Не першыя і не апошнія ператрусы. Мы гатовы?

Для журналістаў тут.бая ранак 7 жніўня, напэўна, стаў шакавальным. Журналісты іншых незалежных выданняў, напэўна, не здзівіліся б, каб убачылі ў сваіх офісах супрацоўнікаў СК, КДБ ці яшчэ якую трасцу. Але тэкст не пра гэта...

Фота з сайту ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Фота з сайту ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэтыя ператрусы — далёка не першыя. Напэўна, не засталося ў Беларусі незалежных выданняў, якія б не перажылі затрыманні, канфіскацыі, штрафы, блакіроўкі і, канечне ж, ператрусы. Падчас выбарчых кампаній, акцый пратэсту ці чарговага этапу зачысткі інфапрасторы. Не буду ўсё пералічваць.

Гэтак жа, як не буду разважаць пра тое, што гэта значыць. Бо, на самай справе, нічога дзіўнага ў сённяшніх ператрусах па абсурдных абвінавачваннях няма. Усё тое, што робяць беларускія ўлады апошнія 23 гады (памятаеце збіццё дэпутатаў?) цалкам укладаецца ў класічную схему ўсталявання аўтарытарнага рэжыму. Таму, ўпэўненая, прапарцыйна страху згубіць уладу будуць узмацняцца і рэпрэсіі. А каб грамадства менш хвалявалася з гэтай нагоды, будуць зачышчаць інфармацыйную прастору да мінімальна магчымага ўзроўню. Калі не так, як ў Паўночнай Карэі, дык хаця б так, як у Азербайджане. Значыць, гэта далёка не апошнія ператрусы ў рэдакцыях незалежных СМІ.

Наступным можа быць хто заўгодна. Таму сказаць я хачу пра іншае. Пра нашу з вамі салідарнасць. Яшчэ зусім нядаўна некаторыя калегі ледзь не ўхвалялі блакіроўку “Хартыі”. Маўляў, нічога чытачы ад гэтага не згубілі, яны толькі кантэнт крадуць, хаця, канечне, блакаванне — гэта дрэнна. Было ж такое, праўда? А сёння я бачыла падобныя каментары пра тут.бай таксама ад калег. Маўляў, так ім і трэба, нельга сядзець на двух крэслах, яны не аб’ктыўныя, і наогул, хай ведаюць.

Што гэта? Традыцыйнае: не шкада, што карова падохла, шкада, што ў суседа жывая? Элементарнае небачанне далей за ўласны нос? Ці неразуменне таго для чаго мы ўсе працуем?

Калегі, журналісты, рэдактары! Прабачце, што нагадваю, але мы жывём не ў дэмакратычнай краіне (больш за тое, апошнія ўмяшальніцтвы дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян: непаслухмяныя бацькі непаўнагадовых, свінгеры, геі) дэманструе — таталітарызм не за гарамі. А гэта значыць, што разборкі наконт кантэнту, манетызацыі ды іншых фішак дэмакратычнага грамадства павінны быць другаснымі.

Безумоўна, размяшчаць не свае артыкулы без спасылкі, не паважаць аўтарскае права — гэта дрэнна, але не смяротна. Смяротна, калі не будзе наогул дзе размяшчаць тыя артыкулы, калі не будзе магчымасці данесці да чытача наша слова. Таму галоўнае для сённяшніх нашых незалежных медыя — выканаць сваю місію: данесці да грамадства праўду пра тое, што адбываецца навокал. І я толькі радавацца буду, калі артыкул Зінаіды Цімошак, Марата Гаравога, Мікалая Дзядка, Дзіяны Серадзюк ці каго іншага з журналістаў НЧ з’явіцца на іншым больш масавым рэсурсе, нават і без гіперспасылкі. Бо галоўнае — каб як мага больш людзей даведаліся пра тое, што ў гэтых артыкулах напісана.

