Палітычны эцюд пад назовам “Міхалевіч”

Айчынны палітычны маргінэз надоячы скалануўся ад звестак, што ў Беларусь вярнуўся экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Алесь Міхалевіч, якому нейкім дзіўным чынам за сваім часам удалося зваліць з Беларусі з-пад пільнай аховы спецслужбаў. Але не пра гэта гаворка.



Можна меркаваць, што вяртанне палітыка, які да гэтага знаходзіўся пераважна ў Чэхіі, сталася поўнай нечаканасцю для беларускага сілавога бамонду. Міхалевіча затрымалі на мяжы, памежнікі перадалі яго ў рукі праваахоўнікаў, потым яго адпусцілі пад падпіску (чарговую) аб нявыездзе. Вяртанне Міхалевіча выклікала актыўную рэакцыю і сярод апазіцыі ды каментатараў. Што гэта за гульня развязалася вакол Алеся Міхалевіча, прынамсі, з боку ўладаў? Я запытаўся пра гэта ў палітолага Валерыя Карбалевіча.

— Думаю, што тут дзейнічала руцінная бюракратычная машына: паколькі крымінальная справа ў дачыненні да яго не спынена, у свой час ён збег з-пад падпіскі аб нявыездзе, і яго прозвішча аўтаматычна ўнеслі ў базу. І як толькі ён з’явіўся, ягонае прозвішча высвецілася, і яго затрымалі. Так што пакуль праваахоўнікі дзейнічаюць у адпаведнасці з законнай працэдурай, і гэта будзе цягнуцца да таго часу, пакуль не будзе прынята палітычнае рашэнне. Так што тут усё лагічна.

— А навошта самому Міхалевічу карціла вярнуцца ў Беларусь?

— Чалавеку на чужыне дрэнна. Чалавек хоча вярнуцца, ён і раней хацеў, а цяпер ён вырашыў, што наспеў зручны момант. Па-першае, вызвалілі палітвязняў, фактычна закрыта старонка справы 19 снежня 2010 года. Па-другое, надыходзяць чарговыя прэзідэнцкія выбары, відавочна памкненне Лукашэнкі размарозіць адносіны з Захадам, і на гэтым тле Міхалевіч палічыў, што гэта самы зручны момант, і тут, магчыма, яго ўжо не будуь пераследаваць. Лічу, што такі разлік быў правільны.

— Разлік разлікам, а ці не захавалі на яго крыўду спецслужбы пасля таго, як ён збег ад іх за мяжу? 

— Спецслужбы, можа, крыўду і захавалі, але тут павінна быць палітычнае рашэнне, каб ці амніставаць яго, ці змікшыраваць сітуацыю. Ва ўсякім разе, не рабіць з яго палітвязня. Я думаю, ва ўладаў хопіць здаровага сэнсу, каб не рабіць з Міхалевіча палітзняволенага акурат у гэты момант. Таму, думаю, спецслужбы тут ужо не з’яўляюцца апошняй інстанцыяй, тут павінна быць палітычнае рашэнне на значна больш высокім палітычным узроўні.  

Ці будзе такое палітычнае рашэнне на самым высокім узроўні, пабачым. Але з’яўленне Міхалевіча, гледзячы па ўсім, унесла яшчэ больш ералаш у галовы ўдзельнікаў палітычнага жыцця. Адны вітаюць яго “мужны крок”, другія пачынаюць апраўдвацца, чаму самі не могуць зараз вярнуцца ў Беларусь. Аказваецца, дарма эксперты ды журналісты пісалі і казалі, што зараз самы сумны ў палітычным плане час. Калі ёсцяка такія Міхалевічы, то сумаваць не давядзецца.

А тут яшчэ і Цярэшчанка заклікаў Караткевіч, Гайдукевіча і Улаховіча зняцца з выбараў. Цырк ды й годзе. Не, відаць, уся весялуха яшчэ наперадзе.  

Абмеркаванне:

  • Смолікаў
  • 2015-09-10 10:52:52
на фота не магу знайсьці журналіста Генадзя Кеснера, не падкажаце, ў якім шэрагу, злева ці справа?

Каментаваць