Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Хто можа пагрукацца ў вароты «Драздоў»?

Ужо 23 гады на пасадзе кіраўніка краіны знаходзіцца адзін і той жа чалавек. Іншаму б надакучыла… Аднак 2020 год не за гарамі, і хто яго ведае, можа ў вароты рэзідэнцыі першай асобы краіны нарэшце ўедзе новы гаспадар? Хто гэта будзе?

Рэзідэнцыя ў Драздах

Мы паспрабуем прааналізаваць шансы і магчымасці некаторых патэнцыйных кандыдатаў. І пачынаем друкаваць серыю артыкулаў пад агульнай назвай «Пагрукацца ў вароты «Драздоў».

Спіс адкрыты

Такія лідары апазіцыі, як Уладзімір Някляеў (71 год), Аляксандр Мілінкевіч (69 гадоў), Сяргей Гайдукевіч (62 гады), Мечыслаў Грыб (79 гадоў), Сяргей Калякін (65 гадоў), Мікалай Статкевіч (60 гадоў) — усе яны да 2020 года будуць ужо не ў той форме, каб весці дынамічную і цяжкую выбарчую кампанію, а ў выпадку абрання — узначаліць не менш дынамічныя змены. Да таго ж іх усё больш падціскае маладое пакаленне палітыкаў — людзей, якія маюць не толькі ўласныя амбіцыі, але і досыць вострыя зубы.

Аднак моладзь, якая прыходзіць цяпер, не мае за сабой самавітай біяграфіі. Тым больш — біяграфіі поспеху. Гэта будзе страчанае апазіцыйнае пакаленне, якое не мае досведу дзяржаўнага кіравання і не мае досведу рэальнай сур'ёзнай эканамічнай дзейнасці. Застаецца надзея на тое, што новая апазіцыя сфармуецца ў дзяржаўным апараце, паколькі гаворка ідзе ўжо аб вельмі сталым веку прэзідэнта. Можа, Аляксандр Рыгоравіч усё яшчэ не стаміўся, але дзяржапарат стаміўся ад яго ані не ў меншай ступені, чым усе астатнія, а знешнія рэсурсы падтрымкі практычна вычарпаныя. Аднак пяройдзем да разгляду кандыдатур.

Пакуль у нашым спісе 19 чалавек, прозвішчы якіх мы, верагодна, зможам убачыць у выбарчых бюлетэнях у 2020 годзе. Гэта Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Уладзімір Макей, Алесь Лагвінец, Алег Гайдукевіч, Андрэй Дзмітрыеў, Таццяна Караткевіч, Павал Латушка, Аляксей Янукевіч, Вольга Карач, Павал Севярынец, Віктар Цярэшчанка, Анатоль Лябедзька, Ганна Канапацкая, Алёна Анісім, Юрась Зянковіч, Аляксандр Мех, Мікалай Статкевіч, Юры Губарэвіч.

Гэтыя людзі альбо раней адкрыта заяўлялі аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях (і нават балатаваліся), альбо найболей відавочныя патэнцыйныя кандыдаты. Пры складанні аналітычнага агляду мы паспрабавалі звесці да мінімуму яго суб'ектыўнасць. Адпаведна, у ім прадстаўленыя толькі вядомыя факты, цытаты і відавочныя ацэнкі.

Кандыдатуры мы разглядаем у абсалютна выпадковым парадку, так што аматарам канспіралогіі не варта вышукваць нейкія ўзаемасувязі і ўтоеныя сэнсы.

І апошняе. Калі вы, нашы чытачы, лічыце, што ў гэтым спісе яшчэ кагосьці не хапае, пішыце нам. Мы абавязкова разгледзім вашы прапановы.


Алесь Лагвінец

Экс-намеснік кіраўніка руху «За Свабоду», кіраўнік новай ініцыятывы «Дзея», 45-гадовы Лагвінец нарадзіўся ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Яго сваяк, бізнесовец Віктар Лагвінец, уваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, сябраваў з адыёзным кіраўніком Упраўлення справамі прэзідэнта Іванам Ціцянковым. У 1999 годзе Віктара Лагвінца арыштавалі, адначасна канфіскаваўшы маёмасць. Правёўшы ў турме паўгода, ён збег у Маскву.