Магчыма, я проста ўжо састарэла са сваімі поглядамі на тое, што такое СМІ ў аўтарытарнай краіне. Магчыма, час прыходзіць і заняцца чым-небудзь іншым…

Але пакуль я яшчэ тут і пакуль маю магчымасць размяшчаць свае рэфлексіі на ўлюбёным “Новым Часе”, хачу звярнуцца да калег — журналістаў і рэдактараў. Знайдзіце хвілінку, задайце сабе пытанне: для каго і дзеля чаго мы сёння працуем? І калі адказ будзе: дзеля будучай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі — забудзьце пра былыя крыўды і прэтэнзіі, будзьце салідарныя. Бо, магчыма, заўтра ранкам пагрукаюць у вашы дзверы. Ці гатовы мы да гэтага, спадарства?

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-08-08 09:39:51
"І я толькі радавацца буду, калі артыкул Зінаіды Цімошак, Марата Гаравога, Мікалая Дзядка, Дзіяны Серадзюк ці каго іншага з журналістаў НЧ з’явіцца на іншым больш масавым рэсурсе, нават і без гіперспасылкі". Нашто такія ахвяры? Унізе вашай старонкі напісана: "Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў — гiперспасылкi) на «НЧ»", і гэта нармальна. Ігнараванне рэдакцыі, якая першая апублікавала мат-л (= непавага да яе), не прыяе "будучай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі".
  • Аксана Колб
  • 2018-08-08 09:49:22
Што тут ахвярнага? Напісана і што? Будзем жыць пры іншай уладзе, тады і разбярэмся. А пакуль жывем пры гэтай, то галоўнае, каб пра Курапаты, забітага ў СІЗА ці забытую вёску даведалася як мага больш людзей. А тое, што нехта не паставіць спасылку мяне няшчаснай не зробіць, і гэта застанецца на яго сумленні.
  • ВР
  • 2018-08-08 10:49:36
"Будзем жыць пры іншай уладзе..." - дык не будзем, пакуль т. зв. "незалежнае грамадства" не здолее прапанаваць "залежнаму" рэальную альтэрнатыву - лепшыя, больш маральныя варыянты паводзін. Натуральна, гэткія паводзіны ўключаюць у сябе і павагу да працы рэдакцый, спасылку на першакрыніцы.
  • Копілефт
  • 2018-08-08 13:37:46
Занадта доўгі лагічны ланцужок паміж "у нас няма іншай улады" і "не ставяць спасылку на крыніцу". Няма тут прамой сувязі. У многіх аўтарытарных дзяржавах капірайт яшчэ як паважааецца і наадварот у Ісландыі ва ўладзе - Пірацкая партыя, якая ўвогуле адмаўляе аўтарскія правы.
  • ВР
  • 2018-08-08 13:58:33
1. Сярод усіх цывілізаваных краін толькі ў Ісландыі "Пірацкая партыя" дабілася поспеху, дый тое адноснага (10 месцаў з 63 у парламенце). І "ўвогуле адмаўляе аўт. правы" - моцна сказана. Думаю, яе кіраўнікі пратэставалі б першымі, калі б у краіне з'явілася яшчэ адна арганізацыя пад такой назвай і з іхняй праграмай.
2. Непасрэднай сувязі, можа, і няма. Тым не менш лічу, што, калі б у 2006 г. Аляксандр Ф., злоўлены на несанкцыянаваным выкарыстанні матэрыялаў Алены Наважылавай (naviny.by), сышоў бы з тутэйшага палітыкуму, паветра стала б чысцейшае. І ў 2010 г. дэмкандыдаты мелі б больш шансаў.
3. Наконт нейкіх аўтарытарных дзяржаў, дзе паважаецца капірайт... Дык многа дзе і правілы дарожнага руху паважаюцца - няўжо ад іх адмаўляцца толькі таму, што яны існуюць у той жа КНДР?

Каментаваць