Паміж нястачай і прыбыткам

Калі стан эканамічнага дыскамфорту не здолее сам рассмактацца, то шматлікія беларусы перагледзяць сваё стаўленне да «моцнай дзяржавы».

Беларусы — гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасці. Такая афіцыйная версія. Яна ўзнікла 22 чэрвеня 2003 года і памерла 27 мая 2011-га на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканомікі, на якой «адзіны палітык» (АП) праінфармаваў, што беларусаў у свеце «воспринимают вообще как дикарей».

Калі стан эканамічнага дыскамфорту не здолее сам рассмактацца, то шматлікія беларусы перагледзяць сваё стаўленне да «моцнай дзяржавы».

Беларусы — гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасці. Такая афіцыйная версія. Яна ўзнікла 22 чэрвеня 2003 года і памерла 27 мая 2011-га на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканомікі, на якой «адзіны палітык» (АП) праінфармаваў, што беларусаў у свеце «воспринимают вообще как дикарей».

Што стала прычынай такога ўспрымання? «Ажиотаж на потребительском рынке», дакладней, карцінкі гэтага ажыятажу, змантаваныя замежнымі тэлекампаніямі, «которые здесь (у Беларусі) благодаря Администрации президента стали господствующими средствами массовой информации».

АП, паводле яго ўласнага прызнання, «впервые стало стыдно за часть людей, которые породили этот большой спрос». Нагадаю, такія няўхвальныя для беларускага народа характарыстыкі былі агучаны на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканомікі. Пералік актуальных пытанняў і ўзначаліў «ажыятажны попыт». Прычына яго засталася да канца так і не зразуметая ўдзельнікамі нарады. Мяркуйце самі: ВУП з пачатку года расце рэкорднымі тэмпамі (азіяцкія «тыгры» адпачываюць), па выніках чатырох месяцаў зафіксаваны істотны прырост паступлення валютнай выручкі (12,8 мільярда долараў, што ў 1,6 разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года).

Адзінае тлумачэнне гэткай парадаксальнай сітуацыі было агучана ўсё тым жа АП: «И правильно народ говорит: сами виноваты, что создали этот ажиотаж». Ну што тут скажаш, прырода ажыятажнага попыту схоплена дакладна. Мне застаецца толькі развесці густа замешаны афіцыйны сіроп праўды азбукавымі каментарамі.

Як паскорыць набліжэнне цягніка?


Цэнтральным паняццем класічнай эканамічнай тэорыі з’яўляецца «чалавек эканамічны». Ён рацыянальны і выразна ўсведамляе свае прыватныя інтарэсы. «Чалавек эканамічны» не марнуе часу на распрацоўку неажыццявімых праектаў, як гогалеўскі Манілаў, а прымае рашэнні, зыходзячы з балансу будучых прыбыткаў і страт. Словам, усё выдатна, калі б не адно «але»: у жывой прыродзе сустрэць такога чалавека ўсё ніяк не атрымліваецца.

Для далейшага руху нам спатрэбіцца кніга нобелеўскага лаўрэата Джорджа Акерлофа «Spiritus Animalis», напісаная ў суаўтарстве з эканамістам Робертам Шылерам. У кнізе ёсць падзагаловак: «Як чалавечая псіхалогія кіруе эканомікай». Спасылаючыся на аўтарытэт Кейнса, аўтары пераканаўча паказваюць, што, нават пераследуючы свае эканамічныя інтарэсы, людзі не заўсёды рацыянальныя. Гэты самы ірацыянальны пачатак і з’яўляецца галоўнай прычынай ваганняў на рынку.

Ключавая ўмова эканамічнай стабільнасці — давер. Па-англійску «давер» — «confidence». Слова паходзіць ад лацінскага «fido», што азначае «я давяраю». Крызіс даверу, у якім сёння апынуўся свет, называюць яшчэ крэдытным крызісам, а слова «крэдыт» паходзіць ад лацінскага «credo» — «я веру».

