Падрыхтоўка да выбарчай кампаніі

Пад шум інфармацыйнай вайны з Расіяй Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб скліканні 7 верасня пятай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Эксперты мяркуюць, што на пасяджэнні парламентарыі могуць зацвердзіць дату чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Пад шум інфармацыйнай вайны з Расіяй Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб скліканні 7 верасня пятай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Эксперты мяркуюць, што на пасяджэнні парламентарыі могуць зацвердзіць дату чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

У парадку дня пазачарговай сесіі пяць пунктаў: “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год і “Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год, папраўкі ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы. Таксама на сесіі могуць быць разгледжаныя «іншыя пытанні», пад якія і можа патрапіць прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў, што ніякіх навінаў пра тэрмін правядзення выбараў няма. Максімальна позняй датай правядзення выбараў з’яўляецца 6 лютага 2011 года. Але магчымы і больш ранні тэрмін — напрыклад, канец гэтага года. Эксперты мяркуюць, што тое найбольш выгодна для дзеючага кіраўніцтва, у тым ліку з гледзішча расійска-беларускіх адносін.

Дзеючы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка відавочна ўжо рыхтуе сабе перадвыбарчую глебу. Так, ён падпісаў указ аб павелічэнні працоўных пенсій (пенсіянеры — ці не асноўны электарат Лукашэнкі). Ужо ў жніўні памер усіх відаў працоўных пенсій у Беларусі вырасце на 12,5%. Такім чынам, сярэдняя пенсія павялічыцца на 58 600 рублёў і складзе 528,3 тысячы рублёў.

Лукашэнка таксама паабяцаў палепшыць дабрабыт настаўнікаў, лекараў, вяскоўцаў. Падчас паездкі па Гомельскай вобласці кіраўнік Беларусі заявіў, што заробак гэтых катэгорыяў працаўнікоў у наступным годзе мусіць вырасці ўдвая, а сярэдні заробак па краіне да канца года складзе 500 долараў у эквіваленце. “Я нават не думаю аб тым, што мы можам 10–20 долараў не дацягнуць. Пастаўленая задача, і мы павінны яе дасягнуць, — зазначыў кіраўнік дзяржавы. — Настаўнікаў, лекараў, нянечак, выхавацеляў у дзіцячым садку трэба “падцягваць. І калі мы ў наступным годзе ў два разы павялічым ім заробкі, і вырасце сярэдні заробак па краіне, тады ў людзей і настрой будзе лепшы.

Палітолаг Андрэй Ляховіч мяркуе, ёсць вялікая верагоднасць таго, што на вераснёўскім пазачарговым пасяджэнні парламенту будзе прызначана дата выбараў. Разам з тым эксперт зазначае: паводле геапалітычнай сітуацыі няма падстаў думаць, што Расія будзе вылучаць свайго кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

“У Расіі пераканаліся, што любыя траты, фінансавая падтрымка не прывядуць да магчымасці паўплываць на сітуацыю. Банальна ствараецца інтрыга непрызнання нашых выбараў Расіяй, — разважае Андрэй Ляховіч. — І інфармацыйная вайна з боку Расіі — гэта толькі сігнал, што яна можа не прызнаць прэзідэнцкія выбары. Дастаткова прааналізаваць словы расійскіх палітыкаў. Але думаю, што такім чынам ладзіцца шантаж Лукашэнкі. Насамрэч у Расіі няма выбару, бо іншы чалавек з верагодных сёння кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы яшчэ менш адпавядае расійскім нацыянальным інтарэсам. У Маскве разумеюць, што альтэрнатыўны палітык можа зрабіць больш крокаў да паляпшэння адносінаў з Захадам, а гэта значна большая пагроза для Расіі, чым Лукашэнка з антырасійскімі тэзамі. Ён выглядае цяпер як найменшае зло.

Палітолаг гаворыць, інфармацыйная вайна — гэта нацягнутая гульня з боку Расіі, якая грунтуецца на спадзеве, што Лукашэнка раптам усё ж не вытрымае ціску ды здасць пазіцыі. А войны (цукровыя, малочныя, газавыя, інфармацыйныя) Беларусі з Расіяй цяпер — з’ява сталая і зразумелая, а аргументы (спыніць транзіт, супрацоўніцтва ў галіне СПА, вывесці ваенныя расійскія базы з нашай тэрыторыі ды іншае) — прадказальныя.

Рэальныя ж інструменты ўціску на Лукашэнку з’явяцца пасля заканчэння будаўніцтва нафта- і газаправодаў у абыход Беларусі, што адбудзецца пасля бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. “Выбары будуць прызначаныя ў кантэксце гульні з Захадам, манеўру, які мае на мэце палепшыць адносіны з Захадам. Лукашэнка хоча, каб выбары прайшлі ціха, ён зацікаўлены, каб для кантролю за сітуацыяй не трэба было прымяняць сілу. Думаю, што выбары прызначаць на 7 лютага, тады значная частка кампаніі будзе прыходзіцца на навагоднія святы і апазіцыйным кандыдатам будзе цяжка мабілізаваць людзей да працы. Таму гэтая дата найбольш зручная, — падагульняе Ляховіч.

Праўда, ёсць і альтэрнатыўныя меркаванні: рэжыму Лукашэнкі найбольш выгодна праводзіць выбары напрыканцы бягучага года, што абумоўлена фінансавым станам у краіне, абяцанкамі павялічыць заробкі (але не забываем, што грошай у бюджэце аб’ектыўна цяпер малавата для стварэння доўгатэрміновай ілюзіі стабільнага і забяспечанага жыцця), ды пакуль дзейсным кантрактам на пастаўку расійскага газу. Бо чарговыя газавыя войны з Расіяй усё ж не граюць на руку палітыку.

Каментаваць