Не гуляць у палітыку, а перамагаць

Падчас Беларускага еўрапейскага форуму кіраўнік руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у наступных прэзідэнтскіх выбарах. Прычым з намерам не гуляць у палітыку, а перамагаць.



Падчас Беларускага еўрапейскага форуму кіраўнік руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у наступных прэзідэнтскіх выбарах. Прычым з намерам не гуляць у палітыку, а перамагаць.

 Беларускі Еўрапейскі форум, які адбыўся ў Мінску 14 лістапада, фактычна стаў дэманстрацыяй палітычным сілам у Беларусі і Еўропе, падтрымкі і прыхільнасці да Мілінкевіча, які аднак не наважыўся наўпрост назваць Форум этапам сваёй выбарчай кампаніі. Паралельна Форум як дэманстарцыйнае мэрапрыемства паказаў Еўропе, што дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць за еўрапейскі вектар развіцця краіны. У форуме, паводле звестак мандатнай камісіі, прынялі ўдзел 809 чалавек, 98 ганаровых гасцей, 7 кіраўнікоў дыпламатычных місій.

Адкрываючы Форум, намеснік старшыні руху “За свабоду Віктар Карнеенка агучыў мэту форуму, як  «стымуляванне дыскусіі: ці патрэбен нам Еўрасаюз і дыялог уладаў з ЕС». Фактычна ўсе далейшыя выступы як прадстаўнікоў еўрапейскіх структур, так і беларускіх палітыкаў гучалі ў рэчышчы таго, што цяпер Беларусі патрэбна развіццё адносінаў у Еўропе, аднак на грунце нацыянальных каштоўнасцей.

Старшыня Еўрапейскага парламенту Ежы Бузэк у сваім відэазвароце да Форума, зазначыў: “Беларусь з’яўляецца часткай еўрапейскай цывілізацыі, часткай еўрапейскай сям’і. Вашае права жыць у суверэннай дзяржаве павінна быць абароненае. Еўрапейскі парламент у гэтым сэнсе працягвае руку Беларусі. У будучыні Беларусь павінна мець самыя моцныя сувязі з Еўрапейскім саюзам.

Амбасадар Швецыі, якая цяпер старшынствуе ў ЕС, Стэфан Эрыксан падкрэсліў, што цалкам магчыма мець партнёрскія сувязі з ЕС і захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць. “У Швецыі працэс далучэння да еўрапейскіх структураў быў нялёгкі.  Многія не хацелі аддаваць паўнамоцтвы Брусэлю. Але ўрэшце шведы пераканаліся, што можна быць еўрапейцам і пры гэтым заставацца шведам. Я спадзяюся, што форум узмацніць еўрапейскі вектар у Беларусі. Сваім ўдзелам, мы замежныя амбасадары, падтрымліваем не пэўныя партыі, не пэўных асобаў, а працэс еўрапейскай будучыні Беларусі. У Беларускім грамадзтве вельмі шмат людзей, якія бачаць Беларусь як частку Еўропы. Гэтыя людзі і ва ўладзе, і ў бізнэсе – паўсюль. Трэба іх аб’ядноўваць. Калі вынікам гэтага форуму будзе чарговае пацверджанне таго, што Беларусь належыць да еўрапейскай цывілізацыі, то гэты форум варта было праводзіць, – адзначыў дыпламат.

Прамова Аляксандра Мілінкевіча была напрыканцы Форума. Паводле сваёй танальнасці яна была дастаткова ўпэўненай. Аднак “запаліць залю наўрад ці атрымалася. “З кожным годам беларусы будуць патрабаваць большага кантролю над уладай, большых правоў і свабод, большай павагі да сябе і свайго нацыянальнага «я». Мы будзем падтрымліваць людзей у гэтых патрабаваннях. Мы павінны надаць гэтаму руху арганізацыйную форму. Трэба зрабіць так, каб нацыя нарэшце сказала сваё вырашальнае слова. І яна яго скажа. Нацыі трэба даць арыенцір – куды мы прапануем краіне рухацца? Наш адказ просты: Беларусь – у Еўропу! – заявіў палітык. І адзначыў, што лічыць сябе здольным туды “правесці Беларусь:

– Калі на выбары пойдзем, пойдзем для перамогі. У 2006-м было пякельна цяжка, і то працавалі на перамогу. Тады мы перамаглі страх. Такога страху, які быў перад Плошчай, больш не будзе. У 2011-м будзе лягчэй. Рэжым аслаб. Яго падтачыла эрозія. Тыя, хто раней рэжым будавалі, цяпер самі зразумелі: сістэму пара мяняць. Мы не дапусцілі развалу і дэзарганізацыі апазыцыі, калі лідэры сыходзілі адразу пасля выбараў ці з’язджалі за мяжу. Я, Мілінкевіч, тут, з вамі. Я прайшоў з вамі ўвесь шлях. З вамі быў на Плошчы ў 2006-м. З вамі сядзеў у турме на Акрэсьціна. Але давайце не абсалютызаваць асобу. Давайце абсалютызаваць супольнасць. Нашу грамадзянскую супольнасць. Даверыць нацыя незалежнаму грамадству прывесці Беларусь у Еўрасаюз, – даверыць і Мілінкевічу. Я здольны прывесьці Беларусь у Еўрасаюз.

