Падалося, падаліся. Прэтэндэнты ў прэзідэнты нясуць дакументы ў ЦВК (фота)

Чацвер у якасці дня падачы спісаў ініцыятыўных групаў у ЦВК абралі амаль усе «топавыя» прэтэндэнты ў прэзідэнты. Акрамя Караткевіч, у гэты дзень «здаліся» ініцыятыўныя групы Лябедзькі і Статкевіча.



Зразумела, што зроблена гэта знарок, бо па Выбарчым кодэксе, прэтэндэнт на прэзідэнта яшчэ мае права ўносіць змены і дадаткі у пададзеныя дакументы. То бок, спіс ініцыятыўных груп, пададзеных зараз, не канчатковы. Ён можа дапоўніцца на пару дзясяткаў, а можа і і сотню асобаў.

За Таццянай Караткевіч, якая накарміла журналістаў баршчом, дакументы падаваў сёння і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У 14 гадзінаў ён з камандай пачалі сваю хаду ў ЦВК ад гатэля «Мінск». У Лябедзькі была з сабою не толькі тэчка з дакументамі: у руках ён трымаў нешта падобнае на дыплом.

Калі журналісты пацікавіліся, што гэта, ён паведаміў, што гэта падарунак для ЦВК. Гэта быў гарантыйны ліст. «Гэтым лістом мы гарантуем, што ў межах нашай праграмы «Мільён новых працоўных месцаў» мы працаўладкуем сябраў ЦВК згодна з іх здольнасцямі і дасягненнямі ў правядзенні свабодных і справядлівых выбараў», — сказаў Лябедзька.

Галоўнае, на што будзе давіць Лябедзька ў час сваёй перадвыбарчай кампаніі — эканоміка. «Грамадзянам патрэбная эканамічная альтэрнатыва, — лічыць старшыня АГП. — Хто дасць ім гэтую альтэрнатыву? Лукашэнка? Мясніковіч? За дваццаць год яны гэтага не здолелі. Мы маем каманду, якая можа прапанаваць эканамічную альтэрнатыву».

У ініцыятыўную групу Лябедзькі ўвайшлі шмат знакавых асобаў: гэта і былы прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір, і былы міністр працы Аляксандр Сасноў, і, па словах Лябедзькі, шмат іншых дасведчаных і таленавітых людзей, якіх цяжка пералічыць пайменна — шмат часу гэта зойме. Але сама ініцыятыўная група ў яго невялікая — 1002 чалавекі. Праўда, сам Лябедзька казаў пра тысячу, наконт двух «дадатковых» паведаміла прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна. Па яе меркаванні «1002» гучыць і выглядае больш прыгожа, чым «1000». Ды й сам Лябедзька калісці зазначыў, што для яго «Мільён плюс чатыры» лепш, чым проста мільён.

Лябедзька пацвердзіў, што ягоны штаб не збіраецца плаціць зборшчыкам подпісаў менавіта «за подпісы». «Канешне, любая выбарчая кампанія патрабуе выдаткаў. Выдаткі на праезд, на паліва, на офісы. Але мы прынцыпова не плацім людзям за сзбор подпісаў. Мы хацелі б аддзяліць валанцёрства, какштоўнасці людзей ад прынцыпаў французскага «Замежнага легіёну», калі людзі робяць нейкую справу выключна за аплату», — заявіў Лябедзька.

Дакументы ў яго прынялі паспяхова. Як паведаміў палітык, гарантыйны ліст працаўладкавання да ЦВК узялі з абяцаннем перадаць яго адрасатам. Бо прымаліся дакументы супрацоўнікамі сакратарыяту, да якіх гарантыя працаўладкавання, на жаль не тычыцца.

І сёння ж пасля Лябедзькі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы палітвязня Мікалая Статкевіча занесла ягоная жонка Марына Адамовіч.

Усе журналісты чакалі гэтага моманту. Усім было цікава, прымуцьу яе дакуманты, альбо не.

Адамовіч хвілінаў на 20 спазнілася. Звязана гэта было з тым, што вельмі шмат людзей вырашыла падтрымаць Міколу Віктаравіча. У выніку да апошняга ўзгадняліся і збіваліся спісы чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы. Такіх набралося каля 1.700.

«Вельмі прыемна, што людзі літаральна стукаліся, грукаліся па ўсіх магчымых каналах камунікацыяў, каб патрапіць у ініцыятыўную групу Статкевіча. Апошнія з падаваемых подпісаў мы прынялі літаральна за паўгадзіны да часу сустрэчы, таму затрымаліся», — паведаміла Адамовіч.

«Я вельмі ўдзячная грамадзянам нашай краіны, якія падтрымалі нашую ініцыятыву, падтрымалі нашую акцыю дзеля вызвалення палітзняволеных, дзеля вяршэнства закону ў нашай краіне», — сказала яна.

У яе ў спісе таксама шмат «віп-асобаў»: вялікая частка кіраўнікоў дэмакратычных арганізацый, таксама багата ў спісе творчых асобаў і вядомызх людзей, такіх як кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі альбо мастак Алесь Марачкін. Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які таксама прыйшоў падаваць подпісы за Статкевіча разам з Марынай Адамовіч, зазначыў, што ў ініцыятыўную групу палітвязня ўвайшоў нават адзіны беларускі Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

І дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Марыны Адамовіч прынялі. «Вельмі ветліва» — зазначыла Марына Адамовіч.

У той жа час ёй паабяцалі «выклікаць тэлеграмай» на пасяджэнне ЦВК, дзе будзе вырашацца пытанне рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Гэтае пасяджэнне павінна адбыцца ў панядзелак, 20 ліпеня.

Канешне, асаблівых ілюзіяў наконт таго, што ініцыятыўную групу Статкевіча зарэгіструюць, у Адамовіч няма. «Я спадзяюся на гэта, але ўпэўненасці ў мяне няма», — зазначыла яна. Але для яе гэтая падача дакументаў і ўвогуле прэзідэнцкая кампанія — толькі адзін з крокаў у барацьбе за вызваленне палітвязняў. І не толькі вызваленне, але і рэабілітацыю ўсіх «палітычных». А такіх у краіне за часы ўлады Лукашэнкі набралося больш за 200 чалавек.

Такім чынам, з «рэзанансных» кандыдатаў спіс сваёй ініцыятыўнай групы не падаў толькі «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган. Па словах кіраўніка ягонага перадвыбарчага штаба Паўлюка Канавальчыка, Шульган падасць дакументы ў пятніцу, 17 ліпеня.

Вырашыцца лёс ініцыятыўных групаў, якія падалі дакументы сёння, будзе ў панядзелак. Тады мы даведаемся, хто застанецца на збор подпісаў, а хто пройдзе міма.

Каментаваць