Паліталогія рэплік

«Хто не ведае, у якую гавань плыве, таму не будзе спадарожнага ветру». Гэта выказванне Сенекі за дзве з лішнім тысячы гадоў не страціла свой актуальнасці не толькі для мараплаўцаў, але і для палітыкаў.

Рэплікі з месца



«Хто не ведае, у якую гавань плыве, таму не будзе спадарожнага ветру». Гэта выказванне Сенекі за дзве з лішнім тысячы гадоў не страціла свой актуальнасці не толькі для мараплаўцаў, але і для палітыкаў.

Рэплікі з месца

У канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя сярод інтэлігенцыі была папулярная кніга «Фізікі жартуюць», у якой, у прыватнасці, даваліся парады, як рабіць уражанне на апанентаў падчас навуковых дыскусій. Самы просты спосаб, па меркаванні аўтара кнігі, — падаць рэпліку з месца. Уявіце сабе, што ідзе абмеркаванне даклада, прысвечанага праблеме ядзернага сінтэзу. Ці можна далучыцца да агульнай размовы, калі нічога ў гэтым самім сінтэзе не разумееш? Так, элементарна. Не ўстаючы з месца, вы кідаеце ў бок дакладчыка рэпліку. Напрыклад, такую: «Скажыце, а што на гэты конт думаюць нашы калегі англічане?»

А зараз у думках перанясемся ў памяшканне ўправы БНФ, дзе рэгулярна праводзяцца «круглыя сталы» з удзелам палітыкаў і палітолагаў. Задача палітыкаў — ставіць мэты, як найбліжэйшыя (тактычныя), так і аддаленыя (стратэгічныя). Задача палітолагаў — іх абгрунтоўваць. Зразумела, што абгрунтаванне павінна рабіцца не метадам «трох П» (падлога, плафон, палец), а абапірацца на вызначаныя тэарэтычныя ўяўленні і мадэлі.

Але гэта ў ідэале. У рэальнасці ж палітолагі жартуюць у нас не горш за фізікаў. Прынамсі, іх здольнасць абмяркоўваць палітычныя пытанні і даваць рэкамендацыі палітыкам выключна на мове рэплік вартая адначасова здзіўлення і захаплення. Так, з года ў год палітолагі рэкамендуюць палітыкам не абмяжоўвацца працай з патэнцыйнымі прыхільнікамі, якіх у апазіцыйных палітыкаў у беларускім грамадстве каля 30 працэнтаў, а імкнуцца «заваяваць большасць».

Калі такога кшталту прапанова сыходзіць ад шараговых партыйцаў, патрабаваць абгрунтоўваць яе бессэнсоўна. Не іх гэта справа. Але палітолагі абавязаныя спачатку хаця б прааналізаваць структуру беларускага электарату. Паказаць, як групы выбарцаў, вылучаныя паводле пэўных прыкметаў, галасавалі на мінулых выбарах і чаму яны так галасавалі. Далей варта растлумачыць, пад уплывам якіх аб’ектыўных або суб’ектыўных фактараў змянілася (або можа быць змененая) гэта самая структура. І толькі тады магчымы пераход да рэкамендацый, у тым ліку і да рэкамендацый па «заваёве большасці».

Да іншага вельмі распаўсюджанага віду паліталагічных рэплік варта аднесці абвінавачванні на адрас апазіцыі з нагоды яе няздольнасці перамагаць, якія паўтараюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. Пры гэтым часта можна пачуць спасылкі на досвед краін, у якіх адбыліся «каляровыя» рэвалюцыі. Наша апазіцыя, маўляў, не здольна арганізаваць штосьці падобнага кшталту. І сапраўды, наша — не здольна. Таму што «каляровыя» рэвалюцыі — гэта, найперш, разборкі ўсярэдзіне праўладнай эліты. Самая вядомая «каляровая» рэвалюцыя — Перабудова. Працытую журналіста Паўла Шарамета: «Ну няўжо Савецкі Саюз скінулі дысідэнты і нясмелыя грамадзяне, якія ім спачувалі? Усё ляснулася, калі скончыліся грошы, і падпалкоўнік Пуцін дапамагаў дэмакрату Сабчаку руйнаваць тое, што павінен быў з апошніх сіл абараняць».

