Ода «Да сумленнасці» (фрагмент 5-й сімфоніі)

Ліміт рэвалюцый у Беларусі не вычарпаны. Беларуская мадэль з’яўляецца тым месцам у цэнтры Еўропы, дзе накопліваюцца аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары будучых рэвалюцыйных сітуацый.



Сацыяльныя канфлікты непераадольныя. Максімум, на што можна разлічваць, — на зніжэнне іх вастрыні. 

18 лютага 1911 года ў даліне ракі Мургаб, у цэнтральнай частцы Паміра, сышоў апоўзень, што перагарадзіў раку. У выніку ўтварылася плаціна вышынёй больш за 500 метраў. Так паўстала Сарэзскае возера з аб’ёмам вады каля 17 кубічных кіламетраў.

Ужо першыя даследчыкі прыроднай катастрофы адзначылі патэнцыйную пагрозу, якая навісла над землямі, што знаходзіліся ніжэй плаціны. Паводле сучасных разлікаў, у выпадку яе прарыву, горад Маскоўскі, што знаходзіцца ніжэй па рацэ на 450 кіламетраў, захлісне хваля вышынёй больш за 50 метраў. Горад Тэрмез, на адлегласці 1050 кіламетраў, накрые хваля вышынёй больш за пяць метраў. У выніку зона зямель, што арашаюцца ў басейне Амудар’і, будзе знішчаная.

Ад Паміра нас аддзяляюць тысячы кіламетраў, тым не менш аналагічная пагроза навісла і над Беларуссю, бо ў нас маецца сваё Сарэзскае возера — гэта ўсім нам добра знаёмая беларуская мадэль.

У першую чаргу маю на ўвазе яе палітычны складнік, дакладней, яго адсутнасць. Палітыка, як я ўжо неаднаразова адзначаў, — гэта механізм узгаднення інтарэсаў розных груп грамадства. У беларускай мадэлі такі механізм адсутнічае ўжо хаця б таму, што на дзяржаўным узроўні не прызнаецца наяўнасць у грамадстве разнастайнасці інтарэсаў.

Звернемся да кастрычніцкага інтэрв’ю адзінага палітыка (АП) тэлеканалу «Euronews»: «Если политики, группы политические в Украине и партии ввяжутся в длительный процесс переговоров, согласований, с целью баланса какого-то, то это — очередной развал Украины. Сегодня нужны конкретные действия конкретной, может быть, даже личности или определенной группы единомышленников исключительно в интересах украинского народа. Если народ хочет так — значит, это цель. И надо делать всё, чтобы этой цели достичь».

Канкрэтныя дзеянні неабходныя не толькі сёння. Яны неабходныя заўсёды. Вось толькі чаго хоча ўкраінскі народ? Адкрываю кнігу выдатнага расійскага палітолага Уладзіміра Пастухова «Украінская рэвалюцыя і руская контррэвалюцыя. Кіеўскі дзённік, чэрвень 2009 — чэрвень 2014»: «Канстытуцыйны крызіс наспяваў на Украіне з моманту стварэння самастойнай дзяржаўнасці і звязаны з няздольнасцю дзяржавы даць рады разнастайнасці культур, што складаюць украінскае грамадства».

Гэту разнастайнасць мы і назіраем. Пра яе наяўнасць спецыялісты ведалі заўсёды, але сёння «здабыткам публікі стала тое, што раней было схавана пад пластом паўсядзённай палітычнай мітусні».

Канфлікты непераадольныя

Што прапануе АП свайму калегу Пятру Парашэнку? Па-першае, «смести все олигархические кланы». Па-другое, «собрать их (сілавыя структуры) вокруг себя и смотреть, чтобы тебя не убрали, не пристрелили, прежде чем ты их соберешь». Па-трэцяе,  «поднять народ, чтобы он тебя поддержал».

Перад намі план па стварэнні Сарэзскага возера ў краіне з насельніцтвам 45,5 мільёна чалавек (у басейне Амудар’і, між іншым, пражывае каля 6 мільёнаў). На думку АП, «любой политик в Украине знает, чего хочет украинский народ». Свае веды ён афармляе ў выглядзе перадвыбарных абяцанняў, але, калі прыходзіць у парламент, дзейнічае ў інтарэсах алігархаў. Адсюль пункт першы ў спісе прапаноў АП.

