Пад крыламі надзеі

Святкаванне Дня Волі прайшло ў цэнтры Мінска. Разгону дэманстрантаў і сутыкнення з супрацоўнікамі міліцыі не было. Хаця ўлады падрыхтаваліся так, быццам чакалі на вуліцах сталіцы не мірных суграмадзян, а ўзброеныя атрады баевікоў.

Каля 18-й гадзіны, калі быў прызначаны сход каля Акадэміі навук, жанчына ў метро тлумачыць сваёй спадарожніцы, што едзе на святкаванне Дня Волі: «Штогод 25 сакавіка адзначаецца акцыямі. І я прыходжу... Не, не баюся. Спадзяюся, што сёння ўсё будзе добра. Свята ж».



Святкаванне Дня Волі прайшло ў цэнтры Мінска. Разгону дэманстрантаў і сутыкнення з супрацоўнікамі міліцыі не было. Хаця ўлады падрыхтаваліся так, быццам чакалі на вуліцах сталіцы не мірных суграмадзян, а ўзброеныя атрады баевікоў.

Каля 18-й гадзіны, калі быў прызначаны сход каля Акадэміі навук, жанчына ў метро тлумачыць сваёй спадарожніцы, што едзе на святкаванне Дня Волі: «Штогод 25 сакавіка адзначаецца акцыямі. І я прыходжу... Не, не баюся. Спадзяюся, што сёння ўсё будзе добра. Свята ж».

А пачатку на сёмую вечара каля Акадэміі навук сабралася каля дзвюх з паловай тысяч чалавек. У паветры лунала мноства сцягоў: бел-чырвона-белых, Еўрасаюза, арганізацый і партый. За святкаваннем Дня Волі назіралі прадстаўнікі мінскага офіса АБСЕ, супрацоўнікі пасольстваў ЗША, краінаў ЕС. Заяўлены маршрут шэсця па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы ўлады не дазволілі. Адправілі традыцыйна на плошчу Бангалор. У адказ заяўнікі акцыі абвясцілі, што план дзеянняў вызначаць самі людзі. І яны вырашылі.

Пасля кароткага мітынгу з традыцыйнымі прамовамі палітыкаў, якія заклікалі народ да павагі свята і шанавання гісторыі, парадамі паэта Уладзіміра Някляева спяваць у гэты дзень беларускія песні і ўвогуле паболей чытаць кніг, намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч прапанаваў стварыць «ланцуг» уздоўж праспекта ў бок Нацыянальнай бібліятэкі — стаць абапал дарогі «на колькі нас хопіць кіламетраў» са сцягамі і тым самым прадэманстраваць святочнасць дня.

Пакуль народ раздумваў над нечаканай прапановай, група маладых і актыўных з аранжавымі сцягамі незарэгістраванай арганізацыі «Маладая Беларусь» рушыла па ходніках у бок плошчы Якуба Коласа. Чалавек дзвесце прайшлі да першага перакрыжавання і спыніліся.

Дакладней, іх спынілі. Дарогу перакрылі супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы, праз хвілін дзесяць на другім баку вуліцы ў некалькі шэрагаў пашыхтаваўся АМАП. Відаць, узважыўшы ўсе «за» і «супраць» магчымага сутыкнення з «людзьмі ў чорным», маладзёны вырашылі не лезці на ражон. Нядоўгае супрацьстаянне скончылася разваротам калоны да Акадэміі навук. Кіраўнік «Маладой  Беларусі» Артур Фінкевіч абвясціў, што ніхто не разыходзіцца, маладыя людзі «будуць гуляць па горадзе». Таксама ён заклікаў усіх прыйсці 14 мая на «Марш незалежнасці» супраць вайсковых кантактаў Беларусі з Расіяй і «ўсяго астатняга». АМАП і моладзь разышліся ў розныя бакі.

