Незаўважаная лекцыя

У несвабодным, а значыць, амаральным грамадстве бессэнсоўна разлічваць і на праявы пачуцця салідарнасці паміж людзьмі. Што ў такіх умовах рабіць апазіцыі? Перш за ўсё ўсведоміць рэальнасць, у якой ёй выпала жыць.



У рамках праекта «Еўрапейскае кафэ: адкрытая прастора Еўропы» ў галерэі TUT.BY адбылася адкрытая лекцыя дырэктара «Лявада-Цэнтра» Льва Гудкова. Лекцыя не стала падзеяй у жыцці беларускіх інтэлектуалаў. Гэта маё асабістае меркаванне. І змест лекцыі тут не пры чым. Памяшканне, у якім супрацоўнікі кампаніі ў абедзенны перапынак п'юць каву і абмяркоўваюць свае бытавыя праблемы, змясціла ўсіх ахвочых. Камусьці не хапіла крэслаў, але не больш за тое.

 

Не зацікавіла праца і партыйных актывістаў і незалежных журналістаў. Першыя напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў занятыя распрацоўкай эфектыўнага механізму выяўленне ва ўласных шэрагах «адзінага кандыдата», другія гэты перманентны працэс апісваюць і аналізуюць.

 

Між тым, банальную ісціну «няма нічога больш практычнага, чым добрая тэорыя» ніхто не адмяняў. Сам Леў Гудкоў з гэтай нагоды любіць паўтараць: «Разуменне — гэта таксама дзеянне, прычым больш істотнае, чым удзел у тых ці іншых прамых грамадзянскіх акцыях».

 

Гэта «Азбука паліталогіі» прысвечана чарговай спробе аўтара зразумець беларускае грамадства.

 

«Натура, якая сыходзіць»

 

У 1989 годзе сацыёлаг Юрый Лявада ініцыяваў даследчы праект «савецкі чалавек». Ён лічыў, што ва ўмовах перабудовы гэты сацыяльны тып асуджаны стаць «натурай, якая сыходзіць», і са зменай пакалення, за кошт уваходжання ў жыццё моладзі, што не ведала таталітарызму, грамадства кардынальна зменіцца.

 

Аднак надзеі на лозунг «моладзь — наша будучыня» не спраўдзіліся. Савецкая ўлада засталася ў мінулым, але ўзнаўленне «чалавека савецкага» працягнулася. Феномен гэта стаў магчымы за кошт захавання механізму стэрылізацыі маралі як умовы падтрымання насельніцтва ў стане апатыі і абыякавасці.

 

Аналагічныя надзеі ў пачатку 90-х гадоў мелі і незалежныя беларускія сацыёлагі. Ужо першыя апытанні паказалі, што аўтарытарных палітыкаў падтрымліваюць галоўным чынам пажылыя і малаадукаваныя жыхары вёскі і малых гарадоў («натура, якая сыходзіць»). Такім чынам, электаральны поспех цяперашняга кіраўніка дзяржавы — з'ява часовая, таму што будучыня працуе на дэмакратыю.

 

Але што атрымалася на практыцы? У 1994 годзе за пул прасавецкіх кандыдатаў у прэзідэнты (Дубко, Кебіч, Лукашэнка і Новікаў) прагаласавалі 37% беларусаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. На наступных прэзідэнцкіх выбарах такі пул ужо не складаўся. «Адзінаму палітыку» (АП) супрацьстаялі толькі кандыдаты ад дэмакратычнай апазіцыі (беларускага ліберальнага дэмакрата Гайдукевіча я не ўлічваю). У 2001 годзе АП падтрымалі 30% маладых выбаршчыкаў, у 2006 годзе — 37%, у 2010 годзе — 31%.

 

Як нескладана заўважыць, ваганні ўзроўню электаральнай падтрымкі існуюць, але яны выкліканыя магчымасцямі АП раздаваць перадвыбарчы «хлеб» (іх пік прыйшоўся на 2006 год). Да змены пакаленняў ваганні ніякага дачынення не маюць.

 

Дзе больш дзяржавы, там і больш свабоды

 

Аднак вернемся да лекцыі. Яе цэнтральнае паняцце — мараль. Сёння словы «мараль», «маральнасць» і вытворныя ад іх актыўна ўжываюць прадстаўнікі ўлады: чыноўнікі, дэпутаты і, зразумела, сам АП. Папулярны ён і ў іерархаў праваслаўнай царквы. Тут «мараль» (апеляцыя да «маральных каштоўнасцяў») азначае толькі патрабаванне ўзмацнення кантролю і ўвядзення дадатковых абмежаванняў.

