Някляеў з палітыкі не сыходзіць

Лідар кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў, што, нягледзячы на падзеі 19 снежня, ён гатовы ісці на перамовы з уладамі. З вялікай палітыкі паэт сыходзіць не збіраецца.

Нягледзячы, наперакор...


«Нягледзячы на ўсё, што здарылася, мы прапануем уладам дыялог. Давайце выпрацуем фармат і разам паспрабуем выбрацца з гэтай сітуацыі», — заявіў лідар «Гавары праўду».



Лідар кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў, што, нягледзячы на падзеі 19 снежня, ён гатовы ісці на перамовы з уладамі. З вялікай палітыкі паэт сыходзіць не збіраецца.

Нягледзячы, наперакор...


«Нягледзячы на ўсё, што здарылася, мы прапануем уладам дыялог. Давайце выпрацуем фармат і разам паспрабуем выбрацца з гэтай сітуацыі», — заявіў лідар «Гавары праўду».

«Гавары праўду» прапануе праект «100 пытанняў ураду». «Гэтыя 100 пытанняў — адзін з крокаў дыялогу. Мы ствараем «Карту праблем Беларусі»: на карту краіны, дзе ёсць найбольш вострыя праблемы, накладаем гэтыя 100 пытанняў ураду, у якіх асэнсаванае наша разуменне гэтых праблем і магчымасці іх вырашэння. Гэта, зноў жа, прапанова дыялогу, жаданне вывесці краіну са стану, які, па сутнасці, жабрацкі», — патлумачыў Някляеў.

Планы «Гавары праўду» на 2012 год пакуль няўцямныя. Лідар кампаніі гаворыць, што цяпер найперш актуальна дамагацца вызвалення палітвязняў. Аднак пра байкот парламенцкіх выбараў размова не ідзе. «Парламенцкія выбары — гэта палітычнае рашэнне. Я б хацеў, каб яно было ўзважаным і агульным. То бок, калі байкот, то ўсіх, калі ўдзел у выбарах — таксама ўсіх. Аднак на фоне наяўнасці палітзняволеных гэта складана абмяркоўваць. Калі палітвязні будуць на свабодзе, можна ставіць на разгляд іншыя пытанні», — зазначыў Уладзімір Някляеў.

Ён заявіў, што сыходзіць з вялікай палітыкі не збіраецца:

— Ёсць сітуацыі, калі мы становімся закладнікамі тых ці іншых нашых дзеянняў, учынкаў, рашэнняў. Я — не выключэнне. Пасля таго, як мяне падтрымалі, чаго я, паэт, што толькі трапіў у палітыку, не чакаў, я проста не маю права сысці, пакінуць людзей. Я не кажу, што без мяне яны загінуць, кожны выплыве самастойна з мора, якое штарміць, але я насамрэч не маю права сказаць :«Прабачце, я зрабіў усё, што мог. Астатняе хай даробіць нехта за мяне». Значэнне слова «пакінуць» было б раўназначнае слову «здрадзіць».

Бліжэйшым часам кампанія «Гавары праўду» звернецца да працы з насельніцтвам. Някляеў заявіў, што, паводле меркаванняў аналітычнай групы, да сацыяльнага выбуху засталося паўгода. І да гэтага трэба рыхтавацца. Кампанія «Гавары праўду» зробіць акцэнт на тлумачэнне прычын паміж палітычнай і эканамічнай сітуацыяй у краіне. «Пралічыўшы развіццё сітуацыі, мы прыйшлі да высновы, што недзе паўгода засталося да першых істотных сацыяльных выбухаў. Значыць, трэба да гэтага рыхтавацца, а не рабіць выгляд, што ў нас усё добра. У гэтай стабільнай краіне трэба стварыць нейкую сацыяльную праграму, стабілізацыйную, каб мінімізаваць тое, што нас чакае не пазней за глыбокую восень», — прыадкрыў бліжэйшую перспектыву кампаніі Някляеў.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняк дадаў, што крыху змяняецца ідэалогія кампаніі: «Калі да верасня мінулага года «Гавары праўду» была практычна сацыяльная, асветніцкая кампанія, дык пасля таго, што адбылося 19 снежня, узмоцніцца палітычны складнік. Людзі не разумеюць, што чэргі за грэчкай, крупамі, у абменнік — вынік таго, што ў краіне ёсць палітвязні, што не вырашаныя праблемы дэмакратыі ў краіне».