Павел Шарамет не палітолаг. Ён журналіст, але сутнасць Перабудовы абмаляваў дакладна. У сістэме, заснаванай на пераразмеркаванні рэсурсаў, узнікла сітуацыя, калі пераразмяркоўваць не стала чаго, і тады ў палітычнай эліце пачаўся раскол. Падчас элітнага міжсабойчыку адна з яе частак на чале з Гарбачовым звярнулася за падтрымкай да народа. І пачалося...

Справа за дробяззю

У дзяржавах аўтарытарных, у адрозненне ад дзяржаў дэмакратычных, пераможца атрымлівае ўсё. Таму не варта здзіўляцца, што рэсурсы паміж уладай і апазіцыяй у аўтарытарных дзяржавах размяркоўваюцца, мякка кажучы, непрапарцыйна. Але ёсць адно выключэнне: адміністратыўны рэсурс не здольны прыкметна паўплываць на размеркаванне інтэлекту. Менавіта таму ў апазіцыі ёсць патэнцыйны шанец пераўзысці сваіх апанентаў у кампетэнтнасці. Але гаворка ідзе менавіта пра шанец, якім неабходна яшчэ ўмець скарыстацца.

Вазьму на сябе адвагу сцвярджаць, што кампетэнтнасць як рэсурс пры пэўных акалічнасцях здольная пераважыць усе іншыя рэсурсавыя кампаненты. У якасці абгрунтавання сваёй адвагі спашлюся на Аляксандра Грыцанава: «Выратаваць Беларусь можа толькі саюз кампетэнтнасці супраць некампетэнтнасці, а не саюз «дэмакратаў» і «патрыётаў», «лібералаў» і «дзяржаўнікаў», «саўкоў» і «нацдэмаў» адзін супраць аднаго».

Мастачка Крысціна Сампая (Cristina Sampaio),  Партугалія. Карыкатуры «Дэманстрацыя» і «Спіч»


Ці ёсць у апазіцыйных палітыкаў попыт на кампетэнтную аналітыку, і ці спараджае гэты попыт адпаведную прапанову? Звернемся да вынікаў апошняга кангрэса. На ім, калі чытачы яшчэ памятаюць, была прынятая стратэгія АДС. У якасці яе галоўнага элемента было вызначана «ініцыяванне свабодных (з выкананнем патрабаванняў АБСЕ) выбараў у Беларусі», а першым крокам на шляху да такіх выбараў павінен быў стаць «перамоўны працэс з удзелам дэмакратычных палітычных сіл і грамадскіх арганізацый Беларусі».

У якасці каментара — крыху азбучнай тэорыі. Паводле аднаго з азначэнняў, аўтарытарныя рэжымы — гэта рэжымы, якія падаўжаюць сваё існаванне шляхам маніпуляцыі выбарамі. Прапаноўваць падобнаму рэжыму правесці свабодныя выбары — усё роўна што прапанаваць яму самаліквідавацца. Гэта не значыць, што пытанне наконт правядзення свабодных выбараў не павінна ўздымацца апазіцыяй. Як адзін з элементаў прапаганды яго варта ўвесь час мусіраваць у СМІ, але такога кшталту медыйная актыўнасць не можа ляжаць у аснове стратэгіі апазіцыі.

Беларусь — не адзіная аўтарытарная дзяржава ў свеце, і спроба беларускай апазіцыі арганізаваць дыялог з уладай не з’яўляецца унікальнай. У паліталогіі такія рэжымы і такія спробы дастаткова падрабязна апісаныя. У прыватнасці, не з’яўляюцца сакрэтам умовы, пры якіх дыялог паміж аўтарытарнай уладай і апазіцыяй можа быць прадуктыўным. Дастаткова ўзгадаць прыклад Польшчы.

Але ці склаліся ў Беларусі аналагічныя ўмовы на момант прыняцця стратэгіі, і ці могуць яны скласціся ў перспектыве? Прычына паспяховасці польскага дыялогу ляжыць на паверхні. Яна ў наяўнасці за спінай апазіцыйных перагаворшчыкаў магутнага грамадскага руху ў асобе прафсаюзу «Салідарнасць». Справа, такім чынам, за дробяззю. Неабходна стварыць такі рух.

Хто разарве кола?

