Пагроза вялікая

«Трэба вяртацца і да пытання ўвядзення адзінай валюты. Другога крызісу беларуская сістэма не перажыве. І могуць паўстаць складанасці ўнутрыпалітычнага характару», — заявіў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у інтэрв’ю Інтэрфаксу. Калі разглядаць выказванне дыпламата як пазіцыю Крамля, то куды ў такім разе глядзіць афіцыйны Мінск, і ці варта разглядаць асобныя крокі ўладаў як намер навесці масты з Захадам?



«Трэба вяртацца і да пытання ўвядзення адзінай валюты. Другога крызісу беларуская сістэма не перажыве. І могуць паўстаць складанасці ўнутрыпалітычнага характару», — заявіў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у інтэрв’ю Інтэрфаксу. Калі разглядаць выказванне дыпламата як пазіцыю Крамля, то куды ў такім разе глядзіць афіцыйны Мінск, і ці варта разглядаць асобныя крокі ўладаў як намер навесці масты з Захадам?

 
Некаторыя аналітыкі бачаць прыкметы намеру палепшыць стасункі з Захадам. З неахвотай  выпусцілі на свабоду частку палітвязняў, І робіцца гэта акурат на патрабаванні Брусэля, а не Масквы, і дакладна не па добрай волі ўладаў дзяржавы. Да Дня незалежнасці ў Беларусі плануецца чарговая амністыя. З ёй звязваюць спадзяванні на тое, што на свабоду выйдуць яшчэ некалькі вязняў сумлення. Праўда, Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 12 чэрвеня на нарадзе пра будучую амністыю, заявіў, што з гэтага працэсу «трэба выключыць палітычны момант». Але дзіўна было б пачуць з вуснаў кіраўніка Беларусі адваротнае, тым больш міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падкрэсліў, што палітычных вязняў у Беларусі няма, а амністыя закране амаль 10% асуджаных.


Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска апошнім часам наведалі некалькі сустрэчаў, датычных беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва. Так, намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына нядаўна прыняла ўдзел у нефармальнай сустрэчы «Усходняга партнёрства» ў Кішынёве, а затым адправілася ў Італію для ўдзелу ў штогадовай рабочай сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы. Апошняе мерапрыемства праходзіла пад старшынствам кіраўніка МЗС Украіны Канстанціна Грышчанкі і было прысвечана тэме «Рэгіянальнае супрацоўніцтва для еўраінтэграцыі і мост паміж макрарэгіёнамі». У сустрэчы ўзялі ўдзел міністры і намеснікі міністраў замежных спраў 18 краін — удзельніц ініцыятывы, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва Еўракамісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва. Планавалася, што падчас знаходжання ў Трыесце Алена Купчына правядзе таксама сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый шэрагу краін-удзельніц і кіраўніцтвам Выканаўчага сакратарыята Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы.


Пыл аптымістаў беларуска-еўрапейскіх адносінаў астуджае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. «Роўна год таму на такой жа сустрэчы быў сам міністр МЗС Сяргей Мартынаў, які не ўваходзіць у чорныя спісы. Больш таго, у яго былі нейкія прапановы, ён сустракаўся са сваім італьянскім калегам. Сёлета ў Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятыве старшынствуе ўкраінскі калега, то чаму б Мартынаву не паехаць на гэтую сустрэчу, але ён выправіўся ў Інданезію! Я б не сказаў, што гэта высокі ўзровень беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Увогуле, імкнуцца да нечага — не значыць мець вялікі прагрэс. У ЕС ёсць адна ясная пазіцыя — ніякіх адносінаў да вызвалення палітвязняў», — падкрэслівае Якаўлеўскі.


Ацэньваючы выказванні Сурыкава аб увядзенні ў Беларусі расійскага рубля, Якаўлеўскі нагадвае, што ў «пуцінскім еўразійскім праекце адзіная валюта, якой будзе толькі расійскі рубель ёсць важнейшай фішкай». «Хутка будзе ў Піцеры буйнейшы эканамічны форум, і гэтае згадванне пра ўвядзенне расійскага рубля не выпадковае», — мяркуе эксперт. Прэс-служба беларускага ўрада паведамляе, што прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у пятніцу, 15 чэрвеня, у Санкт-Пецярбургу прыме ўдзел у рабочай сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў Расіі і Казахстана — Дзмітрыем Мядзведзевым і Карымам Масімавым. Падчас сустрэчы будуць абмеркаваны перспектывы пашырэння інтэграцыі ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. А на 21–23 чэрвеня запланаваны Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум, куды Беларусь таксама запрошаная.


Расійскі пасол у Мінску Аляксандр Сурыкаў рэгулярна закідвае інфармацыю пра неабходнасць увядзення адзінай валюты. Так, на пачатку студзеня 2012 года ён заяўляў, што «пытанне аб пераходзе Беларусі на расійскі рубель можа быць закранутае ў выпадку складанай валютна-фінансавай сітуацыі, як гэта адбылося ў 2011 годзе». А напрыканцы студзеня тады яшчэ прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін даў зразумець, што ён чакае адказу беларускага боку на прапанову аб пераходзе на расійскі рубель: «Я лічу, што мяч усё роўна застаўся на іх баку па гэтым пытанні».


Цяпер жа, апроч актуальнасці ўвядзення расійскага рубля, Сурыкаў нагадаў і пра працу над Канстытуцыйным актам. «Трэба даваць прававую аснову Саюзнай дзяржаве, перадаваць частку суверэнітэту наддзяржаўным органам. У свой час у нас не атрымалася такое развіццё двухбаковых адносін, але цяпер можна паглядзець на гэта з іншага боку. Мы ж змаглі ў Мытным саюзе трох краін перадаць паўнамоцтвы ў эканамічнай плоскасці. Трэба выкарыстоўваць гэты вопыт у двухбаковым фармаце», — мяркуе Аляксандр Сурыкаў.
Раман Якаўлеўскі адзначае, што «цяпер сапраўды вельмі вялікая пагроза ўвядзення расійскага рубля». «Але, мяркую, бліжэйшым часам у нас будзе больш востра стаяць іншае пытанне. Насоўваецца новая хваля сусветнага крызісу, што адаб’ецца на Расіі і, адпаведна, на праектах для Беларусі. І меркаванне, што ў Расіі хопіць для Беларусі грошай, заўчаснае. На самай справе? Расію чакае свой крызіс, бо цэны на нафту падаюць, а для сыравіннай эканомікі гэта жах», — гаворыць палітычны аглядальнік.

Каментаваць