Памёр генерал і палітык Валерый Фралоў

Яму было 67 гадоў. Прычыны смерці пакуль невядомыя. Валерый Фралоў быў знойдзены мёртвым у сябе дома. Слядоў гвалтоўнай смерці не было, у доме парадак, кажа ягоны сын Дзмітрый.



«Я прыехаў у кватэру ў Мінску і знайшоў яго, ён ляжаў у пакоі. Пакуль іншай інфармацыі няма. Слядоў гвалтоўнай смерці няма, у доме парадак. У гэты час ён быў адзін у кватэры. Ён павінен быў сёння ехаць у камандзіроўку, у яго а 10 гадзіне вечара цягнік. Напярэдадні я сказаў, што прыеду. Я меркаваў, што ён ужо паехаў», — распавёў карэспандэнту Радыё Свабода сын палітыка Дзмітрый Фралоў.

Пра дату смерці спадар Дзмітрый пакуль не сказаў. «Магу толькі меркаваць, бо яшчэ няма вынікаў. Ложак не распраўлены, можа, у душ ішоў. Бачна, што не клаўся спаць. Хутчэй за ўсё, гэта здарылася ўчора».

Таксама Дзмітрый Фралоў паведаміў, што пахаванне, імаверна, адбудзецца ў Горадні ў сераду, а развітанне з палітыкам будзе заўтра, у аўторак на вуліцы Альшэўскага ў Мінску. Канкрэтны час таксама пакуль невядомы.

Валерый Фралоў нарадзіўся 14 жніўня 1947 г. у Мінску. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію бранятанкавых войскаў, Акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Генерал-маёр.

У 1964–1966 гг. працаваў зубарэзчыкам на Мінскім аўтамабільным заводзе, у 1970–1993 гг. служыў ва Узброеных Сілах СССР камандзірам танкавых узвода, роты, батальёна, начальнікам штаба і камандзірам танкавага палка, начальнікам штаба мотастралковай дывізіі і камандзірам дывізіі. У 1993–2000 гг. ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь: начальнік штаба армейскага корпуса, камандзір армейскага корпуса.

У 2000–2004 гг. дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камісіі па нацыянальнай бяспецы, узначальваў апазіцыйную групу «Рэспубліка».

У БСДП уступіў у 2004 г. У 2006-2009 гг. быў старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі БСДП. У сакавіку 2007 – кастрычніку 2010 г. і з 5 чэрвеня 2011 г. намеснік старшыні БСДП.

Жанаты, трое дзяцей.

Узнагароджаны ордэнамі «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ ступені, Прападобнага Сергія Раданежскага і 11 медалямі.

У наступным годзе ён меў намер прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Нарыс Аляксандра Тамковіча "Генерал Валерый Фралоў" чытайце тут

Каментаваць