Не варта паддавацца на Макееўскія байкі

Беларусь актывізавала перамовы з дыпслужбамі краін ЕС. Тым не менш, якія б пазітыўныя прэс-рэлізы не рассылала МЗС Беларусі — галоўная перашкода на шляху нармалізацыі знешнепалітычных узаемаадносінаў не прыбраная.



Цягам снежня Уладзімір Макей сустрэўся з шасцю пасламі краін ЕС, з прадстаўніком Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд, які летась заяўляў пра магчымасць пашырэння спісу персон нон-грата на тэрыторыі Еўрасаюза.


Неўязны ў краіны Еўрасаюза міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў рабочую сустрэчу з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў дзяржаў-сябраў Еўрапейскага саюза, Ватыкана, ЗША і Швейцарыі. «У ходзе гутаркі быў абмеркаваны шырокі круг пытанняў, якія тычацца стану і перспектываў развіцця беларуска-еўрапейскіх адносінаў у шматбаковым і двухбаковым фарматах», — паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.


Прайшлі ў Мінску і беларуска-літоўскія кансультацыі паміж МЗС па праблематыцы «Усходняга партнёрства» на ўзроўні начальнікаў дэпартаментаў міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін. З беларускага боку ў кансультацыях прыняў удзел начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Раман Раманоўскі, з літоўскага — дырэктар дэпартамента Усходняга суседства Эдмінас Багдонас і пасол па асобых даручэннях Вайдотас Вярба. Літоўская дэлегацыя таксама была прынятая намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной.


«У ходзе кансультацый бакі абмеркавалі пытанні развіцця сумеснай ініцыятывы Еўрапейскага саюза і краін — суседзяў ЕС «Усходняе партнёрства», у тым ліку падрыхтоўку да віленскага саміту УП у лістападзе 2013 года ў кантэксце будучага старшынства Літвы ў Еўрапейскім саюзе», — паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства Беларусі. Пры гэтым дарадца прэзідэнта Літвы па замежных справах Йовіта Нелюпшэне заявіла журналістам у Вільнюсе, што на саміт «Усходняга партнёрства» ў літоўскую сталіцу прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска літоўскі бок запрашаць не мае намеру.


Відавочна, беларускія ўлады не пакідаюць спробаў аднавіць дыялог з Захадам, што можа пазітыўна паўплываць на перамовы з фінансавымі інстытуцыямі, у чым найперш і зацікаўленае беларускае кіраўніцтва. Аднак на фоне негатовасці да змены ўнутранага палітычнага рэжыму гэтыя перамовы могуць застацца на ўзроўні ўжо знаёмых «арэляў» — калі адносіны паміж Беларуссю і ЕС вызначаюцца не доўгатэрміновай стратэгіяй, а бягучым станам справаў. Цяпер жа наяўнасць унутры краіны палітвязняў ніякім чынам не спрыяе зруху адносінаў у палітычны бок.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што ЕС не зацікаўлены ў паляпшэнні адносінаў ды навязвае неабгрунтаваныя прэтэнзіі да Беларусі. Хаця, як на тое будзе добрая воля еўракамісараў, то чаму б і не сесці за стол перамоваў.


Еўрасаюз цяпер крыху змяніў публічную палітыку з дачыненні да Беларусі. І замест візітаў высокапастаўленых асобаў у Беларусь для перамоваў на найвышэйшым узроўні прапануе пачаць перамовы наконт візавай падтрымкі і перагляду пагадненняў з тым, каб спрасціць беларусам наведванне краін ЕС. (Хаця на гэтым тыдні Беларусі наведваў «адстаўны чыноўнік» — былы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі прафесар Гюнтэр Ферхойген, яго візіт у краіну, якая не становіцца на шлях дэмакратызацыі, аналітыкі не лічаць пазітыўным крокам для палітыка).


Але нагадаем, што афіцыйны Мінск відавочна не зацікаўлены ў спрашчэнні працэдуры наведвання. Ад 2010 года падпісаныя пагадненні пра малы памежны рух насельніцтва з Польшчай і Літвой. Польскі бок завяршыў усе неабходныя працэдуры ў 2010 годзе, Літва — вясной 2012-га. Беларусь жа дагэтуль не паедаміла, што выкананая яе частка працы і што можна ўводзіць спрошчаны рэжым перамяшчэння праз мяжу. Аналітыкі, дыпламаты гавораць, нібыта на актывізацыю працэсу ўплывае «палітычны фактар». Цяпер у Беларусі дзейнічае пагадненне пра малы памежны рух насельніцтва толькі з Латвіяй.


Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі гаворыць, што цяпер узаемаадносіны Беларусі і Еўрасаюза даволі непрадказальныя. З аднаго боку, усё той жа аўтарытарны рэжым, з іншага — апеляцыя да агульначалавечых каштоўнасцяў, што не надта ўспрымаецца кіраўніцтвам Беларусі. Але калі ідзе працэс, то мусіць быць і нейкі вынік. «Будзе выкананая галоўная ўмова — вызваленне палітвязняў і рэабілітацыя, то можна будзе гаварыць пра аднаўленне стасункаў, пра годную прысутнасць Беларусі на віленскім саміце «Усходняга партнёрства». Без гэтага руху наперад не можа быць, а дадумваць нешта цяпер бессэнсоўна. Не варта паддавацца на Макееўскія байкі, якія ён распавядае замежным дыпламатам», — папярэджвае Раман Якаўлеўскі.


Цяпер Еўрасаюз і ЗША прымяняюць санкцыі ў дачыненні да 243 фізічных асобаў і 32 прадпрыемстваў Беларусі.

Каментаваць