Паміж гімнам і рэквіемам

Мадэрнізацыя — гэта рух з архаікі ў сучаснасць, і яна не можа быць паспяховай толькі за кошт эканамічнай лібералізацыі.



Мадэрнізацыя — гэта рух з архаікі ў сучаснасць, і яна не можа быць паспяховай толькі за кошт эканамічнай лібералізацыі.

Прыемна, калі цябе цыту­юць. Удвая больш прыемна, калі цябе цытуюць з самай высокай трыбуны краіны. У папярэдніх «Азбуках паліталогіі» я неаднаразова адзначаў, што на рынку канкуруюць паміж сабой не толькі эканомікі, але дзяржавы, народы і нацыянальныя праекты. Мая пісаніна не была дарэмнай. Цытую па афіцыйным тэксце «Паслання–2010»: «Целью наших усилий должно быть формирование по-современному конкурентоспособных как экономики, так и государства в целом. И, более того, конкурентоспособной белорусской нации!»

Што ж неабходна для дасягнення канкурэнтаздольнасці пералічанай вышэй трыяды? Па меркаванні аўтара паслання — мадэрнізацыя. Гэта першая выснова, якую я зрабіў, прасе­дзеўшы 20 красавіка амаль чатыры гадзіны перад тэлевізарам. А вось другая выснова ў мяне не такая аптымістычная. Аўтар паслання, які ставіў задачу па дасягненні канкурэнтаздольнасці ў трох галінах, збіраецца яе вырашаць выключна за кошт мадэрнізацыі эканомікі.

Пра грыбы і грыбнікоў

Ці ёсць у гісторыі прыклады паспяховай мадэрнізацыі? Не так шмат, як хацелася б, але такія прыклады адшукаць пры жаданні можна. Напэўна, самы цікавы — Паўднёвая Карэя. Пасля падзелу краіны ў 1945 годзе 80 працэнтаў прамысловых прадпрыемстваў апынуліся ў паўночнай частцы, але гэта не перашкодзіла Паўднёвай Карэі за некалькі дзесяцігоддзяў зрабіць рывок з трэцяга свету ў першы.

Але вось іншы прыклад. Мадэрнізацыя ў Расіі пачалася яшчэ пры Барысе Гадунове. Яна працягваецца ўжо пятае стагоддзе. І які вынік? Спашлюся на апошні даклад Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. У 2009 годзе ў Расіі было пададзена 569 патэнтавых заявак (0,4 працэнта заявак на новыя патэнты, якія будуць прызнаныя на міжнародным узроўні), а ў Паўднёвай Карэі — каля 8 тысяч. Што называецца, адчуйце розніцу. На першым жа месцы з вялікім адрывам ЗША — 45,8 тысячы заявак.

Але чаму настолькі ашаламляльныя адрозненні ў выніках? Што дапамагло карэйцам выйсці ў сусветныя лідэры, і што не дазволіла рускім, якія знаходзяцца ў рэжыме даганяльнай мадэрнізацыі ўжо больш за чатыры стагоддзі, да гэтых самых лідэраў наблізіцца? Зразумела, да адной прычыны звесці тлумачэнне нельга. Тым не менш ёсць галоўная, якае перакрывае ўсе астатнія. Гэта якасць дзяржавы.

На працягу стагоддзяў расійская дзяржава імкнулася быць моцнай, і гэта ў яе рэгулярна атрымлівалася. Вось толькі сваю моц яна накіроўвала пераважна на прыгнечванне ініцыятывы сваіх грамадзян. Пры першым цары-рэфарматары Барысе Гадунове канчаткова сфарміравалася прыгоннае права. Рэфарматары-бальшавікі ўсіх загналі ў цэнтралізаваную планавую эканоміку, пазбавіўшы тым самым кожнага магчымасці будаваць уласныя планы. Пры Пуціне грамадства падмяла пад сябе карумпаваная бюракратыя і сілавікі.

