Пакараць следчых за злачынствы

Ветэраны вайны ў Афганістане накіравалі зварот у пракуратуру Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці прадстаўнікоў следства, дзяржаўнага абвінавачвання і суда, якія былі задзейнічаныя ў працэсе пазбаўлення волі Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава па прысудзе ад 6 ліпеня 2006 года і ад 6 мая 2010 года.



Ветэраны вайны ў Афганістане накіравалі зварот у пракуратуру Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці прадстаўнікоў следства, дзяржаўнага абвінавачвання і суда, якія былі задзейнічаныя ў працэсе пазбаўлення волі Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава па прысудзе ад 6 ліпеня 2006 года і ад 6 мая 2010 года.

Зварот падпісалі сустаршыні аргкамітэта па стварэнні аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Абаронцы Бацькаўшчыны» Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі, а таксама ўдзельнікі вайны ў Афганістане.

У звароце вядзецца размова пра прысуд, які вынес суддзя Рачынскі М.П. 6 ліпеня 2006 года, і асудзіў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава да 3 гадоў 6 месяцаў і 3 гадоў 5 месяцаў пазбаўлення волі адпаведна. Прысуд Мікалаю Аўтуховічу быў вынесены з канфіскацыяй маёмасці. Нагадваецца і пра гучную справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў 2010 года. Ад 8 лютага 2009 года Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў былі зноў арыштаваныя па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў маёмасці былога начальніка Ваўкавыскага РУУС Сяргея Кацубы і мясцовага падатковага інспектара Сяргея Мандзіка. З імі быў таксама арыштаваны Уладзімір Асіпенка. Па злачынствах, якія ім інкрымінавалі, у 2005 годзе вінаватыя ўжо былі асуджаныя. Пацярпелыя з новымі заявамі ў праваахоўныя органы ў дачыненні да названых асобаў не звярталіся.

Падчас следстваў затрыманым былі прад’яўленыя новыя абвінавачванні — падрыхтоўка тэракту супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Саўчанкі і замах на намесніка міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Васіля Камянко. Але па дадзеных абвінавачваннях прадпрымальнікі былі апраўданыя суддзёй Аляксеем Цяцюхіным, бо ў судзе сталі набыткам галоснасці факты штучнага стварэння доказаў абвінавачвання — прымус сведак да лжывых сведчанняў, катаванні затрыманых і подкуп. 8 жніўня 2009 года Юрыя Лявонава вызвалілі са следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсё абвінавачванні. Аўтары звароту кажуць, што гэтыя факты можна расцэньваць як злоўжыванні следства і адвольныя затрыманні.

6 мая 2010 года той жа Цяцюхін прысудзіў Мікалая Аўтуховіча да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі за пазапраўнае набыццё, захоўванне, перавозку, нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад. Падчас суда было ўстаноўлена, што ў Аўтуховіча мелася толькі 5 паляўнічых патронаў ад яго паляўнічай вінтоўкі, знойдзеных падчас ператрусу пры яго затрыманні, іншай зброі або іншых доказаў не было ўстаноўлена. Таксама быў асуджаны Уладзімір Асіпенка да 3-х гадоў пазбаўлення волі за дапамогу ў здзяйсненні пазапраўнай перавозкі, нашэнні, захоўвання агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, выбуховых прылад. Але доказная база па гэтым абвінавачванні таксама не знайшла сваё пацверджанне ў судзе. Суддзя не даў юрыдычнай ацэнкі супрацоўнікам міліцыі, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы падчас папярэдняга следства.

Агулам Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі знайшлі ў дзеянні прадстаўнікоў следства і суда ў дачыненні Мікалая Аўту­ховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Юрыя Лявонава супрацьпраўныя дзеянні, якія падпадаюць пад класіфікацыю злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва, пазапраўнага пазбаўлення волі, катавання і подкупу сведак па справе, з мэтай атрымання патрэбных сведчанняў для следства.

Каментаваць