«Не-кааліцыя»: будзе плён?

Некаторыя прадстаўніукі беларускага палітыкума ўжо ведаюць, чым яны будуць займацца ў наступным годзе. Прынамсі, пра гэта заявілі на прэс-канферэнцыі ў нядзелю прадстаўнікі АГП, БХД і Руху «За Свабоду».



Спачатку журналісты як жарт расцанілі збор прэс-канферэнцыі ранкам у выходны дзень. Але гэта тлумачыцца тым, што некаторыя з палітыкаў, якія вырашылі так нестандартна пастасавацца з прадстаўнікамі прэсы, зляталі ў гэты ж дзень у Германію на з’езд партыі Ангелы Меркель. Таму яны вырашылі, што хай журналісты даведаюцца пра ўсё з першых вуснаў, чым потым лідары будуць недасяжныя для каментароў.

 

Найперш лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» заявілі пра стварэнне «не-кааліцыі». Згодна са словамі Губарэвіча, ужо існуе адпаведны план супольных дзеянняў у гэтым і наступным годзе вышэйзгаданых арганізацый і Партыі БНФ.

 

Губарэвіч паведаміў, што цягам апошніх трох месяцаў ішлі перамовы паміж прадстаўнікамі правацэнтрысцкіх сілаў. Перамовы вяліся наконт супрацы на бліжэйшую перспектыву, аж да парламенцкіх выбараў. Яны закраналі і больш грунтоўныя пытанні: такія як супраца па супрацьдзеянні расійскай прапагандзе, недапушчэнні стварэння ў краіне расійскіх ваенных базаў, захаванні незалежнасці краіны, супрацоўніцтве ў міжнародных справах і гэтак далей. «Мы маем падпісанае прадстаўнікамі ўсіх чатырох гэтых структураў пагадненне, у якім пазначаныя асноўныя каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць, і таксама пазначаныя асноўныя праблемы і выклікі, якія стаяць перад намі і перад Беларуссю», — зазначыў ён.

Юрась Губарэвіч спадзяецца на паўнавартаснае далучэнне Партыі БНФ да супольных дзеянняў

Тут ушлыя журналісты заўважылі, што на прайшоўшым днямі Сойме Партыі БНФ гэтая структура афіцыйна ўстрымалася ад стварэння нейкай чарговай кааліцыі. На што Анатоль Лябедзька заўважыў, што новае ўтварэнне — гэта, на ягоную думку, «не кааліцыя». Само слова «кааліцыя» зараз дэвальвавалася. Таму ён лічыць больш слушным азначэнне «супольная пляцоўка для дзеянняў». «Мы зараз у адным спартовым клубе», — параўнаў ён.

Анатоль Лябедзька хоча апрануць усіх у адну спартовую форму

 

Губарэвіч жа заўважыў, што, хоць БНФ і не ўступіла ў «не-кааліцыю» фармальна, але пацвердзіла свой подпіс пад пагадненнем чатырох структур. «Гэта аснова для далейшай супрацы. Накірункі супрацы могуць быць розныя. Зараз мы рухаемся паралельнымі, можа быць, курсамі, але мы рухаемся да адной мэты. Партыя БНФ таксама працуе над пытаннем удзелу ў парламенцкіх выбарах. Разам з тым, ужо зараз мы з Партыяй БНФ гатовыя працаваць па іншых накірунках: напрыклад, у супольнай кампаніі назірання за выбарамі, супрацьдзеянні расійскай агрэсіі і планам размяшчэння ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі, — літаральна бліжэйшым часам вы пачуеце пра канкрэтныя дзеянні ў гэтым накірунку. То бок, таго, што нас аб’ядноўвае ў нас значна больш, чым таго, што нас раздзяляе», — заўважыў Губарэвіч.

 

Супольная праца чатырох правацэнтрыстаў зараз асабліва патрэбная ў міжнародным кірунку. Бо ў лютым Еўрасаюз зноў павінен будзе вырашаць, што рабіць з «адкладзенымі» санкцыямі супраць беларускіх чыноўнікаў. У гэтым плане апазіцыя намагаецца стаць адным з бакоў перамоваў.

