Някляеў афіцыйна стаў вольным

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.



Фота Радыё Свабода


Чакалася, што менавіта 25 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска будзе вырашаць, ці пасадзіць паэта і палітыка на два гады, ці зрабіць яго адносна свабодным чалавекам.

Падтрымаць Уладзіміра Някляева да Дома правасуддзя, дзе месціцца суд Ленінскага раёна сталіцы, прыйшлі дзясяткі журналістаў, праваабаронцаў, паплечнікаў былога прэтэндэнта на галоўную пасаду ў краіне, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, у тым ліку супрацоўнікі дыппрадстаўніцтваў Германіі і ЗША. Былі тут і былыя вязні СІЗА КДБ — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў, жонка яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава журналістка Ірына Халіп, якая, дарэчы, мела аналагічны з Някляевым прысуд.

Справу былога кандыдата ў прэзідэнты павінна была разглядаць суддзя Вольга Коцур. Менавіта на 10 гадзінаў раніцы 25 ліпеня Някляеў атрымаў позву ў суд. Аднак разгляд справы Някляева ў чацвер так і не пачаўся, бо… ужо адбыўся ў аўторак, 23 ліпеня. Без запрашэння не толькі адваката, але і самога фігуранта.

Усё скончылася тым, што сакратарка суда запрасіла палітыка і паэта прайсці ў кабінет суддзі, адкуль той з’явіўся праз хвіліну з паперай у руках, у якой было пазначана, што ён вызвалены ад пакарання. Прычым, самой суддзі Коцур на месцы не было, яна ў гэты час разглядала справу аб скасаванні якогасьці шлюбу.

Сам Уладзімір Някляеў заявіў, што нават з гэтай папераю не адчувае сябе цалкам свабодным. «Мяне нібыта перавялі з адзіночнай камеры ў агульную, якой з’яўляецца ўся Беларусь», — адзначыў палітык.

Ён паабяцаў працягваць змагацца з існуючым у краіне рэжымам дзеля таго, каб усе грамадзяне Беларусі адчулі сябе вольнымі. Някляеў сказаў, што пакуль не вырашыў, ці будзе браць удзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах, бо існуе шмат пытанняў. Першае, што палітык вырашыў зрабіць, гэта паехаць разам з жонкай у Крэва, дзе пахаваныя бацькі Някляева.

Каментаваць