«Новы Час» зноў не пажаданы

Своеасабліва павіншавалі ўлады нашу газету з выхадам 500 нумару. У чарговы раз (хто б сумняваўся) кіраўніцтва РУП «Белсаюздрук» і РУП «Белпошта» адмовіла ў распраўсюдзе «Новага Часу» праз сваю сетку.


Яшчэ 12 жніўня рэдакцыя накіравала просьбу ў гэтыя ўстановы аб распаўсюдзе «Новага Часу» праз гандлёвую сетку РУП «Белсаюздрук» і ўключэнні ў падпісны каталог РУП «Белпошта».

«Газета «Новы Час» — штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы і актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы, — было напісана ў лісце да гэтых устаноў. — «Новы Час» — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія выдаюцца цалкам на беларускай мове. Спадзяемся, што 2016 год, абвешчаны кіраўніком дзяржавы Годам культуры, стане добрай нагодай для пачатку нашага працяглага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

І што вы думаеце нам адказалі? РУП «Белсаюздрук» абмежаваўся адным сказам, у якім паведаміў, што распасюд «Новага часу» праз іх гандлёвую сетку «не плануецца».



РУП «Белпошта» спадобілася адказаць амаль на старонку, дзе патлумачыла, што ўключаць нас у каталог яны не абавязаны.



Такім чынам, цуду не адбылося. Хаця пэўныя спадзяванні ўсё ж былі. Хаця б таму, што гэтым разам я прасіла заступіцца за газету намесніцу міністра замежных спраў Алену Купчыну. І яна абяцала сваю падтрымку, бо, казала, «газета цікавая». Але, відаць, МЗС цяпер менш важны за Мініфарм. Яно і праўда. Выбары ўжо адбыліся, Еўропа нікуды не дзенецца — прызнае. А беларускай мовы, відаць, і так багата.



Абмеркаванне:

  • Ігар І. Іваноў
  • 2016-09-15 08:07:17
Думаю, што так падаваць інфармацыю некарэктна. Тут прыведзены толькі адказы, але адсутнічаюць самі звароты у "Белсаюздрук" і "Белпошту".
  • Рэдакцыя
  • 2016-09-15 08:40:46
Прачытайце уважліва. Тут якраз цытуецца зварот.
  • Чытакцыя
  • 2016-09-15 09:18:34
Не думаю, што свінафорумы - наша агульная мэта.
  • ВР
  • 2016-09-15 10:20:51
Газета "актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы"? А хіба варта было пісаць пра гэта ў _прадпрыемствы_ , дзе многіх (кажу як былы работнік "Белпошты") даўно дастала "палітыка кіраўніцтва нашай краіны"? Пэўна, яшчэ і па-руску напісалі пра "распаўсюджванне беларускай мовы" - дзіва што атрымалі гэткія адказы. (На белмоўныя звароты ўжо колькі гадоў адрасаты з дзярж. арганізацый баяцца адказваць не па-беларуску.)
Ідэалагічна нагружаныя заявы трэба рабіць перад чыноўнікамі ад ідэалогіі (у АП, МЗС, мінінфарме...), а кіраўнікам РУП лепей даводзіць, што ў іх будзе магчымасць падзарабіць. З канца 2000-х гг. не адмаўляюцца ж "Белпошта" і "Белсаюздрук" ад "Народнай волі", "Нашай Нівы"... Але за "НЧ", відаць, адказваюць самыя разумныя і прынцыповыя асобы.
  • Ираида
  • 2016-09-18 07:56:42
Самыя разумныя i пранцыповыя асобы,вiдаць не вельмi зацiкаулены у поспеху "НЧ ".Вiдаць
перчыку у "НЧ " многа.
  • ВР
  • 2016-09-18 09:34:41
Іменна што мала "перчыку". З такой аналітыкай, як у П., і рэпартажамі, як у М., газета набліжаецца да "Звязды" або "ЛіМ"а. Ну, а ад інтэрв'ю з А. Лагвінцом ці ўспамінаў пра А. Караля рэжым дакладна скалануўся :)
Асабіста я на месцы ўладаў пусціў бы "НЧ" у шырокі распаўсюд. Думаю, вам (Аксана-Аляксандра-Іраіда) яшчэ не позна звярнуцца да Алены А., каб паспрыяла...

Каментаваць