Тым часам каля Акадэміі навук разварочвалася свая дзея. Хто пачуў заклік спадара Івашкевіча (а зрабіць гэта змаглі відавочна не ўсе, бо як заўсёды ў арганізатараў выявіліся праблемы з гукаўзмацняльнай апаратурай, — традыцыя такая ці што?) выстраіліся ўздоўж праспекта на паўкіламетра. Людзі махалі сцяжкамі, гукалі «Жыве Беларусь!», вітаючы мінакоў. Перыядычна ім акампаніравалі кіроўцы, сігналячы на знак падтрымкі.  Хто застаўся каля Акадэміі навук, хадзілі туды-сюды са сваімі сцягамі, раздавалі ўлёткі, перамаўляліся з сябрамі. Паўсюль бел-чырвона-белыя сцягі, сцяжкі і сцяжочкі.

Нейкая жанчына прапанавала мне маленькі самаробны сцяг. Пакуль я вагалася, ці браць падарунак, сцяжок перахапіў калега. У натоўпе былі людзі са сцяжкамі на самаробных драўляных трываннях — нехта патраціў свой час, каб падрыхтавацца да свята. Дробязь, а прыемна. Сакавіцкі марозчык пашчыпваў за твары, не  даваў доўга стаяць на адным месцы. Пляцоўка перад Акадэміяй навук ілюстравала броўнаўскі рух у беларускім выкананні.

Не абышлося і без недарэчнасцяў: нехта ўзяў стос раздрукаваных партрэтаў Лукашэнкі і пачаў іх паліць, людзі падыходзілі і падкідвалі ў вогнішча новыя аркушы. Намеснік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка заклікаў патушыць полымя, але ніхто яго словы як кіраўніцтва да дзеяння не прыняў, у выніку палітыку давялося самому затаптаць вогнішча. Праз дзве гадзіны ад пачатку акцыі людзі пачалі разыходзіцца ў добрым настроі, як і мусіць быць пасля свята. Праўда, некаторым усё ж уражанні папсавалі.

Недалёка ад месца, дзе стаялі шэраг да шэрага АМАП і моладзевыя актывісты, амапаўцы ў жанчыны, што вярталася з акцыі, вырвалі з рук нацыянальны сцяг. Што маглі зрабіць супраць падрыхтаваных мужчын яна і яе сяброўкі? Натуральна, нічога. Сцяг той у грашовым эквіваленце недарагі, але ж які брыдкі асадак застанецца. А хацелася свята...


P.S. Мірная акцыя праходзіла ў атачэнні дзесяткаў машын з АМАПам — усе прылеглыя да Акадэміі навук вуліцы былі пад завязку набітыя аўтобусамі і аўтазакамі з міліцыяй, курсантамі акадэміі МУС, супрацоўнікамі спецслужбаў, спецназам. Такога яўнага маштабнага сцягвання спецсілаў у горад, якія мусілі б выйсці супраць сваіх жа грамадзян, за апошнія гады не было.

Між іншым, у Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі заявілі пра парушэнні падчас вулічнай акцыі. У праваахоўным ведамстве адзначылі, што міліцыя была арыентаваная на падтрыманне парадку, і ў першую чаргу на недапушчэнне выхаду людзей на праезджую частку. У МУС паведамілі, што «ўсё, што адбываецца, дакументуецца, будзе дадзеная прававая адзнака дзеянням удзельнікаў акцыі».

А гэтыя звесткі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў агучваць не захацелі. Па дарозе на акцыю з нагоды Дня Волі невядомыя затрымалі і вывезлі за горад актывістаў «Маладога Фронту» Насту Палажанку і Дзяніса Карнова. Па словах затрыманых, Дзяніса збілі, парэзалі яму штаны, а затым выкінулі ў лесе за Мінскам, Насту высадзілі з машыны ў раёне вёскі Тарасава. Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Баразенку арыштавалі дома ўжо пасля святкавання Дня Волі. 25 сакавіка каля 22.00 у кватэру, дзе жыве Баразенка, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі ў суправаджэнні інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кісяля. Яны заявілі, што хлопец парушае парадак адбывання пакарання і арыштавалі яго. Аляксандра завезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна.

Каментаваць