У спрыяльныя часы людзі поўныя веры, яны прымаюць рашэнні не разважаючы. Інстынкт падказвае ім, што наперадзе поспех, таму ўсялякім сумневам у сабе яны не даюць ходу. Пакуль у людзей захоўваецца такі давер, неабдуманасць іх рашэнняў застаецца непрыкметнай. Няцяжка здагадацца, што адбываецца, калі давер па якіх-небудзь прычынах знікае. Банкі пачынаюць прытрымліваць грошы, таму што губляюць веру ў магчымасць сваіх кліентаў вярнуць крэдыты. Бізнэсмэны, нягледзячы на нізкія працэнтныя стаўкі, не жадаюць укладваць сродкі ў новыя праекты. Яны не вераць у магчымасць рэалізаваць дадатковую прадукцыю. Большасць эканамічных крызісаў, уключаючы Вялікую дэпрэсію 30-х гадоў, развіваліся па падобным сцэнары.

Страта даверу спарадзіла і спажывецкі ажыятаж у Беларусі. Людзі перасталі верыць у пакупную здольнасць нацыянальнай валюты. Але хто ў гэтым вінаваты, і што тут прычына, а што следства? У кнізе экс-дырэктара даследчага дэпартамента МВФ Рагхурам Раджана «Выратаванне капіталізму ад капіталістаў» ёсць выдатны прыклад пра цягнік і птушак: «Птушкі ўлятаюць з чыгуначных пуцей, калі набліжаецца цягнік. Птушкі, што ўлятаюць, і цягнік, што набліжаецца, — падзеі, якія карэлююцца, але першая не цягне за сабой апошнюю. Калі мы не вызначым накірунак прычынна-следчай сувязі, карэляцыя, якую мы назіраем, можа даць дзіўныя ідэі. Каб паскорыць прыбыццё цягніка, які спазняецца, угневаныя пасажыры павінны спалохаць птушак, што сядзяць на рэйках!»

Прыкладна гэтым і занятыя сёння ў Беларусі тыя, ад каго залежыць давер насельніцтва да нацыянальнай валюты. Што тычыцца ірацыянальных грамадзян, то ў існуючай сітуацыі яны паводзяць сябе выключна рацыянальна, калі скупляюць у крамах тавары, тым самым спрабуючы абараніць ад інфляцыі свае крэўныя. Але давер да рубля — гэта ўсяго толькі праекцыя даверу да ўлады, да яе прадстаўнікоў, якія шматразова пераносяць дату выхаду на «раўнаважны курс».

Ад 600 тысяч да 1 мільёна


«Утылітарызм» (ад лац. «utilitas» — «карысць», «выгада») — наступнае слоўнікавае слова, якое нам спатрэбіцца для аналізу бягучых падзей. Звузім яго значэнні да практыцызму, імкнення з усяго здабываць матэрыяльную выгаду. Спецыялісты вылучаюць умераны і развіты ўтылітарызм. Першы характарызуецца імкненнем павялічыць атрыманне выгод шляхам іх ураўняльнага пераразмеркавання (крадзяжоў, жабрацтва, сацыяльнага ўтрыманства і г. д.). Другому ўласцівае ўсведамленне сувязі паміж ростам выгод і ўласнай дзейнасцю па іх вытворчасці. Ён патрабуе развіцця асобы, без якой немагчымае функцыянаванне сучаснай рынкавай эканомікі.

Утылітарызм дазваляе нам па-новаму зірнуць на прыроду расколу беларускага грамадства. Умераныя ўтылітарысты — гэта наша «большасць». Гэта яны прастаялі ўвесь мінулы год у напружаных позах суслікаў у чаканні зарплаты ў 500 долараў. «Свае» долары яны атрымалі, але, як выявілася, ненадоўга. Сёння яны ў разгубленасці, бо не ў стане да канца ўсвядоміць тое, што адбылося.

Беларусы, якія актыўна асвойваюць каштоўнасці развітога ўтылітарызму (прадстаўнікі «меншасці»), гэтак жа, як мічурынцы, не чакаюць літасці ад прыроды. Калі яны не здолелі адшукаць нішу, у якой яны змаглі б за сваю працу атрымаць годную ўзнагароду ў роднай дзяржаве, то яны збіраюць валізкі і адпраўляюцца за «доўгім» рублём у Расію, а найбольш прасунутыя — на Захад за «доўгім» еўра ці доларам.

