Не вераць нават пацярпелыя

Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук папрасіў прысудзіць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да вышэйшай меры — смяротнага пакарання. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка. Прысуд па справе будзе абвешчаны 30 лістапада.



Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук папрасіў прысудзіць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да вышэйшай меры — смяротнага пакарання. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка. Прысуд па справе будзе абвешчаны 30 лістапада.

Дзяржабвінавачання мяркуе, што вінаватасць абвінавачаных па ўсіх эпізодах пацвярджаецца вывучанымі ў судзе доказамі, акалічнасцяў, што змякчалі б віну Канавалава і Кавалёва, няма. Такі суровы вырак яны заслугоўваюць, бо “выключна небяспечныя для грамадства і дзяржавы.

Канавалаў абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных чч. 1, 2, 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (тэрарызм), чч. 2, 3 арт. 295 (незаконны абарот зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў), чч. 2, 3 арт. 339 (злоснае і асабліва злоснае хуліганства), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 339 (замах на злоснае хуліганства), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці).

 Кавалёў абвінавачваецца па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 (саўдзел у акце тэрарызму), ч. 3 арт. 295, чч. 2, 3 арт. 339, ч. 2 арт. 218, ч. 2 арт. 405 (укрывальніцтва злачынстваў), чч. 1, 2 арт. 406 (неданясенне аб злачынстве).

Дзмітрый Лепрэтар, адвакат галоўнага абвінавачанага Дзмітрыя Канавалава, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што яго падабаронны не датычны да выбуху ў Віцебску 14 і 22 верасня 2005 года, і папрасіў суд апраўдаць Канавалава па гэтых эпізодах. Лепрэтар таксама адзначыў, што ўсе акты тэрарызму здзяйсняюцца на якой-небудзь глебе. На думку абароны, абвінавачванне расказала, як здзяйсняліся злачынствы, у якіх прызнаўся Канавалаў, але не адказала на пытанне, навошта ён гэта зрабіў. Адвакат звярнуў увагу на тое, што падчас папярэдняга следства яго падабаронны гаварыў тэрмінамі з Крымінальнага кодэкса “аб дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь. “Але выразных матываў так і не прагучала, — зазначыў адвакат. “Аб матывах злачынстваў, у якіх прызнаўся Канавалаў, нічога не вядома. Не выключана, што не стане вядома ніколі, — заявіў адвакат абвінавачанага ў тэрарызме Канавалава.

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар папрасіў суд не прымяняць да Канавалава смяротнае пакаранне. “Можа, на прыкладзе гэтага рэзананснага працэсу варта паказаць сусветнай грамадскасці, што Рэспубліка Беларусь робіць канкрэтныя крокі да адмены смяротнага пакарання? — гэтымі словамі адвакат завяршыў свой выступ у спрэчках.

Дзмітрый Канавалаў ад апошняга слова адмовіўся, сказаўшы суддзі: “Не надо.

Другі абвінавачваемы Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што ён не вінаваты ў злачынствах, якія яму інкрымінуюцца. Ён перакананы і ў невінаватасці Канавалава. “Я ўпэўнены, што Канавалаў не датычны да гэтых злачынстваў, — заявіў Уладзіслаў Кавалёў падчас спрэчак. Ён яшчэ раз нагадаў аб нестыкоўках у матэрыялах доказу, аб тым, што паказанні на папярэднім следстве даваў пад ціскам, і таму ён ад іх адмаўляецца. — Гэты ціск заключаўся ў пагрозах з боку органаў крымінальнага пераследу. Мае паказанні па гэтых эпізодах супярэчлівыя, бо ўсё, што я гаварыў, мне стала вядома ад аператыўнікаў ГУБАЗ і супрацоўнікаў следчага камітэта, якія паведамлялі мне, што я мушу гаварыць. Пагрозы мелі форму папярэджанняў быць асуджаным у якасці саўдзельніка, за што я атрымаў бы пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення ці смяротнай кары. У мяне не было выбару. “Мне сорамна перад сабой і Дзімам, што я аказаўся слабавольным і даў паказанні супраць яго, — дадаў Кавалёў. — Я таксама хачу звярнуцца да пацярпелых: калі я знаходжуся ў гэтай клетцы, гэта яшчэ не значыць, што я здзяйсняў злачынства.