БНР мусіла прынесці ўдачу

Экс-кандыдат у прэзідэнты збіраецца дамагацца расследаваць напад на яго 19 снежня.

— Гэты эпізод для нас мае больш цікаўнасці, чым для следства. Мы яшчэ не разабраліся ў каранях і вытоках памылкі — ні ў якім разе нельга было мяняць маршрут «Гавары праўду» ў апошні дзень. Была мешаніна, мітусня. Мы дагэтуль не высветлілі, адкуль быў першы штуршок да гэтага, — дзівіцца Някляеў. — Калі трапіў у КДБ, я ім сказаў, што яны самі ўсё прыдумалі, каб стварыць такую Плошчу. І яны запэўнівалі: «Што заўгодна, але не нападзенне на перадвыбарчы штаб». Гэта было так шчыра. Хаця іх вучаць гаварыць шчыра там, дзе шчырасцю і не пахне.

План «Гавары праўду», прынамсі як яго цяпер трактуюць лідары кампаніі, быў просты і, трэба прызнаць, крыху наіўны. Але, магчыма, проста не ўсе акалічнасці справы афішуюцца публіцы.

— Лукашэнка не чакаў самой Плошчы. Ён не думаў, што прыйдзе 40–50 тысяч. А калі гэта стала існасцю, то можна было дакладна пабачыць, што будзе далей. Мы не збіраліся сыходзіць з Плошчы, але і трымаць там народ, каб ён там мёрз, таксама не планавалі. Збіраліся заклікаць іх прыйсці назаўтра. Практыка пратэстных плошчаў паказвае, што колькасць людзей падвойваецца назаўтра. 50 тысяч — ужо сто тысяч, а сто тысяч — гэта ўжо дзвесце тысяч. А там — сыходзь! І не інакш, — раскрывае амбітныя намеры мінулага года Някляеў. — Прабіў страх ад главы да пятак. І было прынята рашэнне запалохаць народ. Запалохваліся ж не кандыдаты і іх штабы. І запалохванне народа працягвалася ў арміі, куды ён паехаў і сказаў: «Калі вам падалося мала дубінак і спецназа, то ў наступны раз будзе армія з аўтаматамі». Па сутнасці гэта нейкая падрыхтоўчая форма грамадзянскай вайны. У КДБ праводзілася выхаваўчая праца і дыдактычным матэрыялам быў выступ Лукашэнкі на Новы год і інаўгурацыя. Большага катавання і не ведаю. Дык вось Лукашэнка прызнае, што грамадства не маналітнае і што ён гатовы да дыялогу. Турмы — гэта дыялог? Гэта нават не палітыка і не мараль. Проста подласць. Гэта ўласціва ў нашай краіне толькі аднаму чалавеку.

У нас быў план з дзвюх частак. Пра другую не буду казаць, бо яна не сталася. А першая — правесці Плошчу як усебеларускі сход, на ім утварыць БНР — Беларускі народны рух за выбары без Лукашэнкі. Мне спадабалася гэтая абрэвіятура, падавалася, што яна мусіць прынесці ўдачу. Планавалі ўтварыць рэгіянальныя суполкі арганізацыі, былі падрыхтаваныя транспаранты, расцяжкі. Вы ж разумееце, што ўсё мусіла адбывацца дынамічна, каб людзі адчувалі сябе не статыстамі, а ўдзельнікамі. Потым мы мусілі прыняць рэзалюцыю сходу і перадаць яе ў Дом урада. Плошча Незалежнасці — гэта Дом урада, дзе знаходзіцца прэм’ер, які кіруе краінай у адсутнасць Лукашэнкі. Толькі ён мае права прыняць рашэнне аб непрызнанні выбараў сумесна з адпаведнай камісіяй. Пераход Кастрычніцкай плошчы, праз скверык, азначаў бы расстрэл народа з аўтаматаў ва ўпор.

— У Доме ўрада ёсць кругласуткавае дзяжурства ў прыёмнай прэм’ер-міністра. Меркавалася, што дзяжурны прыме рэзалюцыю і праінфармуе Сідорскага. І Сідорскі мусіў бы неяк рэагаваць — сказаць «так, канешне», або «ідзіце са сваім мітынгам туды, адкуль прыйшлі». Ён не зрабіў ні таго, ні другога, — тлумачыць сутнасць плану Аляксандр Фядута.

Каментаваць