Нашы ў Бундэстагу

Патрапіць на працу у Бундэстаг не проста, а вельмі проста. Трэба толькі добра ведаць нямецкую мову, быць маладым спецыялістам і займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. І, канешне ж, паўдзельнічаць у праграме «Міжнародная парламенцкая стыпендыя», якую штогод праводзіць Германія.



Гэтымі днямі ў Мінск завітала дэлегацыя нямецкага Бундэстага. Не з мэтай кантактаў з беларускімі афіцыйнымі асобамі, а для таго, каб адабраць пяць чалавек з Беларусі. Якія пройдуць пяцімесячную стажыроўку ў якасці памочніка дэпутата нямецкага Бундэстага. Менавіта пра гэта і пра праграму Міжнароднай парламенцкай стыпендыі распавёў журналістам у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры адзін са сталых удзельнікаў гэтай праграмы, ужо былы дэпутат нямецкага парламента Бернд Шэлен.

У праграме ўдзельнічаюць студэнты з 28 краін свету. Штогод 120 маладых людзей на пяць месяцаў прыязджаюць у Берлін, каб прайсці стажыроўку ў Бундэстагу, паглядзець, як працуе нямецкі парламент і на сваім досведзе зразумець, чым займаецца нямецкі дэпутат. Беларусь далучылася да гэтай праграмы ў 2008 годзе.

З 1 сакавіка па 31 ліпеня маладыя людзі становяцца «правай рукой» нямецкага дэпутата. Яны «прыпісваюцца» да ягонага офіса, паўнавартасна ўдзельнічаючы ў ягонай працы, не адстаючы ад дэпутата ані на крок. Разам з ім яны знаходзяцца на пленарных пасяджэннях у парламенце, удзельнічаюць у працы сталых парламенцкіх груп, ходзяць на пасяджэнні парламенцкіх фракцый і гэтак далей. То бок, разам з дэпутатам выконваюць ягоную працу. У гэтым працэсе яны і знаёмяцца з тым, як ажыццяўляецца заканатворчая дзейнасць у Германіі.

Аднак сесія ў нямецкім Бундэстагу доўжыцца, зразумела, не пяць месяцаў, а 7–8 тыдняў. Пасля сесіі стажор працы з дэпутатам не перарывае. Ён едзе разам з ім у выбарчую акругу, каб пабачыць, што дэпутат робіць для выбаршчыкаў «на месцах», каб атрымаць уяўленне пра тое, чым займаецца нямецкі парламентар, калі ў яго няма пасяджэнняў.

Але адукацыі для маладых людзей ніхто не адмяняў. У перыяд пяцімесячнага знаходжання ў Германіі студэнты залічваюцца ва Універсітэт імя Гумбальта ў Берліне і атрымліваюць магчымасць наведваць навучальныя заняткі.

Адпаведна, студэнтам надаецца жыллё, аплачваецца праезд і медычная страхоўка, а таксама выплачваецца стыпендыя — каля 450 еўра на месяц.

Спадар Шэлен ужо тройчы прыязджаў тэставаць беларускіх студэнтаў для такой праграмы. Па ягоных словах, ён вельмі задаволены падрыхтоўкай беларусаў. Але, на жаль, пра конкурс ведае не так ужо і шмат народа: на пяць месцаў сёлета прэтэндавалі толькі 10 чалавек, хаця летась прэтэндэнтаў было ўдвая больш.

Моўная падрыхтоўка, па словах Шэлена, канешне, момант неабходны. Інакш як ты будзеш разумець «свайго» дэпутата? Але не менш неабходным момантам з’яўляецца актыўная жыццёвая пазіцыя чалавека.

Немцы кажуць пра «удзел у палітыцы», што для беларускай сітуацыі, здавалася б, даволі небяспечна. Але тут трэба разумець, што такое для немцаў «палітыка». Пад «палітыкай» яны разумеюць удзел у нейкіх недзяржаўных арганізацыях, і нават проста ініцыятываў. Напрыклад, будаўніцтва атамных электрастанцыі і адносіны да іх. Гэта прыярытэт эколагаў? Не, для Германіі гэта таксама палітыка (як, дарэчы, і апошнім часам у нас). Узнаўленне гістарычнай памяці, развіццё паразумення паміж народамі, асэнсаванне мінулага — здаецца, гісторыя? У Германіі гэта — таксама палітыка, і нават на дзяржаўным узроўні.

