Навошта Беларусі і Венесуэле новая «дарожная мапа»?

Аляксандр Лукашэнка, які правёў перамовы з Нікаласам Мадурам, заявіў, што Беларусь і Венесуэла найбліжэйшым часам распрацуюць «новую дарожную мапу». Што ж не задавальняе бакі ў сённяшнім стане рэчаў?



news.tut.by


Як паведаміў афіцыйны беларускі лідар, «мы прынялі рашэнне аб тым, што нам трэба ўзмацніць дынамізм адносінаў, правесці рэвізію ўсіх праблемаў і пытанняў, якія існуюць і існавалі раней, і выпрацаваць у выніку гэтай рэвізіі новую «дарожную мапу» развіцця стасункаў». Па словах Лукашэнкі, бакі дамовіліся, што не пазней за 4 жніўня ў Мінску збярэцца сумесная беларуска-венесуэльская камісія, якая мае выпрацаваць канкрэтныя прапановы па «дарожнай мапе». Гэтыя прапановы будуць прадстаўленыя на разгляд абодвух прэзідэнтаў. 

Выключна асабістыя дамоўленасці

Чым жа выклікана неабходнасць распрацоўкі новай «дарожнай мапы»? Як адзначыў у каментары «Новаму часу» эксперт Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валеры Карбалевіч, эканамічныя адносіны Беларусі з Венесуэлай грунтаваліся на асабістых дамоўленасцях паміж двумя кіраўнікамі гэтых краінаў — Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам.

«Зразумела, што калі кіраўнік у Венесуэлы змяніўся, то патрэбныя новыя дамоўленасці, таму што ўсе старыя як бы засталіся ў мінулым, — лічыць палітолаг. — Трэба наноў дамаўляцца з новым кіраўніком, вось таму і патрэбна гэтая новая «дарожная мапа». Бо калі адносіны грунтуюцца на нейкіх абставінах, якія мала залежаць ад дамоўленасцяў прэзідэнтаў, то не патрэбная ніякая «дарожная мапа».

Валеры Карбалевіч прыводзіць прыклад узаемадачыненняў паміж Беларуссю і Украінай. «Кіраўнікі дзяржаваў не сустракаліся вельмі працяглы час, але гандаль паміж краінамі развіваўся вельмі добра і без усялякага ўдзелу прэзідэнтаў», — канстатуе аналітык.

Калі б існавалі дачыненні, якія грунтуюцца на камерцыйнай выгадзе розных эканамічных суб’ектаў Беларусі і Венесуэлы, то не было б ніякіх праблемаў, лічыць Валеры Карбалевіч. У нашым варыянце спачатку ўзнікаюць палітычныя дамоўленасці, а толькі потым пачынаюць лічыць, выгадна гэта ці не. І на ўсе працэсы ўплывае найперш палітычная воля кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў.

«Гэта ёсць праблема. Я не выключаю, што Мадура, магчыма, глядзіць на нейкія эканамічныя стасункі па-іншаму, чым Чавес, і гэта можа выклікаць пэўныя пытанні, таму што, паўтаруся, ўсё залежыць ад пункту погляду і стаўлення да праблемы асабіста кіраўніка дзяржавы», — падкрэсліў суразмоўца.

Ці існуе запазычанасць?

Тым часам амбасадар Венесуэлы ў Беларусі Амерыга Дыяс Нуньес адмаўляецца даць канкрэтны адказ на пытанне, ці існуе запазычанасць Беларусі перад Венесуэлай за ранейшыя пастаўкі ў нашу краіну венесуэльскай нафты. Раней незалежныя крыніцы паведамлялі пра тое, што за «сяброўскую» заакіянскую нафту Мінск завінаваціўся Каракасу 2,8 мільярда долараў.

«Адносіны паміж Беларуссю і Венесуэлай развіваюцца добра, дынамічна, гаворка ідзе пра іх развіццё і нарошчванне, — цытуе Ніньяса «Інтэрфакс-Захад» (прэс-канферэнцыя пасла прайшла 4 ліпеня). — Ніякіх непераадольных праблемаў або нейкай вострай сітуацыі ва ўзаемаразліках не існуе, усе яны вырашаюцца і абмяркоўваюцца ў працоўным парадку».

Дарэчы, Венесуэла таксама прадастаўляла Беларусі крэдыт на 500 мільёнаў долараў. Па словах Ніньяса, «усё ажыццяўляецца ў рамках падпісаных дакументаў, ніякай затрымкі з беларускага боку па пагашэнні крэдыту няма». 

Валеры Карбалевіч мяркуе, што праблема з запазычанасцю за венесуэльскую нафту ўсё ж існуе. «Справа ў тым, што эканамічныя дачыненні ў значнай ступені грунтуюцца на нейкіх узаемаразліках, на нейкім бартары: вы нам нафту, а мы вам, скажам, нейкія ваенна-тэхнічныя элементы на пабудову супрацьпаветранай абароны Венесуэлы. А як можна пералічыць нейкі зенітны комплекс на нафту? Тут відаць, што дамаўляюцца палітыкі, і ў такім разе я не выключаю, што амбасадар нават і не ведаў гэтых лічбаў, калі адбываюцца ўзаемныя разлікі па бартары. І верагодна, што ўвогуле мала хто ведае, якія там былі асабістыя дамоўленасці і які там доўг, ці заплацілі мы, ці не заплацілі. Адзін бок можа лічыць, што так, другі бок — што не. Гэта праблема, калі няма нармальных эканамічных стасункаў, а ўсё будуецца на палітычных разліках і нейкіх сяброўскіх абменах», — рэзюмуе палітолаг.

Каментаваць