Варта толькі якому-небудзь расійскаму бізнесмену зрабіць сваё прадпрыемства прыбытковым, як прадстаўнік усюдыіснай дзяржавы (падатковы інспектар, міліцыянер, пажарнік) ужо настойліва стукае ў дзверы яго кабінета. Тут галоўнае — паспець першым. У Расіі бізнесмены «ўспрымаюцца ўладай накшталт такіх грыбоў у лесе. І ў той момант, калі грыбнік гэты грыб знаходзіць, у грыбніка ўзнікае права ўласнасці на грыб» (Юлія Латыніна). Імёны самых удачлівых «грыбнікоў» даведацца нескладана, для гэтага дастаткова паглядзець, хто сёння кантралюе актывы кампаніі «ЮКАС».

Амаль па Дантэ

Але паспяшаемся вярнуцца ў залу пасяджэнняў беларускага парламента, дзе кіраўнік дзяржавы абвяшчае 2010 год ключавым «в определении дальнейшей стратегии развития Беларуси». Падстаў для гэтага тры. Па-першае, завяршаецца пяцігодка, а ўлада, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, «не отказывается от обязательств, взятых на себя пять лет назад». Па-другое, у бягучым годзе мы мусім «полностью преодолеть последствия мирового кризиса». Па-трэцяе, і гэта самае галоўнае, «необходимо заложить основы для динамичного прорыва в развитии нашей страны — нового этапа в построении сильного и процветающего государства».

Звярніце ўвагу, дынамічнае развіццё краіны — гэта ўсяго толькі этап у пабудове моцнай дзяржавы. Мяркуецца, што ў такой дзяржаве будзе забяспечана новая (еўрапейская) якасць жыцця. Тут узнікаюць натуральныя пытанні: а для каго, і які пералік параметраў такога жыцця? Вось, да прыкладу, судовая сістэма. Без яе эфектыўнай працы пра еўрапейскую якасць казаць не даводзіцца.

Возьмем афіцыйны тэкст паслання, размешчаны на сайце «Советской Белоруссии», і пры дапамозе пошукавай сістэмы палічым колькасць слоў з коранем «суд». Такіх знайшлося 29 штук, але ўсе яны былі толькі часткай слова «государство». Такім чынам, «Пасланне–2010» — гэта своеасаблівы гімн дзяржаве: «государственная политика», «государственная деятельность», «государственные программы» і інш. Месца ж для абмеркавання судовай сістэмы, што была б здольнай абараняць усіх нас, у тым ліку і ад самаўпраўнасці «сильного государства», у пасланні не знайшлося.

А як наконт свабоднага доступу да незалежных крыніц інфармацыі? У новым якасным жыцці, якое чакае беларусаў «в самой ближайшей перспективе», «Белпошта» і «Саюздрук» будуць распаўсюджваць недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты, або ўсё застанецца па-ранейшаму? Адказу на гэтае пытанне я ў пасланні не знайшоў. Затое любы жадаючы можа з ім азнаёміцца, прачытаўшы ў інтэрнэце чарговыя адкрыцці кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Цытую: «Я не знаю, чего хочет народ. Если говорить банальными наборами благ, то работа, жильё, мир на улицах, возможность жить и учиться — наверно, всё это есть. Надо отдавать себе должное — мы небогатая страна, страна ниже среднего достатка».

Што тут прычына, а што следства? Мы небагатая краіна — таму не можам дазволіць сабе падпісвацца і прадаваць «Новы час» праз дзяржаўную сістэму распаўсюду, або мы не распаўсюджваем «Новы час» — і таму небагатыя?

Але акрамя скупога пераліку выгод, якія спадар Зімоўскі дазваляе ўсім нам жадаць, у новае жыццё з жыцця старога будзе дазволена перанесці «надзеі на выхад з крызісу канкрэтна з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам». Спадзявацца на кагосьці іншага, у тым ліку і на самога сябе, бессэнсоўна, па словах Зімоўскага: «таму што такая магутная машына інфармавання, якую я кантралюю, адразу ж растлумачыць нашым грамадзянам, што гэта змаганне вядзецца супраць таго, каб прэзідэнт палепшыў жыццё людзей».

Да прачытання такога выдатнага тэксту я лічыў, што дзеліцца на «канструктыўную» і «так званую» ў Беларусі толькі апазіцыя. Аднак высветлілася, што гэты прынцып распаўсюджваецца і на надзеі. З гэтага часу «всяк сюда входящему» давядзецца пакідаць сваю надзею і атрымліваць наўзамен надзеі на моцную дзяржаву і яе нязменнага кіраўніка, інакш, пераблытаўшы вароты, можна будзе патрапіць замест раю ў пекла.

