Падараваў жонцы смартфон...

«Экранная рэвалюцыя» забівае апошні цвік у труну дзяржаўнай ідэалогіі. Кожны ўладальнік гаджэта — сам-сабе-рэжысёр з неабмежаванымі магчымасцямі доступу да «шаноўнай публікі». Мяжа паміж вытворцамі навін і іх спажыўцамі абвалілася.



У дэградацыі беларускай ма­дэлі сумнявацца не даво­дзіцца. Працэс развіваецца ў поўнай адпаведнасці з адным з базавых палажэнняў, выказаных адзіным палітыкам (АП) у сакавіку 2003 года: «Идеология для государства — то же самое, что иммунная система для живого организма. Если иммунитет ослабевает, любая, даже самая незначительная, инфекция становится смертельной. Точно так же с государством: когда разрушается идеологическая основа общества, его гибель становится только делом времени, каким бы внешне государство ни казалось сильным и грозным».

Практыка — крытэр ісціны. Варта было толькі ідэалагічнай аснове савецкага грамадства разбурыцца, як «найвялікшая катастрофа XX стагоддзя» стала справай часу. Яна надышла пасля падзення коштаў на нафту ў 1985 годзе. Падставу, аднак, не варта блытаць з прычынай.

Сучасная беларуская дзяржава сканструяваная з абломкаў БССР. Іншага будаўнічага матэрыялу ў распараджэнні злёгку абноўленай эліты папросту не было. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Будучыня фармуецца з сучаснасці. А што з сябе ўяўляла сучаснасць у пачатку 1990-х, думаю, многія чытачы НЧ яшчэ памятаюць.

Але калі ў будаўніцтве эканамічнага блока беларускай мадэлі спачатку ўсё было не так кепска, дык з ідэалогіяй атрымаўся пракол. У кастрычніку 2014 года падчас прэс-канферэнцыі журналістам расійскіх рэгіянальных CМІ АП быў вымушаны гэта прызнаць: «Мне говорят: наша идеология — это глубочайший патриотизм и прочее. Ну да, патриотизм, но это и без идеологии понятно и так далее. А нужна такая зажигающая вещь, которая была бы воспринята всем обществом и которые бы стремились к этому. Вот честно вам говорю: ни я не изобрел этого и не придумал, ни мои помощники» (выдзелена. — С.Н.).

Адсутнасць ідэалогіі не прывяла да ліквідацыі ідэалагічнай «вертыкалі». «Вы говорите «идеология»… У нас кадры по идеологии, их задача — не допустить охаивания того, что нами сделано и что поддерживается большинством народа»,— патлумачыў АП.

З кім вы, майстры культуры?

Фармат «Азбукі паліталогіі» патрабуе пераходу ад фактаў да тэорыі.

Першыя ідэалогіі ў выглядзе монатэістычных рэлігій паўсталі на завяршальным этапе дуалістычнай рэвалюцыі. Але перш чым паспрабаваць адказаць на пытанне, «што гэта такое і з чым яе ядуць?», адкрыем кнігу географа і пісьменніка Уладзіміра Арсеннева «Дзерсу Узала»: «Нечакана, Дзерсу лёгка перанёс марскую гайданку. Ён і мінаносец лічыў жывой істотай.

— Мая добра разумей — яго, — ён паказваў на мінаносец «Грозны», — сёння вельмі сердаваў».

Дзерсу не здольны правесці рысу, што аддзяляе неадушаўлёныя прадметы ад адушаўлёных. Ён і сябе з цяжкасцю вылучае з адзінага і непадзельнага свету. Сацыёлагі толькі ўмоўна назвалі б яго суб’ектам. Сам жа Дзерсу бачыў суб’ект у знешнім — у прыродзе і шматлікіх духах, што яе насяляюць.

«Добры ён чалавек, праўдзівы, — казаў старавер. — Адно толькі дрэнна — няхрышчаны ён, азіят, у Бога не верыць». А як яму верыць у адзінага Бога? Без здольнасці думаць абстрактнымі катэгорыямі з гэтай задачай не справіцца. З такімі, як Дзерсу, і дзяржавы не пабудаваць. Хіба стане ён галасаваць на выбарах за адзінага палітыка ці адзінага кандыдата апазіцыі, не разумеючы іх ролі ва ўласным жыцці? Іншая справа — дамавікі і лесуны. Тут не падмажаш — і ўсё пойдзе абы-як.