У расколатым грамадстве спробы «поднять народ» узмацняюць сацыяльную палярызацыю, што не згладжвае, а, наадварот, абвастрае ўнутраныя канфлікты. З дапамогай сілавых структур, сабраных «вокруг себя», канфлікты можна загнаць углыб, але вырашыць іх нельга.

Сацыяльныя канфлікты, згодна класіку навуковай канфлікталогіі Ральфу Дарэндорфу, непераадольныя. Максімум, на што можна разлічваць, — на зніжэнне іх вастрыні. Але канфлікты — гэта наша свабода. Для тых, хто спазнаў плод з дрэва пазнання, рай згублены, таму «адзін раз пачаўшы з падаўлення розуму і ісціны, мы абавязкова заканчваем самым бязлітасным і жорсткім разбурэннем усяго чалавечага».

Палітыка і з’яўляецца тым механізмам, з дапамогай якога ўдаецца знізіць вастрыню канфліктаў да прымальнага ўзроўню, не пазбаўляючы пры гэтым канфлікты іх творчага складніку. Што да сілавых структур, дык у лепшым выпадку яны здольныя згуляць ролю плаціны на Сарэзскім возеры. Але чым надзейней выглядае сёння плаціна, тым маштабнейшымі апынуцца наступствы ад яе прарыву ў будучыні.

Дэмакратыя, аднак

Праблема Сарэзскага возера мае рашэнне. Неабходна арганізаваць кіраванае скідванне вады. Аналагічная задача ў палітыцы вырашаецца з дапамогай выбараў, у працэсе якіх фармуюцца інстытуты, адказныя за ўзгадненне грамадскіх інтарэсаў. Але тое, што ў Беларусі прынята называць выбарамі, служыць для дасягнення прынцыпова іншай мэты.

Любы палітык ведае, чаго хоча народ. Вось такое ўяўленне ў АП пра палітыку і палітыкаў. Карэннае ж адрозненне Беларусі ад Украіны палягае ў наяўнасці ў рэспубліцы-партызанцы толькі аднаго палітыка. Таму выбары ў Беларусі — гэта іспыт. Раз у пяць гадоў ва ўрачыстай абстаноўцы АП здае яго народу.

Але гэта своеасаблівы іспыт. Уявіце сабе студэнта, які замест адказаў на пытанні паведамляе экзаменатару, што ён змог вывучыць, а што не змог, абяцаючы пры гэтым давучыцца ў наступным семестры. Не верыце? Прыводжу адпаведную цытату: «Мы выйдем к народу и скажем прямо, что смогли сделать. Что не смогли — сделаем».

Наперадзе ў АП усё жыццё. Бог здароўем не пакрыўдзіў. Галоўнае, каб потым не прыйшлі «адмарозкі». Толькі гэта і турбуе, а прынятыя на IV Усебеларускім народным сходзе сацыяльныя абавязацельствы, як эстафетную палачку, можна перадаць V Усебеларускаму народнаму сходу. Была эстафетная палачка (скіпетр) у правай руцэ — апынецца ў левай. Ну якія тут праблемы? Сам жа факт перадачы эстафеты ніхто адмяняць не збіраецца. Дэмакратыя, аднак!

І каб развеяць апошнія сумненні, завяршаючы інтэрв’ю тэлеканалу «Euronews», АП выканаў оду «Да сумленнасці» (фрагмент 5 сімфоніі): «Должно быть все честно. На это надо ориентироваться, настраиваться и не подстраиваться ни под какие выборы. Жизнь должна идти своим чередом. Мы должны в основу нашей политики положить честность и справедливость. Больше ничего не надо. Понятия честности и справедливости стали уже не психологическими, а экономическими».

У якасці фінальнага акорда оды «Да сумленнасці», АП паведамляў пра адмову перанесці прэзідэнцкія выбары на сакавік, нягледзячы на рэйтынг «чуть ли не 90%».

Адкуль такі завоблачны ўзровень электаральнай падтрымкі? За адказам я звярнуўся на сайт Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, самі ведаеце пры кім (iac.gov.by). Раздзел «Сацыялагічныя даследаванні» мяне прыемна здзівіў. Замест ранейшых кароткіх прэс-рэлізаў у раздзеле размешчаны салідныя зборнікі сацыялагічных даследаванняў. Апошні зборнік датаваны 2012 годам, але і на гэтым дзякуй.