Фота Дзмітрыя Русака 

Сам Алесь Лагвінец у 1995 годзе яшчэ толькі скончыў БДУ, дзе атрымаў дыплом адмыслоўца па міжнародных адносінах. У 1999-м атрымаў дыплом магістра паліталогіі ва Універсітэце Роберта Шумана (Страсбург, Францыя). З тых часоў працаваў выкладчыкам, таксама быў перакладчыкам у Еўрапарламенце.

Чатырохразова (у 2004-м, 2007-м, 2008-м і 2010-м) балатаваўся ў дэпутаты розных узроўняў. З лютага 2007-га па кастрычнік 2012-га — дарадца Аляксандра Мілінкевіча, пазней — яго намеснік.

Па меркаванні шмат якіх назіральнікаў, Алесь Лагвінец, напэўна, паспрабуе прыняць удзел у выбарах 2020 года. Разумны, адукаваны, амбіцыйны, нацыянальна-арыентаваны беларускі інтэлігент. Пры гэтым яго, нягледзячы на маладосць, можна аднесці да кансерватараў. Магчымым недахопам Лагвінца можа стаць адсутнасць рэальнага досведу дзяржкіравання, а таксама адсутнасць за ім якой-небудзь маштабнай палітычнай структуры і, адпаведна, фінансавых плыняў.


Алег Гайдукевіч

Адзін з двух сыноў цяперашняга кіраўніка беларускіх ліберал-дэмакратаў Сяргея Гайдукевіча. Сёння 40-гадовы Алег — адзін з кіраўнікоў партыі ЛДПБ (намеснік бацькі), раней (да верасня 2012 года) кіраваў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска — найбуйнейшым РУУС у Беларусі. Пакінуўшы службу ў міліцыі, у адным з першых інтэрв'ю ён сказаў: «Я лічу, што палітычная дзейнасць дае чалавеку магчымасць рэалізавацца значна ў большай ступені, чым у органах унутраных спраў». Праз год у іншым інтэрв'ю Алег Гайдукевіч прызнаўся, што ў яго таксама ёсць прэзідэнцкія амбіцыі. «Алег Сяргеевіч будзе вылучацца ў прэзідэнты, але не ў 2015 годзе. У мяне ёсць прэзідэнцкія амбіцыі, я шмат чаго хачу дасягнуць», — сказаў ён.

12 жніўня бягучага года адбудзецца з'езд ЛДПБ, на якім кіраванне партыяй пяройдзе ад Гайдукевіча-старэйшага да Алега. Гэта і стане першым этапам на шляху да ўдзелу ў прэзідэнцкай гонцы. Пакуль жа ў партыі менавіта Алег Гайдукевіч займаецца большасцю арганізацыйных пытанняў — у прыватнасці, адкрывае новыя офісы партыі. Пры асабістых зносінах ён робіць уражанне чалавека больш спакойнага і ўраўнаважанага, чым Сяргей Гайдукевіч. Але вось ці пераняў ён ад бацькі здольнасць мысліць стратэгічна — тое пакуль невядома.


Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч

Як сукіраўнікі «Гавары праўду» падзеляць паміж сабой прэзідэнцкія амбіцыі ў 2020 годзе — пакуль загадка. Андрэй Дзмітрыеў сваіх прэзідэнцкіх амбіцый асабліва не хавае. Больш таго, у адным з інтэрв'ю «Беларускаму партызану» ён прызнаўся, што марыць стаць прэзідэнтам Беларусі з 14 гадоў. А ў апошнія гады, працуючы ў «Гавары праўду» ў кааліцыі «Народны рэферэндум», Андрэй Дзмітрыеў зарабіў рэпутацыю сапраўднага «бульдозера», які прызвычаіўся дамагацца свайго любымі метадамі. З іншага боку, Дзмітрыеў мае далёка не лепшы імідж у асяроддзі апазіцыі — у прыватнасці, яго вінавацяць у тым, што ён замкнуў на сябе ўсе фінансавыя струмені «Гавары праўду», практычна разваліў структуру. Ну і супрацоўніцтва з КДБ — гэта само сабой.

Андрэй Дзмітрыеў не ўдзельнічаў у выбарах 2015 года толькі таму, што яшчэ не дасягнуў узросту, які дазваляе балатавацца.

