Не ўлезці ў вайну

Згодна з законам, які ўступіў у дзеянне з 1 лютага, ваеннае становішча ў Беларусі можна ўводзіць хоць зараз.Закон значна пашырыў паняцце ваеннай пагрозы, дастатковай для ўвядзення ваеннага становішча.



Жыццё не стаіць на месцы, і кожны дакумент, а асабліва ваенныя дактрыны, павінны пераглядацца. Таму не дзіва, што ў сувязі з «гібрыднай вайной» Расіі супраць Украіны быў перагледжаны і беларускі закон аб ваенным становішчы.

Па-першае, змены ў закон «Аб ваенным становішчы» закранулі якраз пагрозу «зялёных чалавечкаў» ці «ветлівых людзей». У закон уключаны пункт, згодна з якім такое становішча можа быць уведзена, калі «іншая дзяржава» накіроўвае «ўзброеныя групы і рэгулярныя сілы ці падраздзяленні рэгулярных войскаў» на тэрыторыю краіны. Такія дзеянні будуць афіцыйна лічыцца ваеннай пагрозай, дастатковай для ўвядзення ў краіне ваеннага становішча.

Па-другое, закон пашырыў паняцце ваеннай пагрозы, дастатковай для ўвядзення ваеннага становішча. У яго ўвайшлі канцэнтрацыя ўзброеных сілаў іншай дзяржавы ля мяжы Беларусі, калі тая дзяржава кажа пра агрэсіўныя планы, або правядзенне ў ёй мабілізацыі для нападу.

У гэтым законе таксама прапісваецца, што лічыць нападам на Беларусь: не толькі наўпроставыя ці апасродкаваныя баявыя дзеянні супраць Беларусі, але і агрэсія супраць аднаго з удзельнікаў АДКБ (Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан). А вось з гэтым, як кажуць, «не ўсё чыста».

Прыняцце такой нормы ў той час, калі Расія ваюе з Украінай, і прычым Расія з’яўляецца сябрам АДКБ, адразу ж уздымае шмат пытанняў. Ці абавязаная Беларусь дапамагаць свайму партнёру па АДКБ? Зыходзячы з духа дакумента — так, тады мы ўцягваемся ў канфлікт з Украінай. Але фармальна — не, бо на Расію ніхто не нападаў, гэта яна напала на Украіну (абыдземся без эўфемізмаў) і анексавала Крым.

Ва Украіне рэгулярна праводзіцца мабілізацыя, але скіраваная гэтая дзея, зразумела, не супраць Беларусі. Тым не менш, мабілізацыя праводзіцца ў суседняй краіне. Фармальна, гэта ёсць падставай для ваеннага становішча ў нас. А рэальна?

Украінская мабілізацыя скіраваная супраць войскаў Расіі, якая з’яўляецца нашым партнёрам па АДКБ. Такім чынам, прысутнічае «агрэсія Украіны ў адносінах да сябра АДКБ», што, згодна з новым законам, ёсць агрэсіяй і супраць Беларусі. Ізноў, ці ёсць гэта фармальнай падставай для ўвядзення ваеннага становішча ў нас? Тэарэтычна — так, а практычна?

І яшчэ, калі агрэсія супраць сябра АДКБ ёсць агрэсія і супраць Беларусі, ці мае Беларусь права і магчымасць накіроўваць у зону канфлікту свае войскі для барацьбы з агрэсарам? Ці не прывядзе гэта да таго, што, паводле свайго ж закону, Беларусь будзе абавязаная адкрыць «другі фронт» з Украінай на баку Расіі, альбо ізноў адпраўляць сваіх сыноў у Таджыкістан на афганскую мяжу, калі там, не дай Божухна, нешта заварыцца?

Кіраўнік праекта Belarus Security Blog Адрэй Паротнікаў зазначыў, што абноўлены закон «Аб ваенным становішчы» даволі размыты, а таму дазваляе трактаваць яго палажэнні «і так, і так». «Напрыклад, што ёсць «агрэсіяй супраць сябра АДКБ»? З аднаго боку, гэта пытанне да юрыстаў-міжнароднікаў, што з’яўляецца агрэсіяй па вызначэнні ААН, якая дзяржава ёсць агрэсарам, а якая — ахвярай агрэсіі. З іншага боку, не прапісана агрэсія з боку «не-дзярджаваў». Калі агрэсію супраць сябра АДКБ — Таджыкістана ўчыніць "Талібан", ці ёсць гэта падстава для рэакцыі Беларусі? А калі талібы прыходзяць да ўлады ў Афганістане? Мы не прызнаем "Талібан", ці з’яўляецца тады агрэсарам Афганістан? Такіх момантаў у новым законе вельмі шмат», — адзначае эксперт.

Што тычыцца сітуацыі «бліжэй да нас», то, па меркаванні Паротнікава, усё таксама залежыць ад суб’ектыўных фактараў і дадзеных выведкі. «Напрыклад, мабілізацыя ва Украіне скіраваная ў супрацьлеглы ад Беларусі бок, і нельга казаць, што Украіна сапраўды пагражае нам. Мабілізацыя, напрыклад, у Латвіі, — справа іншая. Трэба вывучаць, для чаго яна робіцца: для нападу, для правядзення вучэнняў, ці ёсць гэта планавы прызыў рэзервістаў на перападрыхтоўку, ці ўяўляе гэта пагрозу Беларусі, на які тэрмін аб’яўленая мабілізацыя, і гэтак далей», — тлумачыць Паротнікаў.

Наконт уцягвання Беларусі ў расійска-ўкраінскі канфлікт наўпрост (праз баявыя дзеянні з боку Беларусі) альбо апасродкавана (праз прадастаўленне Расіі магчымасці напасці на Украіну з беларускай тэрыторыі) то тут, як зазначае Паротнікаў: «У нас ёсць двухбаковае пагадненне па выкарыстанні ваеннай інфраструктуры — яны скарыстоўваюць нашую, мы — іхнюю. Аднак, там маецца на ўвазе пагроза для абодвух бакоў. Калі нам ніякай пагрозы няма, то мы можам і адмовіць».

А для ўдзелу нашых салдат у баявых дзеяннях за мяжой, як адзначае эксперт, ёсць і іншыя пагадненні і міжнародныя дакументы, для гэтага неабавязкова ўводзіць ваеннае становішча.

Па меркаванні Паротнікава, любое рашэнне, прынятае ў межах гэтага закона, будзе палітычным, а значыць — валюнтарысцкім. Галоўнае, каб у самой Беларусі хапіла духу не ўлезці ў канфлікты, якія нас наўпрост не тычацца.

Каментаваць