Новая старонка ў гісторыі БНФ

Абраннем новага кіраўніцтва завяршыўся XII справаздачна-выбарчы з’езд Партыі БНФ, які прайшоў 5 верасня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода. Некаторыя ветэраны партыі — прыхільнікі былога старшыні ПБНФ Лявона Баршчэўскага адмовіліся ўвайсці ў кіруючыя органы арганізацыі.

(Злева направа:  Лявон Баршчэўскi, Аляксей Янукевiч, Юрась Губарэвiч)



Абраннем новага кіраўніцтва завяршыўся XII справаздачна-выбарчы з’езд Партыі БНФ, які прайшоў 5 верасня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода. Некаторыя ветэраны партыі — прыхільнікі былога старшыні ПБНФ Лявона Баршчэўскага адмовіліся ўвайсці ў кіруючыя органы арганізацыі.

(Злева направа:  Лявон Баршчэўскi, Аляксей Янукевiч, Юрась Губарэвiч)


На форум, паводле звестак мандатнай камісіі, прыбылі 323 з 373 абраных дэлегатаў з’езда. Перад пачаткам прысутныя выканалі неафіцыйны нацыянальны гімн «Магутны Божа», пасля чаго пачаліся выступы з вітаннямі дэлегатам з’езда. Старшыня ПБНФ Лявон Баршчэўскі зачытаў допісы ад Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, якія не змаглі прысутнічаць на з’ездзе, а Вінцук Вячорка, сінхронна перакладаючы «з ліста», агучыў вітанні фронтаўцам ад кіраўнікоў некаторых заходніх права-цэнтрысцкіх арганізацый — партнёраў ПБНФ на міжнароднай арэне.

Са зваротамі да дэлегатаў выступілі былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, сустаршыня незарэгістраванай Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Лявон Зданевіч і старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас. Апошнія два выступоўцы адразу выказаліся ў падтрымку Лявона Баршчэўскага, хаця на той момант яшчэ амаль ніхто не ведаў, што менавіта Баршчэўскі, а не Віктар Івашкевіч будзе вылучацца на пасаду старшыні партыі.

Асаблівую ўвагу прысутных выклікаў выступ лідэра Руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які ўскосна, як высветліцца потым, адыграў істотную ролю ў змене фронтаўскага кіраўніцтва. Мілінкевіч заявіў, што Партыя БНФ была, ёсць і будзе самай галоўнай нацыянальна-дэмакратычнай сілай Беларусі. Паводле былога адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмсілаў, Партыі БНФ і Руху «За Свабоду» няма чаго дзяліць. Аляксандр Мілінкевіч узгадаў пратэсты, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе, і адзначыў, што Плошча ёсць вынікам велізарнай працы ўсёй краіны, і ніхто не зрабіў для яе так шмат, як Партыя БНФ: «Вы стварылі пачуццё магчымасці калі не перамогі, дык абароны сваёй годнасці». Па словах Мілінкевіча, дзякуючы гэтаму ў свеце ніхто не кажа, што Беларусь — выпадковая краіна, якая сама не ведае, ці хоча незалежнасці і свабоды.

Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што Рух «За Свабоду» — не канкурэнт і не праціўнік Партыі БНФ, але найбліжэйшы партнёр, бо гэтыя структуры маюць аднолькавыя задачы і каштоўнасці. Прамоўца пажадаў сябрам Партыі БНФ поспехаў і выказаў спадзяванне, што партыя абярэ правільны шлях і нацыянальныя сілы будуць узмацняцца.

Зусім іншым па настроі быў справаздачны выступ старшыні ПБНФ Лявона Баршчэўскага. Палітык адразу пакрытыкаваў палітыку Руху «За свабоду» па «пераманьванні» фронтаўцаў у свае шэрагі. Баршчэўскі запрапанаваў сябрам ПБНФ вызначыцца — выконваць партыйныя абавязкі альбо рэкламаваць рух «За Свабоду». «Празмерная дэмакратычнасць у дзейнасці партыі дазволіла значнай колькасці прыхільнікаў Мілінкевіча ўхіліцца ад выканання рашэнняў Сойма партыі, — заявіў Лявон Баршчэўскі. — Маімі асноўнымі задачамі было вызначыцца, хто ў шэрагах Партыі БНФ займаецца палітыкай, а хто — палітычнай і праваабарончай дзейнасцю ў складзе Руху «За Свабоду». Па гэтай справе задача перавыканана. А вось другая задача — фармалізацыя дачыненняў з Рухам «За Свабоду» — выканана не да канца».

Са словаў Лявона Баршчэўскага, «надзвычайная дэмакратычнасць працэдуры прыняцця рашэнняў, наяўнасць вялікай колькасці падвоеных агентаў дазвалялі руху рабіць апераджальныя манеўры і выкручвацца ад палітычнай адказнасці за невыкананне і адкрыты сабатаж рашэнняў з’езда і Сойма». У падобным рэчышчы былі і выступы першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі і яшчэ аднаго намесніка старшыні Віктара Івашкевіча.

