Нечаканая рэакцыя на звыклую фальсіфікацыю

Вынікі галасавання 4 снежня паказалі, што магчымасці мабілізацыі адміністрацыйнага рэсурсу ў Расіі вычарпаныя.

Вынікі галасавання 4 снежня паказалі, што магчымасці мабілізацыі адміністрацыйнага рэсурсу ў Расіі вычарпаныя.

«У мяне адчуванне, што мы знаходзімся ў самым пачатку нейкіх вялікіх і (цьфу-цьфу-цьфу) пазітыўных зменаў». Пісьменнік Барыс Акунін сплюнуў тры разы не выпадкова. Ён выдатна разумее, што чалавеку ўласціва ўважаць жаданае за сапраўднае. 10 снежня ў Маскве на Балотнай плошчы прайшоў мітынг пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у Дзярждуму, які сабраў не меней 50 тысяч чалавек. Гэта самая масавая палітычная падзея ў расійскай сталіцы пасля 1993 года.

Аднак прычыны, якія прымусілі масквічоў выйсці на плошчу, не такія відавочныя, як гэта можа здацца на першы погляд. На думку дырэктара «Левада-цэнтра» Льва Гудкова, «узровень фальсіфікацый быў звычайным — у межах 5–8%». Табліца гэтыя высновы пацвярджае. Звярніце ўвагу на высокую ступень супадзення вынікаў ЦВК і апытанняў на выхадзе з участкаў, праведзеных «Фондам грамадскай думкі» (ФОМ). Выключэнне — «Адзіная Расія»(“ЕР або “ЕдРо).

Але гэта «тэмпература» ў цэлым па расійскай «бальніцы». У Маскве несупадзенне вынікаў «Адзінай Расіі» паміж дадзенымі ЦВК і ФОМ склала 19,1 пункта (46,6% супраць 27,5%). Асноўны метад падвышэння вынікаў «Адзінай Расіі» традыцыйны — гэта ўкідванне дадатковых бюлетэняў. Калі пабудаваць графік залежнасці галасоў, пададзеных за партыі, ад яўкі, то павінна атрымацца гарызантальная прамая. Павінна, але не атрымліваецца. У «Адзінай Расіі» яна чамусьці заўсёды ідзе ўгару, а ва ўсіх астатніх партый — уніз.

Памылка Пастухова


У Беларусі парламенцкія выбары прынята праводзіць у «сумным рэжыме». У гэтым ёсць свая логіка. Бо электарат складаецца не з адных толькі прыхільнікаў улады. Мабілізуючы прыхільнікаў, улада міжволі мабілізуе і апанентаў, чым стварае сабе дадатковыя праблемы. Гэта Сталін абапіраўся на энергію мас, яго спадчыннікі абапіраюцца на іх пасіўнасць. Падмацую сказанае словамі Уладзіміра Пастухова, аднаго з самых цікавых, на мой погляд, расійскіх палітолагаў: «Пуцін валодае добрай інтуіцыяй і адчувае народныя настроі. Таму ён не напружвае народ «празмернымі» гістарычнымі выклікамі, не дамагаецца мэтаў, якія патрабуюць самаахвяраванні, не высоўвае задач, якія народу не па плячы. Ён прымае народ такім, які ён ёсць, і народ плаціць яму ўзаемнасцю. Разам з народам яны так і коцяцца па наезджанай каляіне, змазанай прыбыткамі ад звышпрыбытковых продажаў нафты і газу. Ім абодвум добра адзін з адным, а думаць пра заўтрашні дзень ім не хочацца».

Цытата зусім свежая. Яна з’явілася на сайце polit.ru 5 снежня. Зразумела, што артыкул быў напісаны яшчэ да падвядзення вынікаў галасавання. За дзень да выбараў у аналагічным ключы выказваўся і эксперт «Маскоўскага цэнтра Карнэгі» Мікалай Пятроў: «Найменш яркая, энергічная і прыкметная выбарчая кампанія падышла да канца. Яна была сумбурнай і надзвычай беззмястоўнай: ні нейкіх ідэяў, ні ворагаў, ні новых твараў». Але прайшлі два дні, і той жа аўтар у сваіх ацэнках зрабіў разварот на 180о: «Фінал выбараў у Дзяржаўную думу VI склікання прайшоў на рэдкасць жыва і цікава…»