Гэта яны і чальцы іх сем’яў забяспечвалі камерцыйным банкам чыстую пакупку валюты, тым самым робячы свой пасільны ўнёсак у барацьбу з галоўным ворагам «беларускай эканамічнай мадэлі» — адмоўным сальда знешняга гандлю. Гэта ў іх адрас днямі рашуча выказаўся АП: «…мы должны этим «летунам» сказать: ты поехал неорганизованно зарабатывать в другое государство и в страну денег не приносишь. Поезжай. Но, первое: коммунальные услуги стопроцентно семья оплачивает. Медицинское обеспечение твое личное, а семью, детей мы не трогаем, стопроцентно оплачиваешь».

Колькі такіх «летуноў» вымушаныя «неорганизованно зарабатывать» за межамі Радзімы? Ацэнкі экспертаў вагаюцца ў межах ад 600 тысяч да 1 мільёна чалавек. З трыма «летунамі» (яны працуюць вахтавым метадам на будоўлях Якуціі) я меў нядаўна магчымасць пагутарыць у аўтобусе на маршруце Мінск–Мазыр. Шкадую, што не прыхапіў з сабой магнітафон. Калі яшчэ ў мяне з’явіцца магчымасць з першых рук атрымаць інфармацыю пра асаблівасці будаўніча-мантажных работ пры -600!

Аб праблемах кармавой базы

Прадстаўнікі ўмеранага ўтылітарызму, кажучы словамі персанажа фільма «Чапаеў», «юшкі просяць», прычым кожны дзень і ва ўсё большых аб’ёмах. Але эканоміка, заснаваная на працы ўмераных утылітарыстаў, не ў стане забяспечыць пашыранае ўзнаўленне юшкі без прыцягнення дадатковых рэсурсаў. «Прыбытак» — паняцце са свету развітых утылітарыстаў. Адсюль праблема, вырашыць якую ўжо не першы год беспаспяхова спрабуе АП. Прывяду фрагмент з афіцыйнага прэс-рэлізу нарады, якая прайшла 27 мая: «Глава государства напомнил, что давно обращал внимание на рентабельность работы предприятий и прибыль. «А потом уже: сколько вы надоили, привесили и посеяли? Неужели вы этого не слышите?! Так вот, если говорить об эффективности — плакать хочется», — сказал президент».

А што яму застаецца рабіць? Беларусы, здольныя эфектыўна працаваць і пры -600, бываюць у роднай рэспубліцы толькі наездамі. Клімат Якуціі ім чамусьці больш падабацца.

Выдатны партрэт умеранага ўтылітарыста намаляваў палітолаг Сяргей Вараб’ёў. Ацаніце: «З функцыянальнага пункту гледжання вы зразумееце, што робіць чалавек. Замест таго, каб займацца вытворчасцю, барацьбой з канкурэнтамі, абслугоўваннем спажыўцоў, ён бегае вакол дзяржавы: або з яе корміцца, або крадзе, або ад яе абараняецца і г.д. Ён заняты. Якая сусветная канкурэнцыя, які кліент? Пра што вы?» Вось з такім чалавечым матэрыялам і вымушаны працаваць АП.

Эканамічныя праблемы, якія «нечакана» абрынуліся на ўмераных утылітарыстаў у 2011 годзе, пазбаўляюць іх кармавой базы, спараджаючы тым самым стан дыскамфорту. Калі такі стан у сярэднетэрміновай перспектыве не рассмокчацца, то нашы персанажы могуць перагледзець сваё стаўленне да «моцнай дзяржавы». Урэшце, людзі жывуць не ў вакууме, сур’ёзных праблем з атрыманнем альтэрнатыўнай інфармацыі ў Беларусі няма. Было б жаданне. Мяркуючы па сакавіцкім апытанні НІСЭПД, такое жаданне ў прадстаўнікоў «большасці» пачынае фармавацца, таму і зменшыўся рэйтынг даверу да дзяржаўных СМІ за тры месяцы, што прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, на 9,5 працэнтных пункты, саступіўшы ў выніку рэйтынгу недзяржаўных СМІ: 43,4% vs. 45,5%.

На фоне такой дынамікі асобныя прадстаўнікі апазіцыйных партый пачынаюць гаварыць пра магчымасць хуткага выйсця з «апазіцыйнага гета ў 25–30%». У прынцыпе гэта магчыма. Толькі не варта забываць, што ўмераныя ўтылітарысты калі і здольныя падтрымаць дэмакратаў, то не дзеля дэмакратыі, а дзеля пашырэння кармавой базы.

 

Каментаваць