 

Між тым, мараль — своеасаблівы прадукт Новага часу, і як сістэма рэгулявання паводзін людзей яна супрацьстаіць традыцыям і звычкам. «Мараль, — падкрэслівае Леў Гудкоў — не можа паўстаць у «простым» недыферэнцаваным грамадстве. Яна ўзнікае толькі там, дзе фармуюцца шматбаковыя сувязі асобных людзей, адносна незалежных (аўтаномных) сацыяльных утварэнняў і груп».

 

Носьбіт маралі — свабодны, не залежны ад дзяржавы чалавек. Свабоду пры гэтым варта разумець не як вольніцу (што хачу, то і раблю), а як асабістую адказнасць. Чалавек жа несвабодны не ў стане адказваць ні за сябе, ні за тое, што адбываецца. Таму з такой прастатой ён дэлегуе адказнасць за прыняцце рашэнняў уладзе. А ўлада, у сваю чаргу, манапалізуе права выступаць ад яго імя і ад імя інтарэсаў народа.

 

Падмацую сказанае цытатай польскага сацыёлага Эдмунда Унук- Лепінскага: «У Веймарскай рэспубліцы самыя радыкальныя партыі, г.зн. нацысцкая і камуністычная, адрозніваліся, як паказваюць даследаванні, самай вялікай цякучасцю электарату. Значыць, людзям, якія аддавалі свае галасы камуністам ці нацыстам, было ўсё роўна, за каго галасаваць. Яны галасавалі за радыкальную палітычную альтэрнатыву свабодзе і дэмакратыі, якая здыме з іх цяжар адказнасці за ўласнае жыццё».

 

Свабода для тыповага прадстаўніка беларускага большасці — гэта, перш за ўсё, адчуванне стабільнасці, гэта знакамітая савецкая «ўпэўненасць у заўтрашнім дні». Таму свабоды ў нас больш там, дзе дзяржава апекуе насельніцтва, у тым ліку ў эканамічным плане — кантралюе эканоміку, кошты і да т.п. Як тут не прыгадаць АП: «Свобода это не беспредел, это спокойная и тихая жизнь и порядок в обществе».

 

Несвабодны чалавек не мае крыніцы парадку ўнутры сябе. Адсюль паўстае патрэба ў знешніх рэгулятарах. Адсутнасць жа такіх ён адчувае як хаос. Таму сакавіцкае апытанне НІСЭПД зафіксавала, што ва ўкраінскім канфлікце пазіцыю пратэстоўцаў на Еўрамайдане ўхваляе толькі 21% беларусаў (ад 18 да 29 гадоў — 39%, 60 гадоў і старэй — 12%).

 

І, каб завяршыць тэму «свабоды», я звярнуся па дапамогу да  расійскага палітолага Уладзіміра Пастухова: «Ліберальная свабода — гэта свабода язды па рэйках: вельмі хутка, але толькі ў строга зададзеным кірунку. Руская «свабода» — гэта свабода хадзіць пешкі дзе заўгодна: усе наступаюць адзін аднаму на ногі, але кожны думае, што ён галоўны. Смешна, але рускім вельмі часта няўтульна на Захадзе — яны ўвесь час адчуваюць недахоп «свабоды».

 

 

Улада адкрытая для дыялогу і рэпрэсій

 

У несвабодным, адпаведна, амаральным грамадстве не могуць узнікнуць уяўленні аб агульных інтарэсах і агульным дабры. Бессэнсоўна разлічваць і на праявы пачуцця салідарнасці паміж людзьмі, для якіх свабода — «это спокойная и тихая жизнь».

 

За палітычным канфліктам ва Украіне сачылі штодня 35% беларусаў, час ад часу — 54%. Але пры такім высокім узроўні ўвагі самым папулярным адказам на пытанне: «На чыім баку былі вашы сімпатыі ў гэтым канфлікце?» апынуўся варыянт «ні на чыім» — 56%.

 

Чалавека аўтаномнага (незалежнага ў сваіх учынках і меркаваннях) не варта блытаць з чалавекам атамізаваным. Апошні, нібы слімак, сядзіць у сваёй ракавіне, што не выключае яго глядацкай цікавасці да знешніх падзеяў, за якімі ён назірае па тэлевізары. Тэлевізар і фармуе яго ўяўленне аб тым, што адбываецца. У іншых крыніцах інтэрпрэтацыі ён не мае патрэбы.

