Новая старонка

Завяршыўся візіт у Беларусь прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды слова Дуні Міятавіч.

Вынікі свайго знаходжання ў беларускай сталіцы яна падсумавала на прэс-канферэнцыі 27 кастрычніка.

Завяршыўся візіт у Беларусь прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды слова Дуні Міятавіч.

Вынікі свайго знаходжання ў беларускай сталіцы яна падсумавала на прэс-канферэнцыі 27 кастрычніка.

У Мінску спадарыня Міятавіч правяла сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім, старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, начальнікам Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Усеваладам Янчэўскім. А таксама — са старшынёй БАЖ Жаннай Літвіной і яе намеснікамі Аляксандрам Старыкевічам і Андрэем Бастунцом, галоўным рэдактарам недзяржаўнай газеты “Народная воля Іосіфам Сярэдзічам, а таксама з беларускімі журналісткамі, якія сёлета падпалі пад пераслед уладаў, — Марынай Коктыш, Святланай Калінкінай, Ірынай Халіп і Наталляй Радзінай.

“Заканадаўства аб СМІ павінна спрыяць з’яўленню і развіццю СМІ і плюралізму, а не абмяжоўваць іх дзейнасць… Я сказала ўладам, што неабходна тэрмінова зрабіць захады па заахвочванні і падтрымцы аслабленых незалежных СМІ і стварыць умовы для з’яўлення механізма незалежнай самарэгуляцыі СМІ, — адзначыла Дуня Міятавіч.

Паводле яе слоў, падчас афіцыйных сустрэч закраналіся і пытанні неабходнасці прыватызацыі дзяржаўных мас-медыя, адмены крымінальнага пераследу  СМІ за дыфамацыю. “Я таксама заклікала беларускія ўлады да распрацоўкі і прыняцця закону аб доступе да інфармацыі, якога сёння ў Беларусі няма… Я вельмі спадзяюся, што мой візіт будзе новай старонкай у гісторыі стварэння свабоднай прэсы і свабодных СМІ ў Беларусі, і я прапаную любую дапамогу і падтрымку з боку майго офіса, каб зрабіць гэта магчымым, — заявіла прадстаўнік АБСЕ у пытаннях свабоды слова Дуня Міятавіч.
 

Каментаваць