Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Не хачу ў СССР!

Зразумела, чаму Аляксандр Лукашэнка і Генадзь Зюганаў настальгуюць па СССР. Таму што тады дрэвы былі вялікія, самі яны — маладзейшыя і здаравейшыя. Але калі шчыра спытаць, ці хочуць яны насамрэч назад, у СССР? Думаю, не...

Мала хто ведае, што ў показкі пра «хачу жыць у Беларусі, якую паказваюць па тэлебачанні», быў прататып. Стары савецкі анекдот пра тое, як настаўніца ў першым класе на «ўроку міра» распавядала дзецям, якая цудоўная краіна — СССР, якія там магчымасці, ніхто нікога не крыўдзіць, ва ўсіх добрыя цацкі… І адзін малы раптам заенчыў: «Хачу жыць у Савецкім Саюзе!»

Жаданне жыць у СССР на тыдні дэманстраваў беларускі кіраўнік. Ён сустрэўся са сваім старым сябрам — старшынёй фракцыі КПРФ у Дзярждуме Генадзем Зюганавым. «Падкрэсліваю абсалютна адкрыта, шчыра: вашы ідэі нам не чужыя. Больш за тое, у адрозненне ад многіх постсавецкіх рэспублік, мы спрабуем — і многае ў нас атрымліваецца з рэалізацыяй гэтых ідэй. Таму ідэя, што рынак нас выратуе, што капіталізм — гэта адзіная сістэма, якая можа сёння існаваць, поўная лухта. Трэба проста працаваць і шанаваць людзей. Прыйдзе час, калі мы пашкадуем, што ўсё з мінулага перакрэслілі», — казаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы стараемся трымацца, але цяжкавата без вас», — нават пажаліўся Аляксандр Рыгоравіч.

Бачна, сустрэча двух сяброў была вельмі цёплай, паколькі ўзгадваў яе Лукашэнка і на іншай нарадзе — з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі, праваахоўных органаў і ведамстваў сістэмы нацыянальнай бяспекі. Правадыр Сінявокай, калі казаў пра парадак і дысцыпліну ў момант уборачнай кампаніі, адзначыў, што «ў савецкія часы было шмат добрага, што мы спрабуем захаваць».

Канешне, ён казаў гэта ў іншым ракурсе: маўляў, нядбайнасць потым нам дорага абыходзіцца. «Можаце палічыць, калі б мы страцілі, як заўсёды ў нас плануюць вяскоўцы і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, 10% ураджаю (гэта, нібыта, натуральныя страты). З 10 мільёнаў тон (збожжавых) сабранага страцілі б за 1 мільён тон. Памножце на 200 долараў прыкладна — сусветная цана. Грубы падлік дае нам страты», — сказаў ён.

Я, дарэчы, не так даўно таксама настальгаваў па часах СССР — калі запісваў дзіцё ў басейн. Не ў бясплатную, а ў платную групу. Каб аддаць свае грошы і зрабіць добрае дзіцяці, мне спатрэбілася выстаяць у чарзе такіх жа жадаючых тры гадзіны.

І стоячы гэтыя гадзіны, я ўзгадваў, як у часы СССР, яшчэ падлеткам, стаяў прыкладна такую ж чаргу — чатыры гадзіны — за пральнай пастай «Пальміра». Давалі яе па дзве бляшанкі ў адны рукі, і дзеля таго, каб яе набыць, бацькі дазволілі мне прагуляць школу…

Трохгадзінная чарга ў басейн у краіне, якая дзіцячы спорт абвяшчае прыярытэтам, — гэта тое добрае, што мы захавалі ад СССР?

Асабліва цікава, чаму раптам пра Аляксандра Рыгоравіча ўзгадаў яго сябра Генадзь Андрэевіч? Раней казалі, што Лукашэнка неаднаразова аказваў галоўнаму камуністу Расіі фінансавую падтрымку падчас рознага кшталту выбараў. А ў Расіі на носе — прэзідэнцкая кампанія. Няўжо галоўны расійскі камуніст прыехаў у Беларусь зноў шукаць грошы?