Развіццё ёсць працэс ускладнення (дыферэнцыяцыі). Для «дзяцей прыроды» складанасць — сінонім хаосу. З адзінствам з яго гарызантальна звязанымі апазіцыямі (жаночае–мужчынскае, неба–зямля, жывое–нежывое і да г.д.), якое распадалася, штосьці трэба было рабіць. І вялікія багі пачалі пажыраць маленькіх.

Свет зноў спрасціўся за кошт сцягвання шматлікіх апазіцый да двух полюсаў: Дабра (Бог) і Зла (Д’ябал). Працэс гэты пачаўся ў II тысячагоддзі да н. э. і завяршыўся ў Сярэднявеччы.

Але чалавек, што вызваліўся ад аднаго тыпу праблем, тут жа апынуўся перад тварам новых. Двухполюсны свет запатрабаваў асабістага выбару ад кожнага (Дзерсу такога выбару не ведаў). Як тут ні прыгадаць пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага з яго пытаннем-пагрозай: «З кім вы, майстры культуры?» (З полюсам Дабра ў яго сталінскай інтэрпрэтацыі або з полюсам Зла ў інтэрпрэтацыі «ворагаў народа»?)

Такім чынам, неабходнасць выбару стала асэнсоўвацца як фундаментальная задача чалавечага існавання. «Гэта ёсць рэвалюцыя, бо ўзнікаюць умовы для фармавання праектыўнай свядомасці. Узнікае магчымасць для выспявання ўласна ідэалогіі» (Андрэй Пеліпенка, культуролаг).

Двухполюсны свет спараджае феномен служэння. Чалавек пачынае ўсведамляць сваю дзейнасць як служэнне полюсу Дабра. У так званых «рэлігіях выратавання» з’яўляюцца сацыяльныя групы, якія паставілі такога кшталту служэнне на прафесійныя рэйкі (манахі).

Рай нябесны, рай зямны

Са сказанага вышэй робяцца зразумелымі вытокі праваслаўнай духоўнасці. Служэнне полюсу Дабра — справа няпростая. Таму на навядзенне парадку ва ўласным гародзе і пад’ездзе часу не застаецца. «Наша культура, — адзначае культуролаг Ігар Якавенка, — нясе ў сабе гіганцкі патэнцыял ігнаравання аб’ектыўнасці». Чалавек, які праводзіць жыццё ў летуценнях пра Належнае, не заўважае Існага. Ён ненавідзіць мешчаніна, бяскрылага абывацеля, які ўладкоўвае рэальнае жыццё — сваё і сваіх блізкіх.

Ён жыве пры апошніх днях тварэння (эсхаталагічны комплекс). Будзе жудасная апошняя бітва Дабра і Зла, Святла і Цемры, якая завершыцца перамогай Дабра і Святла. А калі так, то ў паўсядзённым жыцці ў рэжыме «тут і цяпер» няма сэнсу што-небудзь ствараць і назапашваць. Наадварот, трэба думаць пра душу, вызваліцца ад усяго, што наліпла за час жыцця.

Хрысціянскі варыянт Належнага — Рай нябесны. Камунізм — яго свецкі аналаг, які заваяваў прыхільнікаў сярод індустрыяльных працоўных, у масе сваіх учорашніх сялян, на мяжы XIX–XX стагоддзяў. Вырваныя са свету, які жыве ў цыклічным часе сельскагаспадарчых работ, у свет машынных рытмаў, яны сталі носьбітамі рэвалюцыйнай свядомасці. Пры гэтым, аднак, варта памятаць, што рэвалюцыі індустрыяльнай эпохі — гэта не барацьба за лепшую долю, а чарговыя спробы прарвацца ў эсхаталагічны рай.

Нябачаны па маштабах і ахвярах канфлікт Першай сусветнай вайны прывёў да змыкання «старажытнай этнічнай памяці з уяўленнямі пра нацыі, якія працягваюць актыўна ў той час фармавацца, што склала канкурэнцыю інтэрнацыянальна-класавай утопіі» (Пеліпенка).