Бервяно на дарозе

Беларуская аўтарытарная дзяржава ўсвядоміла неабходнасць мадэрнізацыі, хай і ва ўсечаным выглядзе. Запішам ёй гэта ў актыў. Але хто будзе суб’ектам мадэрнізацыі? Звернемся да тэорыі «Азбукі паліталогіі». Лідэры аўтарытарных рэжымаў могуць абапірацца на адзін з трох інстытутаў: бюракратыю, «сілавікоў» або дамінуючую партыю (магчыма і іх камбінацыя). Гэта адрозненне адпавядае тром асноўным тыпам аўтарытарных рэжымаў: бюракратычнаму, ваеннаму і аднапартыйнаму.

Зразумела, што ў нашым выпадку мы маем справу з бюракратычным рэжымам. На жаль, «Пасланне–2010» — гэта не толькі гімн моцнай дзяржаве, але адначасова і рэквіем па здольнасцях бюракратаў яе мадэрнізаваць. Адпаведныя прыклады рассыпаныя па ўсім тэксце паслання. Лукашэнка літаральна спатыкаецца аб іх. Прывяду адзін з найбольш яркіх: «Два с половиной года не мог начать реализацию проекта по строительству транспортно-логистического центра в районе Национального аэропорта «Минск» бельгийский инвестор. Два с половиной года! Человек постучался в дверь, показал деньги (известная фирма, с именем мировым!), и около двух лет ушло у него только на согласование проекта инвестиционного договора. И вы думаете, он, проект, за два года изменился в чем-то? Вот он пришел с ним — через два года тот же проект был утвержден».

Калі мне памяць не здраджвае, за апошнія гады былі прынятыя тры дырэктывы: «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» (№1), «Аб мерах па наступнай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата» (№2) і «Эканомія і ашчаднасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» (№3). Прыкметнага прагрэсу па ўсіх трох накірунках дасягнуць не атрымалася. І гэта не маё дылетанцкае меркаванне. Чытайце пасланне.

Сёння ў якасці галоўнага фактару ўзмацнення дзяржавы абвешчана мадэрнізацыя. У студзені чыноўнікі Мінэканомікі паабяцалі нам чарговы план па лібералізацыі эканомікі. На двары канец красавіка, але плана мы так і не дачакаліся. Аднак не варта адчайвацца —  «назрела необходимость принятия Директивы № 4 о дальнейшей либерализации экономики, направленной на раскрепощение предпринимательской инициативы». Разнявольваць ініцыятыву, зразумелая справа, будуць бюракраты, з чым я і віншую прадпрымальнікаў.

Але не варта забываць, што прадпрымальнікі (бізнесмены) адыгрываюць у беларускай эканоміцы далёка не галоўную ролю. Саліруюць у нас дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў і «вертыкальшчыкі», але яны не прадпрымальнікі, а гаспадарнікі. Іх «безынициативность и неэффективность» мяжуе з «имитацией работы». І з гэтым варта пагадзіцца. Крызіс, з якім сёння сутыкнулася Беларусь, спароджаны імітацыйным спосабам нацыянальнага жыцця, і генеруецца ён не знізу, а зверху. Лепшая ілюстрацыя гэтаму — выбары, якія завяршыліся ў мінулую нядзелю.

Як нельга быць крыху цяжарнай, так немагчыма ўтрымаць імітацыю выключна ў рамках выбарчых кампаній. Імітацыя — частка савецкай спадчыны. Згадайце знакамітае: ЯНЫ робяць выгляд, што плацяць, МЫ робім выгляд, што працуем. Гэты прынцып пры камуністах ляжаў у аснове «сацыяльнага кантракту». Вынік вядомы.

Пазбавіцца ад усеагульнай імітацыі беларусам перашкаджае «моцная дзяржава», яна састарэла ўжо ў момант свайго нараджэння. Таму галоўным накірункам мадэрнізацыі павінна стаць мадэрнізацыя дзяржавы, што ляжыць бервяном на дарозе, якая вядзе да «новай якасці жыцця».
 

Каментаваць