася пад прабеларускімі лозунгамі: камуністы, аматары моцнай рукі, пенсіянеры. Сёння сярод тых жа прабеларускіх блогераў больш людзей з праеўрапейскімі поглядамі. Для іх Беларусь — гэта краіна, якая мае шанс стаць сябрам еўрапейскай супольнасці.

Часам гэта ўстаноўка набывае камічныя формы. Так, адзін са смаленскіх блогераў, які сімпатызуе Беларусі, вельмі баіцца, што ўключэнне таго ж Смаленску ў склад РБ затармозіць працэс яе еўраінтэграцыі. «Уявіце, зараз выбары 1994-га ці 2006-га на далёкім Усходзе Беларусі — Смаленск і Бранск. У 1994-м яны прагаласавалі б нават не за Лукашэнку — паглядзіце, за каго яны галасавалі на працягу апошніх 17 гадоў. (…) Парадаксальна, але дзякуючы савецкаму кіраўніцтву, што пашкадавала землі для братэрскай рэспублікі, цяпер Беларусь мае лепшыя магчымасці для кансалідацыі нацыі вакол заходняга выбару развіцця — большасць насельніцтва жыве ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, дзе праблемы рускай меншасці практычна не існуе (за 18 гадоў незалежнасці іх рэальная прысутнасць у грамадстве скарацілася да 6–7 адсоткаў, што робіць іх нават трэцяй этнічнай меншасцю пасля палякаў). Таму не трэба моцна плакаць з-за пустэльных тэрыторый з насельніцтвам, што шмат п’е — іх можна ўзяць у сваю сферу ўплыву амаль у любы момант. Лепш паглядзець на тое, што рэальна трэба Беларусі, і дзе ляжыць сапраўдны гістарычны і культурны цэнтр, — гэта ўсяго 2 гадзіны ад Мінска аўтамабілем».

Такі незвычайны погляд на беларускі працэс павінен прыцягнуць увагу айчынных сацыёлагаў і культуролагаў. Феномен прабеларускіх настрояў у тым жа Смаленску і іх эвалюцыя заслугоўваюць вывучэння.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-10-27 14:13:00
Факты цікавыя, але больш для публікацый у СМІ, не для "айчынных сацыёлагаў і культуролагаў". Ім бы даць рады з вывучэннем жыхароў Беларусі...

Каментаваць