Ці можна разглядаць згаданую вышэй «дробязь» у якасці заяўкі на чарговую стратэгію? На паперы ўсё выглядае дастаткова прыгожа. Для пераносу гэтай прыгажосці ў жыццё бракуе толькі беларускага Валенсы. Але тут узнікае прычынна-следчая загваздка. Хто каго спарадзіў: Валенса «Салідарнасць» або «Салідарнасць» Валенсу?

Немагчыма сфармаваць дзеяздольны грамадскі рух без пэўнага ўзроўню салідарнасці ў грамадстве. Сацыёлагі ў такім разе кажуць пра сацыяльны капітал. Пра тое, як ён «працуе» ў еўрапейскіх краінах, нам рэгулярна паказваюць па канале «Еўраньюс». Вось адзін толькі прыклад. Гадоў дзесяць таму ў Парыжы нейкія нягоднікі апаганілі габрэйскія пахаванні на могілках Пер-Ляшэз. На наступны дзень у сталіцы Францыі адбылася стыхійная дэманстрацыя пратэсту, у якой прынялі ўдзел каля двух мільёнаў чалавек.

Пратэстныя акцыі апазіцыі ў Мінску не настолькі шматлюдныя. У апошнія ж гады нават «Чарнобыльскіх Шлях» збірае добра калі пару тысяч удзельнікаў. Пасля чарговага правалу чарговай «масавай акцыі» ў адрас апазіцыі з боку палітолагаў выказваюцца прэтэнзіі (зразумела, аформленыя ў выглядзе рэплік) у няўменні арганізаваць такога кшталту мерапрыемствы. Маўляў, налепкі з заклікам прыйсці на Шлях былі безгустоўнымі па афармленні, і колькасць іх была недастатковая, да таго ж расклеілі іх занадта позна.

Арганізатары, натуральна, апраўдваюцца ды спасылаюцца пры гэтым на недахоп рэсурсаў. А вось ва ўлады праблем з рэсурсамі няма, дый колькасць яе прыхільнікаў мінімум у два разы вышэй, чым у апазіцыі. Аднак уявіць сабе прыхільнікаў улады, якія сабраліся па ўласнай ініцыятыве, каб выказаць сваю падтрымку «палітыцы партыі і ўраду», я не магу. Збор па ініцыятыве самой улады не лічыцца.

У майго добрага прыяцеля жонка працуе ў адной з мінскіх школ, размешчаных у цэнтры горада. За апошнія гады яна, мабыць, не прапусціла ні аднаго хакейнага матчу з удзелам каманды кіраўніка дзяржавы. Гэтак жа актыўна «хварэюць» і яе калегі па працы. Няцяжка здагадацца, што наведваюць хакейныя матчы педагогі не бескарысліва.

Эфектыўнасць такой палітычнай падтрымкі мы назіралі ў гады распаду СССР. Сёння дзесяткі мільёнаў былых савецкіх грамадзян льюць кракадзілавыя слёзы з нагоды «найвялікшай катастрофы XX стагоддзя», вось толькі дзе яны былі ў дні катастрофы?

У паліталогіі ёсць такое паняцце — «палітычны ўдзел», пад якім разумеюцца дзеянні любога чальца палітычнай сістэмы, накіраваныя на змену вынікаў яе дзейнасці. Ёсць масавы палітычны ўдзел — ёсць палітыка. А калі няма, то атрымліваецца, як у Беларусі, дзе нават чальцы ўрада палітыкамі не з’яўляюцца. Адсюль знакамітая рэпліка Лукашэнкі, кінутая на адрас свайго найбліжэйшага атачэння: «У Беларусі толькі адзін палітык! Гэта Я!»

Час падводзіць вынік, але перш чым гэта зрабіць, я не магу ў чарговы раз не працытаваць расійскага сацыёлага Льва Гудкова: «Калі мы не будзем разумець, адмовімся разумець, якім чынам грамадства падтрымлівае гэты рэжым, мы ўвесь час будзем апынацца ў замкнёным коле нашых уласных ілюзій і няўдач».

Адмаўленне разумець і ўсведамляць спараджае паліталогію рэплік, якая, у сваю чаргу, створыць замкнёнае кола з рэплікамі палітыкаў. Так узнікае класічная праблема курыцы і яйка, і хто ў гэтай пары першасны — ужо, мабыць, і не разабраць.

Каментаваць