Зборнік я запампаваў. Даследаванне фундаментальнае. 124 старонкі цікавай інфармацыі. Але раздзел «Улада і грамадства» адшукаць я не здолеў. Па ўсёй бачнасці, такой «драбязой» у ІАЦ не займаюцца.

Прыйшлося звярнуцца па дапамогу да расійскіх сацыёлагаў. Электаральны рэйтынг прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на дражджах фірмы «Крым наш!» падняўся да гістарычнага максімуму, што, паводле дадзеных пракрамлёўскага Фонду грамадскай думкі (ФОМ), склала 71%.

Тут трэба скрупулёзнасць у дэталях, у якіх, як вядома, мае звычку хавацца д’ябал. Электаральны рэйтынг не варта блытаць з рэйтынгам даверу, рэйтынгам ухвалення дзейнасці і да т.п. Рэйтынг ФОМ — гэта адказы на пытанне: «Уявіце сабе, што ў наступную нядзелю адбудуцца выбары прэзідэнта Расіі. Скажыце, калі ласка, як, за каго з палітыкаў вы б прагаласавалі?» Пры гэтым рэспандэнтам прапануецца спіс палітыкаў, г.зн. гаворка ідзе пра закрытае апытанне.

У адрозненне ад адкрытых апытанняў, якія не ўтрымліваюць варыянтаў адказаў, закрытыя апытанні, як правіла, завышаюць рэйтынгі. Аднак злачынстваў супраць чалавецтва я б у гэтым не ўгледзеў. Рэйтынг — умоўнасць. Тут важнае не столькі абсалютнае значэнне, колькі дынаміка.

Але вернемся да «чуть ли не 90%». Дзе варта шукаць першакрыніцу такой неардынарнай сацыялагічнай інфармацыі? Я думаю, там жа, дзе і сцвярджэння наконт адзінага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, што прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў, якое тыражуюцца на працягу дваццаці гадоў.

Калі працягваць аналогію

Насуперак неаднаразовым заявам АП, ліміт рэвалюцый у Беларусі не вычарпаны. Беларуская мадэль (аналаг Сарэзскага возера) з’яўляецца тым месцам у цэнтры Еўропы, дзе накопліваюцца аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары будучых рэвалюцыйных сітуацый.

«Прамысловая рэвалюцыя, — тут я зноў звяртаюся па дапамогу да Дарэндорфа, — у першую чаргу была рэвалюцыяй забеспячэння. Яна прывяла ў выніку да вялікага росту нацыянальнага дабрабыту. Французская рэвалюцыя, са свайго боку, была рэвалюцыяй правоў. Яна адкрыла сабой новы этап на шляху прагрэсу правоў чалавека і грамадзяніна. У XVIII стагоддзі (і ў інтарэсах буржуазіі) абедзве блізка падышлі адна да адной».

Рэвалюцыя забеспячэння ў нашым варыянце — гэта перабудова. Як зараз  растлумачыць сучаснай моладзі сэнс анекдота пра дэфіцыт у дэфіцыце  — каўбасу, загорнутую ў туалетную паперу?

Але перабудова не стала рэвалюцыяй правоў. Па ўласным прызнанні АП, канстытуцыя 1992 года давала яму «царскія паўнамоцтвы», але такіх у хуткім часе аказалася недастаткова. Прыйшлося «імем народа» ўносіць у асноўны закон дзяржавы ў 1996 годзе адпаведныя папраўкі.

Рашэнне асноўных задач буржуазных рэвалюцый, такім чынам, аказалася заблакаваным, але самі задачы нікуды не падзеліся. Яны па-ранейшаму навісаюць над беларускай мадэллю.

Працягну аналогію. На адным з горных схілаў, што спускаецца да Сарэзскага возера, назапасіліся рыхлыя горныя пароды аб’ёмам больш за 1 кубічны кіламетры. З хуткасцю ў некалькі сантыметраў у год яны слізгаюць уніз. Магутны землятрус здольны парушыць гэтую ідылію, і тады хваля, паднятая апоўзнем, разбурыць плаціну. Што адбудзецца далей — апісана ў пачатку артыкула.

Каментаваць