10 снежня ўвесь цывілізаваны свет адзначае Дзень правоў чалавека. Ён святкуецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН штогод, пачынаючы з 1950 года.



У савецкія часы ў шматлікіх камедыйных фільмах на любое бяспраўе з боку чыноўнікаў героі адказвалі: «Я паскарджуся ў ААН!». Гэта было нейкім вызначэннем органа, які, нібыта, разглядае ўсе скаргі, з’яўляецца аўтарытэтам вышэйшай інстанцыі. Потым фраза: «Паскардзься ты хоць у ААН» набыла крыху грэблівае значэнне: нібыта, аспрэчвай вырак — не аспрэчвай, усё роўна праўды не даб’ешся. Але зараз шматлікія беларусы праходзяць ААН. І дабіваюцца па сваіх справах вышэйшага выраку.

На чым грунтуюцца абавязацельствы Беларусі перад гэтай структурай? Якія міжнародныя правы існуюць у Беларусі і як іх можна бараніць?

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека

Мы ўжо казалі (НЧ, №40 ад 25 кастрычніка г.г.), што па беларускай Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Таксама мы канстатавалі, што ў нашай дзяржаве правы чалавека абвяшчаюцца, але не забяспечваюцца. Як жа прымусіць дзяржаву выконваць свае абавязкі?

Першы міжнародны дакумент у гэтай справе — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ).

Ідэя падрыхтоўкі ўніверсальнага акта ў галіне правоў чалавека атрымала распаўсюд пасля Другой сусветнай вайны. Камісія ААН па правах чалавека з’явілася ў 1946 годзе менавіта для распрацоўкі такога акту. Узначаліла яе Элеанора Рузвельт, жонка прэзідэнта ЗША, а яе намеснікам стаў вядомы французскі юрыст, спецыяліст у галіне правоў чалавека Рэне Касэн.

Першапачатковы праект Дэкларацыі быў падрыхтаваны на працягу года і накіраваны для абмеркавання дзяржавам — сябрам ААН. Не ўсе з ім пагадзіліся. ЗША і краіны Заходняй Еўропы прапаноўвалі замацаваць у ёй толькі артыкулы аб грамадзянскіх і палітычных правах. СССР і яго сатэліты, у тым ліку БССР і УССР, настойвалі на ўключэнні ў тэкст Дэкларацыі эканамічных і сацыяльных правоў, расцэньваючы іх як «сацыялістычную дактрыну правоў чалавека». Ну проста як зараз Аляксандр Лукашэнка, для якога галоўныя правы чалавека — права на працу і жыллё.

У выніку Дэкларацыя, прынятая 10 снежня 1948 года, стала сапраўды ўніверсальным і «ўсеагульным» дакументам аб правах чалавека, якая адлюстравала падыходы як краінаў капіталізму, так і сацыялізму.

І таму асноўныя правы чалавека ў Дэкларацыі вызначаюцца ў «трохступеннай паслядоўнасці».

Грамадзянскія правы

Першая ступень — гэта грамадзянскія правы. Да такіх адносяць, напрыклад, права на жыццё, на свабоду і на асабістую недатыкальнасць; права на свабоду ад катаванняў або жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання і пакарання; права на роўнасць перад законам і на роўную абарону; права на эфектыўнае аднаўленне ў правах; права на свабоду ад адвольнага арышту, затрымання або выгнання; права на адкрыты, з захаваннем усіх патрабаванняў справядлівасці, судовы разгляд крымінальнай справы; права лічыцца невінаватым да таго часу, пакуль віна не будзе ўстаноўлена ў выніку публічнага судовага разбору, пры якім асобе забяспечваюцца ўсе магчымасці для абароны.

Да гэтай катэгорыі адносяцца таксама права на свабоду ад неабгрунтаванага ўмяшання ў асабістае і сямейнае жыццё, права на недатыкальнасць жылля, тайну карэспандэнцыі; права на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах дзяржавы, права пакідаць краіну і вяртацца назад; права шукаць прыстанак ад пераследу ў іншых краінах; права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі.

Варта зазначыць, што гэтыя правы належаць кожнаму чалавеку, незалежна ад грамадзянства і іншых прыкмет. Яны носяць неад’емны характар: з імі чалавек нараджаецца і памірае. Гэта — асабісты «капітал» чалавека, на які дзяржава не мае права замахвацца, акрамя выпадкаў, калі для гэтага ёсць законныя і дастатковыя падставы.

Палітычныя свабоды

Палітычныя свабоды чалавека — гэта права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі незалежна ад дзяржаўных межаў; права на свабоду мірных сходаў; права на аб’яднанне ў асацыяцыі; права прымаць удзел у кіраванні дзяржавай непасрэдна ці праз свабодна выбраных прадстаўнікоў.

У Дэкларацыі падкрэсліваецца, што воля народа павінна быць асновай улады ўрада. Гэта воля павінна знаходзіць сваё выяўленне ў перыядычных і нефальсіфікаваных выбарах.

