Навошта Лукашэнка паехаў у Уфу?

Афіцыйны беларускі лідар вырашыў узяць удзел у самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), а таксама БРІКС, куды ўваходзяць Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Навошта Аляксандр Лукашэнка наведвае гэтыя саміты, якія працягнуцца да 10 ліпеня?

 



Як адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, сёння ў ШАС старшынюе Расія, і Лукашэнка запрошаны на саміт паводле рэкамендацыі Пуціна. Эксперт нагадвае, што ШАС — гэта ўсё ж не расійская структура, але больш кітайская, там дамінуе менавіта Пекін, а беларускі кіраўнік нядаўна сустракаўся з кітайскім лідарам, які наведваў Беларусь. “Потым у Беларусь прыязджаў прэзідэнт Індыі. Дарэчы, да ШАС падпаўзае не толькі Індыя, але і Пакістан, дзе нядаўна быў Лукашэнка. Так што ён, калі не лічыць цэнтральна-азіяцкія краіны, што ўваходзяць у ШАС, ведае там многа каго, і там шмат хто ведае Лукашэнку”, — канстатуе суразмоўца.

Апроч таго, працягвае ён, цяперашняя паездка — гэта намер прадэманстраваць, што Лукашэнка не знаходзіцца ў міжнроднай ізаляцыі. “Але падкрэсліваю, што ў Уфу Лукашэнка паехаў менавіта па запрашэнні і па рэкамендацыі Пуціна. А навошта Лукашэнка Пуціну ў гэтых структурах? Я нагадаю, што за савецкімі часамі Беларуская ССР была чальцом ААН, на чым настаяў Сталін, бо, як кажуць, лішні голас у міжнародных структурах не перашкодзіць”, — кажа Раман Якаўлеўскі.

А ці мае Беларусь права голасу ў ШАС і БРІГС? Якаўлеўскі нагадвае, што ў ШАС у Беларусі статус “партнёра па дыялогу”. Больш высокі статус — назіральнік, таму эксперт не выключае, што Беларусь можа дамагацца павысіць і свой статус да назіральніка. “Хаця там перавага аддаецца тым краінам, якія памежнічаюць адна з адной. А Беларусь памежнічае з Расіяй. Дарэчы, зараз у такім жа статусе “партнёра па дыялогу” разам з Беларуссю знаходзяцца Турцыя і Шры-Ланка”, — нагадаў палітычны аглядальнік.

Што рабіць Беларусі ў БРІКС — пытанне цікавае, гэта можа выклікаць толькі ўсмешку, кажа Якаўлеўскі. “Проста два саміты адбываюцца ў адным месцы. Я не думаю, што на саміце БРІКС ён будзе сядзець за агульным сталом, але нефармальна пагутарыць (а там будуць і прэзідэнт Бразіліі, і кіраўнік Паўднёвай Афрыкі, і прэм’ер-міністр Індыі) магчымасць, відаць, будзе. Я не выключаю, што Беларускае тэлебачанне так падасць гэты візіт, што Лукашэнка ледзьве не старшыняваў на гэтых самітах. У любым выпадку, гэты візіт будзе выкарыстаны тутэйшай прапагандай напоўніцу. Але яшчэ раз падкрэслю: Лукашэнку на гэтыя саміты запрасіла Расія як старшыня ШАС. Так што будзем чакаць чарговых рапартаў пра пераможную шматвектарную знешнюю палітыку беларускага кіраўніцтва”, — іранізуе эксперт.

Але не так усё проста можа быць для беларускага начальства на гэтых самітах. Прынамсі, пад пытаннем застаецца павышэнне статуса афіцыйнага Мінска ў ШАС да назіральніка. Інфармацыйнае агенцтва ТАСС (Расія) цытуе намесніка міністра замежных справаў Беларусі Валянціна Рыбакова, які засмучаны тым, што хоць па гэтым пытанні амаль усе краіны-ўдзельніцы ШАС згодны, але супраць выступае Узбекістан. Чаму? Добрае пытанне. Тым не менш, паводле Рыбакова, афіцыйны Мінск не губляе надзеяў знайсці паразумення ў гэтым пытанні з Ташкентам. 

Каментаваць