Паламаная цацка Пуціна

Нешта ўсе інтэграцыйныя стварэнні альбо не працуюць, альбо працуюць не так, як трэба. У паўсядзённай мітусні мы не заўважылі маленькага юбілею: сто дзён прайшло з пачатку функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза.



У паўсядзённай мітусні мы не заўважылі маленькага юбілею: сто дзён прайшло з пачатку функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза — адной з «любімых цацак» Уладзіміра Пуціна. Зазвычай, першыя сто дзён глабальную справу не крытыкуюць, але пасля робяцца высновы наконт яе існавання. Якія ж высновы можна зрабіць са ста дзён ЕАЭС?

Гэты саюз Пуцін задумваў задоўга да Крыму. Відавочна, што новае стварэнне павінна было запрацаваць менавіта ў рэчышчы таго, каб даць яму вобраз «збіральніка земляў рускіх». Але Крым усе гэтыя амбіцыйныя планы перакрэсліў. Унутры Расіі рэйтынг Пуціна зашкальвае дзякуючы «Крымнашу» і штодзённаму прапагандысцкаму прамыванню мазгоў. На постсавецкай жа прасторы ні пра якое «збіральніцтва земляў» размова не ідзе, а любыя інтэграцыйныя праекты з Расіяй зараз разглядаюцца праз прызму «зялёных чалавечкаў».

Палітычнай мэты ЕАЭС Пуцін не дасягнуў. Так што наўрад ці ён застанецца ў гісторыі як збіральнік земляў, тым больш, што без Украіны гэтыя землі няпоўныя.

Эканамічныя паказчыкі ЕАЭС таксама пакуль што не радуюць. ЕАЭС запрацаваў у той час, як і ў Расіі абваліўся рубель, і ў Беларусі прайшла гібрыдная дэвальвацыя. На гэтым фоне паказчыкі ўзаемнага гандлю паміж краінамі ЕАЭС вельмі нізкія. За тры месяцы бягучага года таваразварот не толькі не вырас, але і скараціўся ў параўнанні з практыкай Мытнага саюза.

Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным і Назарбаевым у Астане сказаў, што «ў нас за мінулы і гэты год таваразварот прыстойна знізіўся, прыкладна на 15–16% у ЕАЭС». Насамрэч, у мінулым годзе ЕАЭС яшчэ не было, таму пра зніжэнне выпадае казаць толькі на падставе лічбаў гэтага года. А яны яшчэ горшыя, чым казаў беларускі кіраўнік. Па дадзеных Казахстана, яго таваразварот з саюзнікамі ў студзені-лютым знізіўся на 19%. Як паведамляе расійскі партал «Провэд», Расія скарачае таваразварот з краінамі ЕАЭС. Так, экспарт у Сінявокую ў студзені 2015 года абрынуўся на 35%, а імпарт — на 42%. Нішто сабе падпісалі эканамічны саюз, ага.

Паміж стваральнікамі ЕАЭС — Беларуссю і Расіяй, — зноўку можа пачацца «нафтавая вайна». Раней Беларусь і Расія дамовіліся, што Сінявокай з усходу прыйдуць 23 мільёны тон нафты ў гэтым годзе, але не проста так. У абмен нашая краіна павінна была пастаўляць у Расію пэўную колькасць зробленага з гэтай нафты бензіну. Расія пакуль што выконвае абяцаныя пастаўкі, але малодшая сястрычка «заціснула» бензін на падставе таго, што з-за падзення расійскага рубля прадаваць яго ў Расіі не выгадна.

Па-ранейшаму працягваецца баданне Беларусі з Рассельгаснаглядам. Дня не праходзіць, каб у навінах не з’яўлялася інфармацыя пра тое, што гэтае расійскае ведамства завярнула на радзіму чарговую партыю прадуктаў «харчовага Кландайку». То рээкспарт знойдуць, то сальманелу, то беларуская свініна ім не падабаецца... То бок, ні пра якія меркаваныя ў ЕАЭС «адзіныя правілы гаспадарання» гаворка не ідзе. Але Расія сама падклала гэтую бомбу пад інтэграцыйны праект, не параіўшыся з астатнімі ўдзельнікамі саюза пра санкцыі да заходніх харчоў.

Чарговы ўдар нанесла Кіргізія, якая вырашыла зноўку адкласці пытанне пра сваё прыяднанне да ЕАЭС. Выказаўшы жаданне стаць сябрам саюза, Кіргізія абумовіла сваё далучэнне захаваннем нацыянальных эканамічных інтарэсаў. Інтарэсы ж Кіргізіі пакуль не супадаюць з палажэннямі саюза. У прыватнасці, Кіргізія настойвае на захаванні льготных мытных пошлін у дачыненні да тавараў, якія завозяцца ў рамках інфраструктурных праектаў, аб якіх рэспубліка раней дамовілася з Кітаем, і… кіргізы зрабілі слушную выснову з беларускага «харчовага Кландайку». Яны настойваюць на выключэнні аўдыту сістэмы праверак ветэрынарнага кантролю ў рамках ЕАЭС «для ажыццяўлення свабоднага руху тавараў сельгасвытворцаў». То бок, падстрахоўваюцца ад санкцыяў Рассельгаснагляду.

Пакуль што адзіная карысць ад ЕАЭС у тым, што Беларусь атрымлівае ў свой бюджэт экспартныя нафтавыя пошліны, якія раней сплачвала ў бюджэт Расійскай Федэрацыі. Але ва ўмовах расійскага падатковага манеўру і рэзка патаннелай нафты і гэта — не ў ты аб’ёме, які быў запланаваны раней.

Але гэтая адзіная выгада больш чым кампенсуецца рызыкамі страты суверэнітэту. Апошнім часам шмат хто загаварыў пра адзіную валюту ў межах ЕАЭС, што можа прывесці да страты эканамічнай, а потым і палітычнай незалежнасці. Тую пагрозу заўважыў нават былы прэм’ер Беларусі, а зараз старшыня Савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, адзіная валюта на практыцы можа азначаць поўнае падпарадкаванне краін ЕАЭС інтарэсам дзяржавы з большай эканомікай і страту суверэнітэту. «Справы тут не абы-якія», — сказаў ён.

Карацей, пакуль ад ЕАЭС карысці менш, чым небяспекаў. Будучыня гэтага праекта няўцямная. Ён можа стаць намінальным, як Саюзная дзяржава. А можа ператварыцца ў клуб прэзідэнтаў без асаблівых абавязкаў, як СНД. Пакуль што для нейкага іншага сцэнару ЕАЭС падставаў не дае.

Каментаваць