Расійскае грамадства, як адзначаў Юрый Левада, можа знаходзіцца ў двух станах: у сонным і ўзбуджаным. Апошні раз яно ўзбудзілася напачатку 90-х гадоў. Нават дэфолт 1998 года не вывеў яго са звыклага стану, а тут нейкія 5% галасоў, укінутых на карысць партыі «жулікаў і злодзеяў». А з тым, што «Адзіная Расія» гэтаму вызначэнню адпавядае, за тры месяца да выбараў быў згодны кожны трэці грамадзянін Расіі (апытанне «Левада-цэнтра»).

Дык з-за чаго сыр-бор, і чаму снежаньскае галасаванне займела пратэстны характар, пра што сведчыць той факт, што па меры набліжэння даты выбараў рэйтынг «Адзінай Расіі» змяншаўся, у той час як рэйтынгі яе асноўных канкурэнтаў раслі? Чаму «сумныя выбары» абудзілі палітычную актыўнасць рускіх і паставілі тым самым пад сумнеў сакрэтную дамову паміж уладай і грамадствам: «мы не лезем у вашы справы, вы не лезеце ў палітыку»?



Неабходная перазагрузка

Безумоўна, не варта блытаць нагоду з прычынай. Звернемся да дакладу «Палітычны крызіс у Расіі і магчымыя механізмы яго развіцця», падрыхтаванага яшчэ ў кастрычніку вельмі лаяльным да ўлады «Цэнтрам стратэгічных распрацовак». На думку аўтараў дакладу, палітычны крызіс у краіне ўжо ідзе поўным ходам, хоць яшчэ і не вырваўся на паверхню. Сутнасць крызісу — у хуткім нарастанні недаверу да ключавых лэйблаў: прэзідэнта, прэм’ер-міністра і «партыі ўлады». Калі тэндэнцыя падзення даверу да ўладаў захаваецца хоць бы на працягу найбліжэйшых 10–15 месяцаў і калі не будзе зроблена дзеянняў па «перазагрузцы даверу», то па сваёй інтэнсіўнасці палітычны крызіс цалкам можа ўшчыльную наблізіцца да эпохі канца 1980-х гадоў.

Галоўную прычыну крызісу аўтары дакладу бачаць у тым, што «грамадства перарасло палітычную сістэму». Гэта робіць немагчымым выхад з крызісу за кошт змены персаналій. Неабходная глыбокая трансфармацыя самой сістэмы, каб яна пачала больш эфектыўна рэагаваць на запыты шматлікіх пластоў насельніцтва, якое сябе ў гэтай сістэме наогул не бачаць. Узровень недаверу да ўладаў сёння такі высокі, што грамадства не прыме новай палітычнай павесткі, калі яна будзе зыходзіць ад старых лідараў. З іншага боку, вылучэнне новых асобаў пад ранейшую павестку таксама бесперспектыўнае.

«Грамадства перарасло палітычную сістэму» — гэта азначае, што пра сябе пачынае заяўляць постсавецкае пакаленне, чые запыты не абмяжоўваюцца хлебам і відовішчамі. Зразумела, што гаворка ідзе пераважна пра жыхароў вялікіх гарадоў. Сёння яны цалкам усвядомлена прад’яўляюць попыт на такую, здавалася б, абстракцыю, як «жыццёвыя шанцы», якія, паводле знаёмага нам па ранейшых «Азбуках паліталогіі» Ральфа Дарэндорфа, з’яўляюцца «спецыфічнай камбінацыяй правоў і іх забеспячэння». Аднак «суверэнная дэмакратыя», сфармаваная ў Расіі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка КДБ, такую камбінацыю забяспечвае толькі абраным.

Тандэм у ролі тэрмінатара

Сацыёлаг Курт Левін увёў у навуковы абарот панятак напружаных сістэм. Такая сістэма можа знаходзіцца ў адносна стабільным стане, у той час як узрастае ўнутранае напружанне. І ў нейкі момант яна дэстабілізуецца пад уздзеяннем непрадказальнай падзеі. У тым, што падстаў для росту напружання ў расійскім грамадстве больш чым дастаткова, сумнявацца не даводзіцца. Дастаткова згадаць узровень няроўнасці прыбыткаў, што зашкальвае.