Вайна бальшавізму з германскім нацызмам была сутычкай дзвюх сярэднявечных па духу ідэалогій за прыярытэтную эсхаталагічную мадэль, за сваю версію Належнага.

Кацяняты і лайкі

Але ўсё народжанае, згодна з Гегелем, вартае смерці. Секулярызацыя свядомасці павольна, як кроплі камень, разбурыла Належнае ва ўсіх яго відах, адначасова апраўдаўшы Існае.

Смерці Належнага прысвечаны культавы савецкі фільм «Масква слязам не верыць». Яго галоўная гераіня — дырэктар буйной фабрыкі. Калі б такі фільм здымаўся ў канцы 40-х ці пачатку 50-х гадоў, то ў цэнтры сюжэту апынулася б барацьба гераіні за выкананне вытворчых паказчыкаў. Але Належнае памерла, і гераіня фільма на працягу дзвюх серый занятая добраўпарадкаваннем свайго асабістага жыцця. Яе высокі статус у савецкай іерархіі нічым ёй не дапамагае, хутчэй наадварот.

Не магу адмовіць сабе ў задавальненні, каб не прывесці фрагмент знакамітага дыялогу Гошы і Мікалая:

— Да нет! Она этим самым обнаружила, что для нее социальный статус человека выше, чем его… мой личный статус!

 — Переведи…

Канчатковую рысу пад светам іерархій і статусаў падвядзе «экранная рэвалюцыя», якая разгортваецца на нашых вачах.

Я падараваў жонцы смартфон. На маю бяду, яна яго асвоіла, і зараз у яе рэгулярна з’яўляюцца падставы адцягваць мяне ад працы: «паглядзі, якія кацяняты», «а пад маёй апошняй фатаграфіяй у «Аднакласніках» паставілі ўжо 10 лайкаў»...

Карціна свету з выразна пазначанымі палюсамі Дабра і Зла апынулася пахаванай пад патокам бытавых навін. Кожны ўладальнік гаджэта — сам-сабе-рэжысёр з неабмежаванымі магчымасцямі доступу да «шаноўнай публікі». Мяжа паміж вытворцамі навін і іх спажыўцамі абвалілася, пахаваўшы пад сабой Належнае на радасць джыну з бутэлькі Існаму, што вырваўся на волю.

І вось у гэтых умовах АП заняўся пошукам «зажигающей вещи», здольнай быць зразумелай ва ўсім грамадстве. Ад патрыятызму ён адмахнуўся па прычыне яго банальнасці: «Ну да, патриотизм, но это и без идеологии понятно и так далее».

Каму, прабачце, зразумела? Грамадзяніну старажытнагрэчаскага поліса? Падданаму Тэакратычная імперыі?

Раз на два гады НІСЭПД задае беларусам пытанне: «Ці хацелі б вы пераехаць у іншую краіну на пастаяннае месца жыхарства, калі б у вас была такая магчымасць?» Колькасць станоўчых адказаў, як правіла, не апускаецца ніжэй за 40%. Але у групе рэспандэнтаў да 30 гадоў колькасць ахвочых змяніць краіну пражывання вагаецца ў межах ад 60 да 65%!

Безумоўна, паміж жадаючымі пераехаць на ПМЖ у Нямеччыну ці ЗША і тымі, хто прыкладае рэальныя намаганні для пераезду, пралягае значная дыстанцыя. Тым не менш тэндэнцыя ў наяўнасці. Яна не з’яўляецца выключна беларускай.

Крыху статыстыкі, запазычанай з Вікіпедыі: «З 1990 па 2010 год з Літвы з’ехалі каля 615 тысяч жыхароў, паводле дадзеных Дэпартамента статыстыкі (па неафіцыйных дадзеных, каля мільёна чалавек) — такім чынам, за апошнія гады з краіны з’ехала пятая частка насельніцтва».

Такая новая рэальнасць. Сучасны чалавек абмяняў сярэднявечнае Належнае на свабоду, пад якой ён разумее прастору альтэрнатыў для асабістай самарэалізацыі, хай і шляхам размяшчэння сваіх фота ў «Аднакласніках».

Каментаваць