 

Але што стрымлівае ад распаду грамадства атамізаваных індывідаў, няздольных да выпрацоўкі агульных інтарэсаў і пазбаўленых пачуцця салідарнасці? Каб адказаць на гэта пытанне, звернемся да Паслання–2014.

 

Цікавы ўжо яго загаловак: «Сильная экономика и честная власть  —фундамент независимости страны и процветания нации». Гэта значыць, нацыю АП разглядае выключна ў якасці аб'екта, росквіт якога залежыць не ад намаганняў грамадзян, а ад знешніх фактараў, галоўны з якіх — «честная власть».

 

Такую ўладу ў наш час варта разглядаць у якасці выключэння, а не правіла. Тут варта прыгадаць Украіну. Але беларусам пашанцавала. Адна з папярэдніх «Азбук паліталогіі» («Ода хаосу», «НЧ» № 14 ад 11 красавіка) была прысвечана гэтаму шанцаванню, таму не буду паўтарацца.

 

У пасланні–2014 маецца раздзел, прысвечаны тым, «кто по разным причинам критически относится к власти». Прысутнічаюць і выдатныя словы аб адкрытасці «для любого диалога, если его целью является благо Беларуси, а не частные, тем более иностранные интересы». Аднак канкрэтных прапаноў па наладжванні дыялогу дакумент не ўтрымлівае, чаго не скажаш пра папярэджанне «жестко уничтожать в зародыше» любую прапаганду гвалту.

 

Між іншым, сам АП эфектыўнага кіравання без гвалту не ўяўляе, пра што ўвесь час нагадвае свайму асяродку. Абмяжуюся адной цытатай: «Управляемая ликвидация это значит руководителей и специалистов, доведших до банкротства, если не в тюрьму, то с метлой на улицу».

 

Гвалт і з'яўляецца адным з найважнейшых інструментам, які стрымлівае грамадства атамізаваных індывідаў ад распаду.

 

Што рабіць?

 

Па колькасці зняволеных на 100 тысяч жыхароў Беларусь у Еўропе апярэджвае толькі Расія. Да таго ж рэспубліка-партызанка — адзіная краіна ў Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

 

«Абвінаваўчы ўхіл» беларускіх судоў абапіраецца на ўпэўненасць «большасці», што страх пакарання з'яўляецца асноўным стымулам выканання законаў — 52%, на другое месца ў якасці такога стымулу беларусы ставяць звычку — 20%, і толькі на трэцяе — веру ў справядлівасць закона — 16% (НІСЭПД, ліпень 2009 года).

 

На фоне масавых уяўленняў пра страх як пра крыніцу законапаслухмянасці, вельмі гарманічна глядзіцца вера ў адмоўныя наступствы ад змякчэння пакаранняў нават за нязначныя злачынствы — 53%. А вось згодныя з тым, што змякчэнне пакаранняў прывядзе да станоўчых наступстваў, толькі 29%.

 

Мараль, якая выступае ў якасці абмежавальніка гвалту, характарызуе ўзровень цывілізаванасці грамадства. «Супольнасць, дзе сацыяльны парадак трымаецца на іерархіі гвалту, справядліва называецца варварскай», — сцвярджае Леў Гудкоў.

 

Варварскія сістэмы адносін абмяжоўваюць патэнцыял развіцця краіны. Таму не варта здзіўляцца стану масавай апатыі, уласцівай беларускаму грамадству. Яно з'яўляецца вытворным ад сістэматычнага здушэння любых спробаў салідарнасці, супрацоўніцтва і праявы адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве.

 

Што ў такіх невясёлых умовах неабходна рабіць апазіцыі? Перш за ўсё, скарыстацца парадамі расійскага сацыёлага і заняцца ўсведамленнем і разуменнем рэальнасці, у якой ім выпала жыць.

Абмеркаванне:

  • НЧ
  • 2014-05-15 23:25:55
Прабачце, калі ласка, але мы — рэдакцыя газеты "Новы час".
  • Уладзімер Русаковіч
  • 2014-05-18 16:13:27
Прашу выбачэньня, што ня выправіў зварот пры рассылцы ў некалькі выданьняў.

Дзякую рэдакцыі газеты "Новы час" за разьмяшчэньне майго каментара.

Каментаваць