 

«Сёння ідзе працэс дыялогу паміж беларускім урадам, кіраўніцтвам Беларусі і ЕС. Гэты працэс абумоўлены асаблівым статусам, які заняў Аляксандр Лукашэнка ў дачыненні да праблем, якія існуюць у рэгіёне, таксама ён абумоўлены тым, што ў Беларусі адбыліся пэўныя змены, якіх дамагаліся і беларускія палітычныя партыі, грамадзянская супольнасць. Прынамсі, былі вызваленыя палітвязні, а ўдзельнікаў апазіцыйных вулічных мерапрыемстваў не караюць так, як каралі раней. Адбываецца пэўная лібералізацыя. Усё гэта дае пэўныя падставы для таго, каб дыялог паміж Беларуссю і ЕС развіваўся. Аднак мы лічым, што на сёння апазіцыйныя партыі і грамадзянская супольнасць павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дыялогу, мець магчымасці ўплыву. Нашае аб’яднанне чатырох структур дае нам такія магчымасці», — сказаў Губарэвіч.

 

У гэтых перамовах «не-кааліцыя» будзе патрабаваць выканання трох істотных рэчаў, на якіх даўно настойвае і міжнародная супольнасць, і беларускія дэмакраты. Гэта, найперш, змяніць беларускае выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку беларускіх выбараў. Больш за тое, як адзначыў Віталь Рымашэўскі (можа быць, ён і агаварыўся, але сказаў), патрабуецца і «права незалежным назіральнікам і палітычным партыям удзельнічаць у гэтым падліку» (маецца на ўвазе падлік галасоў на выбарах. — НЧ). То бок, назіральнікі будуць лічыць галасы разам з сябрамі камісій?

Віталь Рымашэўскі спадзяецца на падлік галасоў назіральнікамі

Другая рэч: рэгістрацыя ўсіх палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў, якім па надуманых прычынах раней было адмоўлена ў рэгістрацыі. А таксама выдаленне з беларускага заканадаўства сумнавядомага крымінальнага артыкула 193-1, які прадугледжвае адказнасць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І трэцяе: роўныя ўмовы дзейнасці для дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, уключаючы роўны доступ усіх да распаўсюду праз «Белпошту» і «Белсаюздрук».

«На час, пакуль беларускім уладам дадзены «выпрабавальны тэрмін» на змены, мы будзем настойваць, каб менавіта гэтыя змены ў нашай краіне адбыліся», — зазначыў Рымашэўскі.

А калі гэтага не адбудзецца, то, па словах Рымашэўскага, «нельга прымаць рашэнне аб адмене санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Гэта нашая супольная пазіцыя на тых сустрэчах, якія мы маем і за мяжой, і ўнутры Беларусі», — адзначыў экс-кандыдат у прэзідэнты краіны.

І ў бліжэйшыя чатыры месяцы «не-кааліцыя» будзе дамагацца, каб гэтыя тры пункты ў Беларусі спраўдзіліся.

Але пакуль найбольш канкрэтны вынік дамоўленасцяў правацэнтрыстаў — гэта супольнае назіранне за хадою парламенцкіх выбараў у Беларусі. Нагадаем, што раней БХД, «За Свабоду» і БННФ актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі назірання «Права выбару». АГП ж была часткаю іншай кампаніі: «За справядлівыя выбары». Дзякуючы прыходу ў «не-кааліцыю» АГП, на наступных парламенцкіх выбарах мы можам атрымаць адзіную сістэму апазіцыйнага назірання за «выбарчым фарсам».

Галоўнае, каб гэтую «не-кааліцыю» не спасціг лёс ранейшых кааліцый, якія заканчвалі сваю дзейнасць, не паспеўшы яе пачаць. Пакуль што, з-за неканчатковай вызначанасці ў гэтым плане Партыі БНФ і з-за таго, што гэтая ж партыя пакуль фармуе свой, «некааліцыйны» спіс кандыдатаў на парламенцкіх выбарах, такая небяспека захоўваецца.

Каментаваць