Мы самі выцыганьваем з Расіі дробязныя крэдыты, адкуль у нас дадатковыя фінансы? Ну і раней, магчыма, такая падтрымка была апраўданай — калі ў Расійскай Федэрацыі існаваў так званы «чырвоны пояс» рэгіёнаў. То бок тых, якія кантраляваліся камуністамі. Мы маглі аказваць падтрымку лідару КПРФ, узамен нашы тавары бесперашкодна пастаўляліся ў гэты «пояс». Зараз таго і блізка няма — усё пад Пуціным.

Больш за тое, да Расіі ў нас, як высветлілася, шмат нараканняў. У асноўным у РФ завіслі больш за паўмільярда нашых, кроўна заробленых, долараў. Гэты завісон — пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць замежных партнёраў перад беларускімі эканамічнымі суб'ектамі, сказаў журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

«Мы спрабуем шукаць грошы, праводзім мадэрнізацыю вытворчасцяў... А на сёння больш за паўмільярда грошай завісла. І, на жаль, не ўсе гэтыя грошы мы зможам дастаць. Таму што дзесьці ашуканскія структуры былі задзейнічаныя, калі наша прадпрыемства заганяе прадукцыю, скажам, у нейкае расійскае прадстаўніцтва або фірму, а тая банкрутуе. І ўсё — ужо цяжка будзе што-небудзь вярнуць пасля такіх дзеянняў», — заявіў генпракурор.

Заўважце, заходнія краіны, і нават Украіну ў якасці ганебнага прыкладу спадар Канюк не прыводзіў. Усё, што нам не сплочана, не выплачвае, у асноўным, «старэйшы брат» і «стратэгічны партнёр». Там добра ўзялі на ўзбраенне знакамітую фразу Мядзведзева: «Грошай няма, але вы трымайцеся, шчасця вам і здароўя». І зараз будуць паўтараць яе з любой нагоды. А некаторыя нашыя гаспадарчыя суб'екты, па словах таго ж Канюка, «з упартасцю, вартай лепшага прымянення, накіроўваюць у адну і тую ж кропку нашу прадукцыю без аплаты».

Вось бы спадар Зюганаў выбіў бы гэтыя грошы з расійскіх камерсантаў! Тады б сапраўды можна было б і падумаць пра «аддзяку» ў выглядзе пэўнай сумы — за калектарскія паслугі.

А можа, я дарма нагаворваю на чалавека. Можа, Зюганаў сапраўды прыехаў у Мінск як турыст — панастальгаваць з сябрам, прайсціся па горадзе. Урэшце, Мінск трапіў на пятае месца ў у топ–30 гарадоў, дзе можна выдатна правесці выходныя. І гэта па версіі не каго-небудзь, а брытанскай «The Times».

«Стаміліся ад Парыжа або Рыма? Паспрабуйце правесці выхадныя ў Таліне ці Мінску — менш чым за 250 фунтаў стэрлінгаў», — піша выданне. Тым больш, што для паездкі ў Беларусь працягласцю да 5 дзён можна абысціся без візы.

«Футурыстычная архітэктура побач з савецкімі шматпавярховікамі і роспісамі, а таксама мноства пасляваенных помнікаў. Абавязкова паглядзіце оперу і балет у Вялікім тэатры, дзе добрыя месцы прадаюць менш чым за 1 фунт. Ежа тут добрая, у рэстаранах падаюць салянку — востры кіслы рускі суп, і бліны з мясной падлівай (верагодна, маюць на ўвазе мачанку). Увечары ідзіце за мясцовымі жыхарамі да шматлікіх корчмаў у нямецкім стылі», — рэкамендуюць аўтары матэрыялу.

Толькі вось бяда: у СССР не было корчмаў у нямецкім стылі. І замежных турыстаў таксама амаль не было. І без візы нікога не пускалі. А пра паўмільярда долараў народ нават не чуў. Затое было слова «дэфіцыт», і мандарыны з’яўляліся толькі на Новы год.

Зразумела, чаму Аляксандр Лукашэнка і Генадзь Зюганаў настальгуюць па СССР. Таму што тады дрэвы былі вялікія, самі яны — маладзейшыя і здаравейшыя. Але калі шчыра спытаць, ці хочуць яны насамрэч назад, у СССР? Думаю, не.

Вось і я туды больш не хачу.



Каментаваць