Іншае і парадак дзейнасці

Што тычыцца блоку сацыяльна-эканамічных і культурных правоў чалавека, то ва УДПЧ да іх адносяцца права на працу, на свабодны выбар работы, на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы і на абарону ад беспрацоўя; права на роўную аплату за роўную працу; права ствараць прафсаюзы і ўступаць у прафсаюзы для абароны сваіх інтарэсаў; права на сацыяльнае забеспячэнне і на ажыццяўленне правоў у эканамічнай, сацыяльнай і культурных галінах; права на адукацыю; права на свабодны ўдзел у культурным жыцці грамадства.

Артыкул 28 прадугледжвае, што кожны мае права на грамадскі і міжнародны парадак, пры якім ягоныя правы і свабоды могуць быць цалкам ажыццёўлены. То бок, гаворка ідзе пра рэальнае ажыццяўленне ў кожнай краіне асноўных правоў і свабод чалавека.

У артыкуле 29 гаворыцца, што кожны чалавек мае перад грамадствам (але не перад дзяржавай — аўт.) пэўныя абавязкі. Тут жа замацоўваецца норма аб магчымых абмежаваннях правоў і свабод чалавека, якія павінны ўсталёўвацца толькі законам і выключна «з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве».

У завяршальным артыкуле 30 падкрэсліваецца, што ніводнае і ніякае палажэнне УДПЧ не можа тлумачыцца такім чынам, што дзяржаве, групе асоб або асобным людзям дазваляецца ўчыняць дзеянні, накіраваныя на знішчэнне правоў і свабод, выкладзеных у Дэкларацыі.

Падкрэслю, што я прыводжу «выбраныя правы», якія часцяком парушаюцца беларускай дзяржавай. Поўны тэкст УДПЧ можна зараз знайсці дзе заўгодна — ад інтэрнэту да любой бібліятэкі.

А што ў нас?

Варта прызнаць, што абсалютная большасць нормаў Дэкларацыі ў нас не выконваюцца, хоць і абвяшчаюцца на ўзроўні Канстытуцыі і законаў. У Беларусі людзі толькі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі, а калі падрастаюць, то часцяком губляюць свабоду і годнасць у адносінах з уладай. Яны не роўныя ў залежнасці ад мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, маёмаснага і іншага становішча.

Прычым, часцяком гэтыя парушэнні «перасякаюцца». Напрыклад, беларускі закон аб рэлігіі, прыняты насуперак пратэстам вернікаў у 2002 годзе, абавязвае рэгістраваць рэлігійныя ўстановы. Для рэгістрацыі такой установы патрабуецца 20 чалавек, а любы іх сход — гэта ўжо незарэгістраваная рэлігійная дзейнасць. То бок, парушаецца права на свабоду перакананняў, на свабоду мірных сходаў, на аб’яднанне.

У перашкодах стварэнню незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» — аж да звальнення ініцыятараў гэтай справы — з боку дзяржавы было парушана права на аб’яднанне, «савецкае» права на стварэнне і ўступленне ў прафсаюз, а таксама для некаторых — права на працу.

Прысуд «тэрарысту» Уладзіславу Кавалёву быў абскарджаны ў Камітэце па правах чалавека ААН, і Камітэт вырашыў — у дачыненні да Кавалёва былі парушаныя ягоныя агульначалавечыя правы, а таксама міжнародныя дамовы Беларусі. Прынамсі, было прымяненне фізічнай сілы; прымус да дачы паказанняў супраць сябе; парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Акрамя таго, у ААН лічаць, што суд не з’яўляўся незалежным і бесстароннім.

Рэальнасць такая, што грамадзяне Беларусі не маюць права на жыццё, на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Яны без усялякіх падстаў могуць стаць ахвярамі самавольства з боку ўладаў і не могуць абараніць свае правы ўнутры краіны.

Прэтэнзіі да беларускіх уладаў, зыходзячы з палажэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, можна працягнуць. Галоўная з гэтых прэтэнзій — органы ўлады не выконваюць сваіх абавязацельстваў перад грамадзянамі.

Непрамое дзеянне

Галоўная хіба ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў тым, што яна не з’яўляецца абавязковым дакументам. Адзіным наступствам у выпадку парушэння Дэкларацыі можа быць толькі выказванне недаверу з боку міжнароднай супольнасці.

Але існуе і шэраг іншых метадаў уздзеяння на беларускія ўлады ў кантэксце міжнародна-прававых дамоваў. Пра тое, што з абавязковага не выконвае Беларусь і што абавязвае яе выконваць правы чалавека — чытайце ў наступнай частцы.

Абмеркаванне:

  • MichaelPrem
  • 2014-05-16 02:38:56
Ох уж эти славянки!



[url=http://www.yeiskomp.ru/]слушать транс онлайн[/url]

Каментаваць