Але самая гарачая барацьба разгарнулася падчас зацвярджэння парадку дня з’езда. Прыхільнікі Лявона Баршчэўскага прапаноўвалі абавязкова ўключыць пытанне аб вызначэнні патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты — прэтэндэнта ад Партыі БНФ. А вось тыя, хто быў на баку Аляксея Янукевіча, лічылі, што кандыдата ад партыі абіраць пакуль рана, бо яшчэ не вызначаны сам фармат удзелу арганізацыі ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Як вынік — прайшла прапанова каманды Янукевіча, пасля чаго стала зразумела, што на пасаду кіраўніка партыі будзе балатавацца менавіта Лявон Баршчэўскі, а не «заяўлены раней» Віктар Івашкевіч, які зняў сваю кандыдатуру на карысць дзейнага тады яшчэ старшыні ПБНФ.

Прагучала шмат выступаў і рэплік, многія з якіх, можна сказаць, былі «на мяжы фолу» — у выразах і характарыстыках апанентаў многія дэлегаты не саромеліся… У выніку ў спісы для галасавання па пасаду старшыні ПБНФ былі ўнесены кандыдатуры Баршчэўскага і Янукевіча. Галасаванне атрымалася не на карысць старэйшых палітыкаў — за Лявона Баршчэўскага свае галасы аддалі 144 дэлегаты з’езда, у той час як за Аляксея Янукевіча прагаласавалі 174 фронтаўцы. І гэты вынік большасць прысутных у залі сустрэла воклічам «Жыве Беларусь!».

Лявон Баршчэўскі заклікаў сваіх прыхільнікаў «не прымаць эмацыйных крокаў па гарачых слядах». Тым не менш, ветэраны арганізацыі Валянцін Голубеў і Пётра Садоўскі адмовіліся ўвайсці ў новы склад Сойма ПБНФ. А цяпер ужо былы першы намеснік старшыні арганізацыі Вінцук Вячорка заявіў: «Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўніцтва Партыі БНФ. Зараз будуць рабіцца наступныя захады, каб падпарадкаваць Партыю БНФ тым сілам, якія бачаць магчымасць супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, будзе рабіцца спроба пераарыентаваць дзейнасць і пазіцыю Партыі БНФ на акцыі і кірункі, якія не пагражаюць асновам цяперашняга палітычнага рэжыму». Па словах Вячоркі, «тыя, хто стаіць на фронтаўскіх пазіцыях, будуць дзейнічаць дзеля таго, каб Фронт застаўся Фронтам і вярнуў сабе фронтаўскае аблічча, не быў нічыёй марыянеткай».

Намеснікамі старшыні Партыі БНФ дэлегаты з’езда абралі Рыгора Костусева і Ігара Лялькова, супраць кандыдатуры якога рэзка выступаў Пётра Садоўскі: «Чаму бяруць Лялькова, які на Сойме агітаваў ісці да Мілінкевіча? Гэта толькі палітычная прэтэнзія. А ёсць яшчэ і этычныя, якія я не хачу агучваць, бо будзе скандал…». Тым не менш, адбылося так, як адбылося.

Дэлегаты з’езда абралі таксама новы склад Сойма Партыі БНФ і Рэвізійную камісію. З’езд так і не вызначыўся наконт удзелу ПБНФ у прэзідэнцкай кампаніі, а Лявон Баршчэўскі пакуль так і не стаў прэтэндэнтам ад ПБНФ на прэзідэнцкую пасаду. Магчыма, больш-менш сітуацыя праясніцца на наступным, пазачарговым з’езде Партыі БНФ, пра магчымасць правядзення якога ўвесну наступнага года кажуць многія фронтаўцы.

-------------------------------------------------

Лявон Баршчэўскі: Паасобку партыям будзе вельмі цяжка змагацца за змяненні выбарчага заканадаўства


Адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання па абранню старшыні Партыі БНФ цяпер ужо былы кіраўнік арганізацыі адказаў на пытанні «Новага часу».

— Як Вы бачыце свой далейшы ўдзел у дзейнасці партыі?

— Гэты ўдзел, безумоўна, не будзе актыўным да наступнага з’езда, на якім усе ўбачаць, хто ёсць хто, і прымуць рашэнне ў інтарэсах партыі. Бо сённяшняе рашэнне — гэта адназначны пераход Партыі БНФ у хвост іншым арганізацыям.

— Якая найбліжэйшая будучыня самой Партыі БНФ?

— Калі казаць шчыра, гэта прэзідэнцкая кампанія праходзіць міма партыі. Але ў нас ёсць такія людзі, як Аляксандр Мех, як моладзь, якая прыйшла ў партыю, і я думаю, што наступную кампанію мы ўжо не прапусцім.

— Ці не прывядзе прыход да кіраўніцтва ў Партыі БНФ новай каманды да развалу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў?

— Гэта аб’ектыўна будзе ўдар, і ўдар менавіта па канцэпцыі супольных намаганняў у зменах у выбарчае заканадаўства. Не ведаю, усведамляюць гэтыя людзі ці не, але аслабленне пазіцыяў кааліцыі будзе азначаць наступнае: улады прымаюць адзін з пяці пунктаў, якія прапанавалі АДС. Скажам, Сяргей Калякін (першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай — Г. К.), бачачы, што кааліцыя распадаецца, напрыклад, скажа: мяне задавальняе гэты адзін пункт. А хтосьці скажа, што яму патрэбны два пункты, хтосьці — што пяць. Да апошняга часу гэта быў механізм узгодненай пазіцыі. Пры зніжэнні прадстаўніцтва і аслабленні агульнай структуры хаця б у гэтым кірунку аўтаматычна моцна зніжаюцца шанцы дамагчыся зменаў у выбарчае заканадаўства. Паасобку партыям будзе вельмі цяжка за гэта змагацца. 

Каментаваць