Ужо пасля Форуму Мілінкевіч пацвердзіў журналістам свой намер удзельнічаць у  прэзідэнтскай кампаніі, аднак абмовіўся, што Форум адмыслова не ствараўся як стартавая пляцоўка пад яе. “Я не лічу, што гэта пачатак кампаніі. У кампанію варта і можна пайсці, калі не толькі ў залі цябе падтрымалі і былі апладысменты, а калі ты сабраў вялікую колькасць грамадзянскай супольнасці, калі ў рэгіёнах большасць цябе падтрымае, – патлумачыў палітык – Калі мы пойдзем многімі калонамі хаця б ад нацыянальна-дэмакратычнай часткі, то я не думаю, што варта ісці. Мне не цікава гуляць у палітыку, мне не патрэбен яшчэ адзін запіс у працоўную кніжку, што я быў кандыдатам у прэзідэнты. Я праўда хачу перамагаць, і веру, што шанец ёсць, так круціцца кола гісторыі, сітуацыя на нашу карысьць. Часткова Форум – складнік, але не планаваная акцыя, маёй выбарчай кампаніі.  

Ці будзе вылучаны Мілінкевіч у якасці адзінага кандыдату ад нядаўна створанага Беларускага незалежніцкага блоку, пакуль невядома, бо ў яго уваходзяць асобы, якія маюць свае амбіцыі на прэзідэнтскую кампанію. Але той факт, што на Форуме прысутнічалі прадстаўнікі блоку, паказвае падтрымку кандыдатуры Мілінкевіча. Палітык лічыць, што працаваць адзінаму кандыдату у межах Беларускага незалежніцкага блоку будзе лягчэй, чым у межах АДС. “Мы стварылі блок – гэта правобраз выбарчай кааліцыі, хаця мы яго стваралі не дзеля адных выбараў, я маю надзею, што ён будзе доўга карысным. Напэўна, ён вылучыць свайго кандыдата. Спадзяёмся, што партнёрамі блоку будзе вялікая колькасць грамадскіх аб’яднанняў па ўсёй краіне, бо яны на гэтых нацыянальна-дэмакратычных пазіцыях часцей за ўсё стаяць. І гэты кандыдат напэўна будзе. Спрэчка наконт адзінага кандыдата -- старая, – адзначыў кіраўнік руху “За свабоду. – Я сам быў адзіным кандыдатам, сам стаў вядомым, “раскручным, бо быў “адзіным. Аб’яднанне людзей ў палітыцы вельмі важна, у аўтарытарнай краіне двойчы. Аднак ёсьць праблемы, калі мы падзяляем розныя каштоўнасці і па-рознаму бачым будучыню краіны нават у такіх сур’ёзных пытаньнях як “куды мы ідзем?. Я адчуваў вялікі дыскамфорт у час маёй кампаніі, калі не мог адказаць на простыя пытаньні: Скажы, Мілінкевіч, куды мы ідзем? З кім будзем супрацоўнічаць? Еўропа? Расія? Я не мог адказаць на гэтыя пытаньні, бо прадстаўляў кааліцыю, у якой былі ўсе.

Па выніках працы Форума была прынятая рэзалюцыя, у якой гаворыцца аб гатоўнасьці да супрацоўніцтва з органамі ўлады па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і паглыбленні інтэграцыі Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Дарэчы, Аляксандр Мілінкевіч падчас сустрэчы з журналістамі заявіў, што шкадуе аб прыпыненні працы грамадска-кансультатыўнай рады пра Адміністрацыі прэзыдэнта. Патлумачыўшы, што “нават ад такога павярхоўнага дыялёгу ёсць карысць.
 

Свабодных месцаў няма

Злева направа: амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч

Павел Севярынец (другі справа) з паплечнікамі

Карын Вортман-Кооль, віцэ-старшыня Еўрапейскай народнай партыі, дэпутат Еўрапарламенту. Перакладае Алесь Лагвінец

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас

У кулуарах Форума

Жан-Дамінік Джуліані, старшыня Фонду імя Роберта Шумана (Францыя)

Яцэк Пратасевіч

Амбасадар Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо

Справа справай, абед па распарадку

----------------------------------------------------------------------------------------------

Фота Юрыя Дзядзінкіна

Каментаваць