Нуль без палачкі

Любая прэс-канферэнцыя любога палітыка — гэта, найперш, піяр. Так у ЗША, у Расіі, ва ўсім свеце. І Беларусь з гэтага шэрагу — не выключэнне. Прэс-канферэнцыя, якую наладзіў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня для беларускіх журналістаў, таксама была, хутчэй, піяр-ходам. Бачна, прэзідэнту даклалі, што ягоны рэйтынг застыў на ўзроўні 30% і вышэй рухацца не збіраецца. Таму ён паспрабаваў выправіць гэтую сітуацыю. Але ці дасягнуў ён сваёй мэты?



На прэс-канферэнцыі


Бачна, прэзідэнту даклалі, што ягоны рэйтынг застыў на ўзроўні 30% і вышэй рухацца не збіраецца. Таму ён паспрабаваў выправіць гэтую сітуацыю. Але ці дасягнуў ён сваёй мэты?

На вялікі жаль, спраўдзіліся прагнозы некаторых СМІ пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не здолее сказаць беларускім журналістам нічога новага. Так і адбылося — нічога новага падчас пяцігадзінных адказаў на пытанні не прагучала. Аляксандр Лукашэнка выглядаў у звыклай для яго манеры «ўпэўненага аўтарытарыста». Эканоміка выслізнула з крытычнага абвалу 2011 года, палітвязні будуць сядзець, пакуль не пакаюцца, а сам Лукашэнка ўладу не аддасць да таго часу, пакуль, па-першае, у Беларусі не з’явіцца варты канкурэнт, а па-другое, пакуль не будуць дадзеныя гарантыі, што «ўсё, што нажытае непасільнай працай» прэзідэнта, будзе ў Беларусі захавана і працягнута.

Але былі і нейкія новыя канцэпты ў падыходзе да прэс-канферэнцыі. Аляксандр Лукашэнка, здаецца, упершыню адчуў моц інтэрнэту, які ён інакш як «сметніцай» раней не называў. Адказаць на некалькі пытанняў, зарання падабраных прэс-службай з інтэрнэту, — гэта быў моцны крок, які паказаў, што Лукашэнка да пытанняў і адказаў сур’ёзна рыхтаваўся.

У прынцыпе, любая прэс-служба, асабліва прэзідэнцкага маштабу, пры падрыхтоўцы прэс-канферэнцыі думае, якія пытанні могуць задаць тыя ці іншыя журналісты тых ці іншых СМІ. І яны папярэдне «праганяюць» свайго лідара праз гэтыя пытанні. Можа, менавіта таму Лукашэнка вельмі ўпэўнена адказваў на «нязручныя» пытанні з нагоды свайго гадзінніка, «Майбаха» ды прэзідэнцкага самалёта, з нагоды палітзняволеных ды даходаў чыноўнікаў, а «сарваўся» на даволі бяскрыўдным пытанні пра адносіны Беларусі і Еўрасаюза. «Ён сапраўды спрабаваў жартаваць, адказваючы на вострыя пытанні, і пачаў прэс-канферэнцыю ў даволі міралюбівым стылі. Але гэты стыль у яго вытрымаць не атрымалася», — зазначае аўтар палітычнай біяграфіі Лукашэнкі Валер Карбалевіч.

Менавіта гэта звяло на нуль усю прэс-канферэнцыю Лукашэнкі. З аднаго боку, ён не паказаў свайму электарату звычайнае шоў, ён імкнуўся трымацца ў ролі «мудрага цара». Зараз электарат не зможа сказаць нешта кшталту: «Як ён іх, паразітаў, разнёс!». З іншага боку, успышка раздражнёнасці паказала ўсім, што ён застаўся такім жа, якім і быў: ніякім не «мудрым царом», а звычайным Аляксандрам Лукашэнкам.

І яшчэ адну цікавую дэталь адзначылі некаторыя журналісты. Па меркаванні палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага, Лукашэнка шмат казаў пра нашы дасягненні ЗАРАЗ, але, у адрозненне ад іншых прэс-канферэнцый, ён амаль нічога не казаў пра тое, што БУДЗЕ ДАЛЕЙ. «Раней Лукашэнка быў поўны пазітыўных планаў, дарыў людзям надзею, казаў пра ўпэўнены рост ВУП і заробак у 500 долараў, дасягнуць якога нам перашкаджалі толькі ворагі з Захаду альбо Усходу. Зараз жа ніякіх пазітыўных планаў і надзей на прэс-канферэнцыі агучана не было. Новай пазітыўнай праграмы ў Лукашэнкі няма», — адзначае Быкоўскі.

Таму наўрад ці, пры ўсім імкненні іміджмейкераў выратаваць рэйтынг Лукашэнкі, гэта прэс-канферэнцыя дасягнула сваёй мэты. Яшчэ раней рэкламіст Юлія Ляшкевіч казала, што прэс-канферэнцыі павінны быць дарэчнымі. Яны патрэбныя, калі ёсць нейкі выклік, калі трэба тэрміновая рэакцыя на падзеі, калі людзі разгубленыя, і грамадзяне не ведаюць, як рэагаваць на той ці іншы выклік, на тую ці іншую сітуацыю, калі ім трэба растлумачыць, што і як рабіць. А сёння такіх выклікаў няма.

Адпаведнае і асвятленне прэс-канферэнцыі ў СМІ: журналісты засяродзілі ўвагу альбо на самых смешных цытатах, наконт «прафесійнага футбаліста Лукашэнкі», альбо на самых неадназначных, наконт экзатычнасці расійскага пасла ў Беларусі. Больш — нічога.

Рэйтынг Аляксандру Лукашэнку гэта прэс-канферэнцыя не падыме. Праз тыдзень ад яе застануцца пара-тройка цытат, а праз месяц узгадаць дакладна, пра што казаў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі, не здолеюць нават тыя, хто задаваў Лукашэнку пытанні.

Фота: telegraf.by

Каментаваць