Нашы ў Лондане: не ведаем, што будзе, чакаем горшага

Вынікі брытанскага рэферэндуму сталі непрыемнай навіной для Ліліі Прунскене, грамадзянкі Літвы, ураджэнкі Беларусі.


«Мы ў роспачы, — распавяла Лілія. — Хаця зразумела, што сам працэс выхаду Вялікабрытаніі з ЕС расцягнецца на некалькі гадоў, і яшчэ не зразумела, як ён будзе адбывацца, але пэўны непакой ёсць. Хутчэй за ўсё, мы з мужам будзем падаваць дакументы на атрыманне віду на жыхарства. Раней нам гэта было не патрэбна, бо мы і так грамадзяне ЕС, але зараз…»

 

Лілія нарадзілася і вучылася ў Беларусі. Пасля з’ехала на працу ў Вільню. Выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. А ў 1990-я гады, калі Літва аднавіла сваю незалежнасць, атрымала літоўскае грамадзянства. У 2004-м Літва стала сябрам ЕС. Сям’я Прунскас вырашыла паехаць працаваць у Вялікабрытанію. І праз пару гадоў здзейсніла мару. Пасля некалькіх гадоў працы ў Лондане сям’я купіла дом у крэдыт. Зараз мае добрыя заробкі, ездзіць у адпачынак і проста павандраваць па ўсяму свету. Двое іх дзяцей таксама працуюць у Лондане.


Менавіта будучыня дзяцей больш за ўсё і непакоіць Лілію:


«Мы за сябе не надта перажываем. Ну можа хіба з медычным абслугоўваннем будзе больш складана, што ў нашым узросце, праўда, ужо мае значэнне (Ліліі ужо пад 60 гадоў). Хаця Камеран паабяцаў, што для тых грамадзян ЕС, якія даўно прыехалі ў краіну, нічога істотна не зменіцца. А вось за дзяцей перажываем. Для моладзі сяброўства ў ЕС вельмі важна, асабліва для перспектыў.


Мы, дарэчы, у свой час былі прыхільнікамі ідэі правядзення рэферэндуму. Бо на самай справе, напрыклад, у Лондане вельмі шмат грамадзян Літвы, Латвіі, Польшчы, якія жывуць толькі на дапамогу, яны нарадзілі шмат дзяцей, атрымліваюць добрыя грошы на іх, працуюць, як правіла, нелегальна, ды яшчэ і дапамогу атрымліваюць. Тых, хто сумленна працуе, гэта вельмі непакоіць…


Што будзе зараз, цяжка сказаць. У любым выпадку, Вялікабрытанія выйдзе з ЕС не заўтра, на гэта спатрэбіцца некалькі гадоў. Але пакуль што мы чакаем горшага».



Каментаваць