Падстаў для росту напружанасці ў беларускім грамадстве не менш. Нездарма ж палітычныя аптымісты з пачатку лета прагназавалі наступленне «гарачай восені». Але на Плошчу выйшлі не збяднелыя беларусы, а рускія, чые прыбыткі працягваюць расці. Па тлумачэнне парадоксу звернемся да палітолага Аляксандра Цыпко: «Цуд нулявых стаўся магчымым не толькі таму, што Пуцін спачатку быў найперш «прэзідэнтам надзеі», але і таму, што страх перад хаосам, запыт на парадак як бы замарожвалі ўсе іншыя запыты… Зараз жа адбываецца тое, што павінна было адбыцца 10 гадоў таму: незадаволеныя сваім жыццём людзі адварочваюцца ад улады».

Аднак узровень падзення даверу да ўлады ў Беларусі сёння вышэй, чым у Расіі. Мне ўжо неаднаразова даводзілася адзначаць, што сама па сабе незадаволенасць «сваім жыццём» не вядзе ў нас да пратэсту. Пакуль улада ўспрымаецца як маналіт, «чалавек дзяржаўны», які складае аснову «большасці», будзе працягваць спадзявацца, што дзяржава ўрэшце ўсе праблемы вырашыць.

Расійскі ўладны маналіт і да тандэму істотна не дацягваў па сваіх характарыстыках да беларускага. Гэта і зразумела: іншы маштаб краіны, іншы ўзровень яе ўнутранай складанасці. «Тандэм, які прыйшоў на змену традыцыйнай расійскай аўтакратыі, прынялі за новую форму ўлады, і гэта стала неспадзяваным стрэсам як для эліты, так і для значнай часткі грамадства. У адных гэта спарадзіла новыя надзеі, у іншых — новыя страхі. Справу разбурэння рэжыму давяршылі бесталковыя паводзіны самога Мядзведзева, які па шэрагу пытанняў як знешняй, так і ўнутранай палітыкі дазволіў сабе ўступіць у публічную палеміку з Пуціным» (Аляксей Вязаўскі, эканаміст).

Праблема гаечнага ключа

Нявызначанасць спараджае патрэбу ў сцэнарах. «Закручванне гаек» — адзін з самых папулярных. У Пуціна, маўляў, няма іншага спосабу ўтрымацца ва ўладзе. Гэта сапраўды так, але дзе Пуцін возьме гаечны ключ? Ніколі раней у гісторыі Расіі мяккі аўтарытарызм не змяняўся цвёрдым. Апошні заўсёды з’яўляўся рэакцыяй на мяккую лібералізацыю. Так, НЭП спарадзіў сталінізм, а перыяд саборнай дэмакратыі пры першых Раманавых — Пятра.

Не варта перабольшваць ролю асобы ў гісторыі. Гарбачоў і Ельцын прыйшлі да ўлады на ліберальнай хвалі. Калі яна адышла, пакінуўшы пасля сябе разбураную эканоміку, грамадства зноў запатрабавала «моцную асобу», і з’явіўся Пуцін. Сёння людзей на Плошчу вывела патрэба ў справядлівых выбарах.

Для закручвання гаек неабходна гатовая да самаабмежавання эліта. Цвёрды аўтарытарызм пачынаецца з кантролю эліты — узгадаем Сталіна. Дый досвед Беларусі гэтую выснову пацвярджае. Расійская ж эліта цалкам камфортна сябе адчувае і адмаўляцца ад віл на Лазурным беразе не збіраецца.

Вынікі галасавання 4 снежня паказалі, што магчымасці мабілізацыі адміністрацыйнага рэсурсу вычарпаныя, як вычарпаны і патэнцыял апеляцыі ўлады да ранейшых поспехаў і куплі галасоў за кошт сацыяльных выплат. «Каціцца па наезджанай каляіне» ва ўлады больш не атрымаецца. Грамадства пачынае дыктаваць павестку дня. Да сакавіка ў Пуціна яшчэ ёсць час, каб унесці адпаведныя карэктывы ў сваю выбарчую кампанію. Уласна, ён гэта ўжо і пачаў рабіць, калі прапанаваў падчас тэлевізійных

 

Каментаваць