Станіслаў Абразей, адвакат Уладзіслава Кавалёва, папрасіў суд апраўдаць падабароннага па эпізодзе выбуху ў сталічным метро 11 красавіка 2011 года. Абразей таксама лічыць недаказанай віну падабароннага ў неданясенні аб злачынствах.

Згадваючы выбух у метро, Станіслаў Абразей папрасіў суд прызнаць несапраўднымі відэаматэрыялы з Мінскага метрапалітэна ад 12 і 19 красавіка, не прымаць пад увагу экспертызы ФСБ Расіі па антрапаметрычных дадзеных і мантажу відэаматэрыялаў, бо яны праводзіліся на падставе незаконна канфіскаваных відэазапісаў. Адвакат па кадрах расказаў, якія моманты на відэа, на яго думку, маюць яўныя прыкметы мантажу і рэтушы.

Абразей канстатаваў, што эксперты ФСБ не выявілі партрэтнага падабенства асобы на відэа з метро 11 красавіка 2011 г. з Канавалавым. Ён асабліва звярнуў увагу на разыходжанні ў вопратцы меркаванага падазраванага з відэа і Канавалава. А на фрагментах валасоў, змывах з насавых пазух Канавалава не было выяўлена рэчываў арганічнага паходжання, якія адносяцца да выбуховых. “Гэта таксама сведчыць аб тым, што чалавек на відэа і Канавалаў — розныя асобы, — сказаў Абразей.

Абразей звярнуў увагу, што Канавалаў быў затрыманы 12 красавіка ў 23.00, а першы допыт пачаўся 13 красавіка ў 6.00. “Мяркую, што на яго на працягу сямі гадзін аказваўся псіхалагічны і фізічны ціск, — сказаў адвакат. Ён нагадаў, што 13 красавіка падчас другога допыту Канавалаву было вельмі дрэнна, яго ванітавала. Допыт перарываўся пяць разоў, хоць на першым допыце ў гэты дзень ён адчуваў сябе добра.

Адвакат Абразей сцвярджае, што абвінавачванне пабудавана выключна на паказаннях Канавалава, дадзеных на папярэднім следстве. “Калі б не прызнанне Канавалава, у абвінавачвання наогул нічога б не было, — падкрэслівае абаронца. Адзіная ўліка, па яго словах, гэта адбіткі пальцаў Канавалава на ўпакоўцы выбуховай прылады, знойдзенай 3 ліпеня 2008 года. Разам з тым на пакунку няма адбіткаў пальцаў людзей, што знайшлі яго.

Адвакат Абразей заявіў, што паказанні яго падабароннага Уладзіслава Кавалёва — адзінае, на што разлічвала абвінавачванне. Але ў судзе Кавалёў адмовіўся ад гэтых паказанняў, і “планы абвінавачвання змяніліся. Таму для Кавалёва і запрасілі вышэйшую меру пакарання.

Цікава, што нават пацярпелыя выказвалі ў судзе свой недавер доказам абвінавачвання. Пацярпелы падчас выбуху ў мінскім метро Андрэй Тышкевіч заявіў, што суд выклікаў у яго сур’ёзныя сумневы ў вінаватасці Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. “Я не хачу быць салдатам у не аб’яўленай нікім вайне. Я быў на свяце 3 ліпеня, я быў у метро 11 красавіка. Трэці раз выпрабоўваць свайго анёла-ахоўніка я не жадаю. Стоадсоткавай упэўненасці, што на лаве падсудных тыя, хто здзейсніў гэтыя жахі, у мяне няма. На першае пасяджэнне я ішоў з цвёрдай упэўненасцю, што на лаве падсудных менавіта тыя, хто гэта зрабіў, зараз гэтай упэўненасці ў мяне няма, — сказаў пацярпелы Тышкевіч.
 

Каментаваць