А што ж тады Таццяна Караткевіч? У 2015 годзе яна стала кандыдатам у прэзідэнты толькі таму, што Андрэй Дзмітрыеў не мог удзельнічаць у выбарах. Адпаведна, у 2020 годзе, калі Дзмітрыеў дасягне «электаральнай сталасці», наўрад ці Караткевіч будзе яму патрэбная.

Да таго ж на Таццяну Караткевіч сёння праектуецца адкрытая нелюбоў большасці апазіцыянераў да Андрэя Дзмітрыева. Менавіта таму яшчэ ў перыяд прэзідэнцкай гонкі 2015-га ў мас-медыя і ў сацыяльных сетках разгарнулася тое, што цалкам можна назваць «цкаванне». Пачынаючы ад пастулату «Андрэй Дзмітрыеў вылучыў у прэзідэнты сваю сакратарку» і заканчваючы падборкамі адкрытых ляпаў, якія Караткевіч дапускала ў сваіх публічных выступах.

Сёння Таццяна Караткевіч занятая бягучымі справамі арганізацыі ды працягвае працаваць яе «тварам» — з’яўляецца на самых розных мерапрыемствах. Наколькі яна ўключаная ў «глыбінныя» справы «ГП» — грамадскасць не ведае. Перавагі Таццяны — старан­насць, працавітасць ды прыязная знешнасць. Недахопы — імідж «збітага лётчыка» (досыць узгадаць мянушку «мадам 4,4%»), ды відавочная другаснасць адносна Дзмітрыева.

Павал Латушка

Чалавек, аб якім ходзяць упартыя чуткі ў палітычным бамондзе, што яго адмыслова берагуць на выпадак, калі запатрабуецца абсалютна прахадны кандыдат ад улады. 44-гадовы былы міністр культуры, а цяпер пасол Беларусі ў Францыі, а таксама ў Іспаніі і Партугаліі, рэзка адрозніваецца ад пераважнай большасці чыноўнікаў.


Па беларускіх мерках, проста юны дзяржслужачы, вонкава яшчэ не пераўтвораны ў азызлага калгаснага бонзу. Латушка падкрэслівае свой празаходні менталітэт — ён мог бы аказацца ідэальным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі для тых, каму да смерці абрыдла як апазіцыя, так і нязменны начальнік краіны. І для Захаду кандыдатура Латушкі даволі прывабная.

Аднак сёння Павал Латушка амаль адсутнічае ў беларускай медыйнай прасторы. Хіба толькі часам з’яўляецца ў сюжэтах БТ, каментуючы дзеянні МЗС. Ягоны вялізны плюс (з «перадвыбарчага» пункту гледжання) — незабруджанасць. Латушка доўгі час быў ля самых вершыняў улады, але ўдала пазбег шматлікіх магчымасцяў запэцкацца ў справах прэзідэнцкага атачэння. Дададзім сюды выразную нацыянальную арыентаванасць — і атрымаем хіба не самага лепшага з патэнцыйных кандыдатаў ад улады.

Працяг будзе




Абмеркаванне:

  • Тамара
  • 2017-07-13 14:14:02
Што думаю ? Думаю, каб заўчасна не сурочылі. Маю на увазе кандыдатуру П.П Латушка. Як некалі казала адна вельмі шляхетная полька - такіх pszystojniakow, як ( пад той час амбасадар Беларусі ў Польшы) П.П.Латушка нават у Польшы мала. І гэта праўда! Сапраўды, можна было б ганарыцца асобай прэзідэнта. Але, ў каго б гэта запытаць, у якога экстрасэнса, - калі гэта будзе? Мы ужо страцілі надзею, хоць бы дзецям пашчасціла
  • Независимый
  • 2017-07-13 21:21:57
Насмешили с этими кандидатами))). Сейчас на данный момент из тех, кто находится в Беларуси, единственный реальный кандидат от оппозиции- это Николай Статкевич. Хотя, я за парламентскую республику. Хватит одного диктатора, больше беларусы не повторят таких ошибок! Жыве Беларусь!!!
  • аўтар
  • 2017-07-14 15:23:49
Я таксама за парламенцкую рэспубліку, а ў 2010-м сам галасіў за Статкевіча. І Латушка мне таксама падабаецца. Але ж я распачаў гэты цыкл артыкулаў не пра асабістыя падабайкі, гэта спроба нейкага папярэдняга аналізу...

Каментаваць