Некаторыя палітыкі не жадаюць злаваць Расію

Экс-міністр замежных спраў Эстоніі, еўрадэпутат Урамас Паэт патлумачыў НЧ, чаму на саміце Усходняга партнёрства Украіна не атрымала чаканага выніку. А беларусы пакуль пачакаюць палёгкі візавага рэжыму.



— У Еўрапейскім Саюзе ніколі не было кансенсусу паміж усімі чальцамі наконт магчымасці Украіны стаць кандыдатам на ўступленне ў ЕС. Таму Рыжскі самі для ўкраінцаў і не мог скончыцца чымсьці канкрэтным. Але менавіта зараз для Украіны было вельмі важна атрымаць бязвізавы рэжым і надзею на магчымы ўступ у ЕС у будучым. Я на мінулым тыдні быў ва Украіне, у тым ліку ў Марыўпалі, Шырокіна, і бачыў, які там эканамічны, палітычны і эмацыйны стан. Украіна зараз у вельмі складанай сітуацыі. Эмацыйны стан людзей па ўсёй Украіне, не толькі на ўсходзе, вельмі няпросты. І калі б ЕС прыняў рашэнне аб бязвізавым рэжыме, гэта было б вельмі моцным імпульсам для ўкраінскага грамадства. Можа быць большасць украінцаў гэтым бы ніколі і не скарысталася, але сама такая магчымасць была б вельмі важнай. ЕС павінен рабіць усё, каб падтрымліваць Украіну.

Дыскусія па пытанню еўрапейскай будучыні Украіны ідзе ўжо не першы год. Для мяне гэтая дыскусія наогул нонсенс. ЕС сам вырашыў, што ўсе краіны Еўропы, якія выконваюць Капенгагенскія ўмовы, калі яны гатовыя да гэтага кроку, могуць атрымаць статус кандыдата. Аднак рэал-палітыка зараз такая, што пакуль кансенсусу няма. А вось чаму немагчыма прыйсці да кансенсусу, гэта ўжо іншае пытанне...

Па-першае, зараз перад Еўропай вельмі востра стаіць пытанне бежанцаў. Для многіх краін — гэта  праблема нумар адзін. І многія вайну ва Украіне і пытанне бежанцаў ставяць у адзін шэраг. Гэта не правільна, таму што ўцекачы і так прыязджаюць у Еўропу без віз. Але гэты страх перад наплывам бежанцаў адыгрывае сваю ролю, таму што Украіна — гэта 50 мільёнаў чалавек, і ўжо больш за мільён унутраных бежанцаў. І многія думаюць, што гэта можа стаць праблемай для ЕС.

Другі чыннік — гэта Расія. Не сакрэт, што ў Еўропе хапае палітыкаў, якія не хочуць рабіць ніякіх крокаў, якія не падабаюцца Расіі. Ёсць тыя палітыкі, хто думае, што бязвізавы рэжым для Украіны можа пакрыўдзіць Расію, для якой пытанне бязвізавага ўезду ў ЕС было адкладзена з-за яе агрэсіўнай палітыкі.

Па-трэцяе, у ЕС хапае палітыкаў, якія вельмі крытычна глядзяць на тое, што адбываецца ва Украіне: карупцыя, жудасная эканамічная сітуацыя, вельмі павольнае рэфармаванне. Яны лічаць, што пры такім раскладзе Украіне занадта рана думаць пра ЕС.

Ну, і нарэшце, у Еўропе шмат палітыкаў, якія проста лічаць, што ЕС і так занадта вялікі, што 28 дзяржаў ужо дастаткова, і больш нікога прымаць не трэба.

Я вельмі ўсцешаны тым, што Эстонія стаіць на пазіцыі таго, што прынцып, які быў закладзены ў Капенгагене, павінен выконвацца, што ўсе краіны Еўропы, якія адпавядаюць крытэрам, могуць стаць кандыдатам на ўступленне ў ЕС. Мы гэтак жа падтрымліваем жаданне Украіны атрымаць магчымасць бязвізавага ўезду ў ЕС.

Грамадзяне Малдовы могуць без візаў вандраваць па ЕС ужо год.  За гэты час 75 тысяч жыхароў Прыднястроўя атрымалі малдоўскі пашпарт. Такім чынам, гэта мае не толькі практычнае, але і палітычнае значэнне.

Што тычыцца Беларусі, то ваша краіна цяпер адзіная ва Усходнім партнёрстве, якая не мае на сваёй тэрыторыі замарожанага канфлікту. Таму ўсе ў ЕС хочуць, каб гэтак і засталося. І таму шмат хто не хоча яўна ісці насуперак жаданням Расіі. А Расія выразна дэманструе амбіцыі атрымаць больш і больш краін пад свой кантроль (гэта тычыцца ўсіх былых рэспублік СССР, але Беларусі ў большай ступені).

На маю думку, цяпер ЕС вельмі адкрыты для таго, каб развіваць адносіны з Беларуссю. Саспела атмасфера для развіцця гэтых адносін. Але ў ЕС складана атрымаць кансенсус, каб нешта рабіць. Тое, што я казаў пра Украіну, шмат у чым тычыцца і Беларусі.

У гэтым плане скептыкам больш шчыльных адносін з Беларуссю вельмі лёгка апраўдваць сваю пазіцыю. Яны кажуць, што ў Беларусі няма ніякіх дэмакратычных зменаў, таму трэба яшчэ пачакаць. Маўляў, калі мы зараз пойдзем ёй насустрач, то там і не будзе ніякіх зменаў.

Мая пазіцыя ў тым, што ўжо сёння вельмі важна, каб беларускае грамадства за кошт палёгкі візавага рэжыму магло атрымаць больш магчымасцяў пабачыць знутры, як жыве ЕС. І, магчыма, гэта паўплывае на змены ў самой Беларусі і дасць неабходны імпульс для дэмакратызацыі.

Каментаваць