То бок, актыўная жыццёвая пазіцыя для кандыдата неабходная.

Ну і, канешне ж, узрост: прэтэндэнт на момант пачатку праграмы павінен быць не старэйшы за 30 год.

Спадар Шэлен вельмі ўзрушаўся: у гэтым годзе было адабрана пяць чалавек, і ўсе пяцёра — дзяўчыны ва ўзросце 24–26 гадоў. Гэта з’яўляецца, па ягоных словах, праблемай усёй праграмы: на 80% стажоры Бундэстага з усіх 28 краінаў з’яўляюцца стажоркамі, што ў «гендэрна правільнай» Германіі не ёсць добра. Мажліва, так адбываецца з-за таго, што дзяўчыны больш здольныя да моваў? Можа, але ў мінулым годзе на стажыроўку адправіліся тры дзяўчыны і два хлопцы.

Што тычыцца палітычных перакананняў новых стажораў, то тут праблем не ўзнікае. На сябе на стажыроўку маладых людзей з замежжа, па словах Шэлена, з задавальненнем бяруць дэпутаты ўсіх фракцый нямецкага парламента. І наўрад ці хтосьці запіхне стажора, які займаўся супрацівам будаўніцтву АЭС, па сутнасці «зялёнага», да дэпутата-кансерватара.

«Калі па нейкіх праблемах у Бундэстагу і вядуцца дэбаты, то па гэтай праграме ніякіх дэбатаў няма. Адпаведна, няма і праблемаў з фінансаваннем праграмы. Нават ёсць дэпутацкая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх фракцый парламента, якія займаюцца развіццём гэтай праграмы», — паведаміў Шэлен.

Апроч таго, ён адзначыў: зараз група нямецкіх экспертаў выбрала пяць чалавек з Беларусі. А на наступны дзень гэтая ж група вылятае ў Кіеў, дзе таксама адбярэ ўкраінскіх удзельнікаў праграмы. Каб не было зацікаўленасці нямецкіх дэпутатаў у такіх стажорах, то ніхто б не куды не лятаў і не марнаваў бы грошы нямецкіх падаткаплатнікаў.

Да таго ж, гэтая праграма прызначаная не толькі для азнаямлення з працай дэпутата і адукацыяй. Немцы — народ практычны, і імкнуцца атрымаць дадатковую «аддачу» ў выглядзе ўсталявання сувязяў паміж самімі стыпендыятамі з розных краінаў. Дзеля гэтага праводзяцца агульныя вечарынкі, іншыя мерапрыемствы. Стыпендыятам прадстаўляецца на дваіх трохпакаёвая кватэра ў Берліне, але ў гэтую кватэру не патрапяць разам жыць, скажам, дзве беларускі. Абавязкова ў такой кватэры будуць жыць прадстаўнікі ці прадстаўніцы розных краінаў. Гэта — дадатковы імпульс для разумення чужой культуры і як мага лепшай прэзентацыі сваёй краіны.

Што з гэтага маюць нашы стажоры, і навошта гэта Бундэстагу? Зразумела, стажоры маюць самую вялікую рэч на свеце — магчымасці. Магчымасці азнаёміцца з сапраўднай парламенцкай дэмакратыяй, маюць досвед, маюць магчымасць завязаць карысныя кантакты, з якіх узнікаюць новыя магчымасці. А немцы маюць станоўчы імідж «адкрытага для народа» парламента і ўвогуле, станоўчы імідж Германіі ў свеце. А гэта не так ужо і мала.

Аб’явы па конкурс, тэрміны прыняцця заявак, узоры дакументаў — усё гэта можна знайсці на сайце нямецкага Бундэстага.

 Пра пачатак праграмы рэгулярна інфармуе і сайт нямецкага пасольства ў Беларусі.

Каментаваць