Парламенцкі рытуал–2016

Апазіцыя спрабуе аб’яднацца, але гэтыя спробы ўжо 20 гадоў ні да чаго не прыводзяць. Зараз, напярэдадні парламенцкай кампаніі, зноў гучаць размовы пра аб’яднанне. Спадзяемся атрымаецца.


Хутчэй за ўсё, на пачатку чэрвеня пачнецца кампанія па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Гэта азначае, што мы зноў пабачым палітычны рытуал пад умоўнай назвай «не самыя важныя выбары». Прычым усе цырымоніі гэтага рытуалу з роўнай дбайнасцю будуць выконваць як улады, так і апазіцыя. Хаця, канешне, новыя знешнепалітычныя ўмовы крыху змянілі правілы гульні.

Знешняе і ўтоенае

 

Пакуль фармальна ўсё выглядае як дэманстратыўная бюракратычная гульня па правілах. На нарадзе з Лідзіяй Ярмошынай кіраўнік Беларусі ўхваліў прапанову ЦВК правесці выбары ў парламент 11 верасня. І адразу агучыў: трэба заадно зрабіць выбарчы працэс больш празрыстым у адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015-га. Гэта значыць, што афіцыйны Мінск дэманструе прыхільнасць да падыходу, які быў выразна вызначаны ў другой палове мінулага года: хай Захад атрымае тое, што жадае, — бо вучыцца ў школе дэмакратыі можна в-е-е-е-льмі доўга. І вераснёвыя выбары пакажуць: беларускія ўлады «добрасумленна вучацца».

 

Вертыкаль улады прадэманструе перад міжнароднымі назіральнікамі гатоўнасць да большай адкрытасці і празрыстасці ў арганізацыі выбараў. Апазіцыі дазволяць весці агітацыю, не будуць арыштоўваць Статкевіча з парай соцень вечна незадаволеных актывістаў, а з тэлеэкранаў і старонак афіцыйнай прэсы будзе ліцца ліберальная рыторыка адносна ўсяго, што звязана з выбарчай кампаніяй.


Вось толькі дуля ў кішэні застанецца. Прасцей кажучы, улада захавае тыя механізмы, што дзейнічаюць пры фармаванні выбаркамаў і падліку галасоў. Сапраўды, навошта змяняць тое, што дазваляе забяспечыць кантроль над ходам і вынікамі выбараў?


 У выніку і еўрапейскія назіральнікі змогуць казаць пра «пазітыўныя змены», і парламент будзе сфармаваны такі, якім яго жадаюць бачыць у Адміністрацыі прэзідэнта. Усе задаволеныя.

 

Але якіх зменаў нам варта чакаць? У самім ЦВК кажуць пра тры кірункі па падвышэнні празрыстасці выбараў — фармаванне выбарчых камісій, разгляд выбарчых спрэчак і падлік галасоў.


Аднак сам Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства даў арганізатарам выбараў зразумець, што ў выбарчай кампаніі прынцыпова нічога змяняць не варта: «Народнае волевыяўленне, па той практыцы, якая склалася, павінна прайсці ў абсалютна дэмакратычнай і спакойнай атмасферы і, самае галоўнае, на найвышэйшым арганізацыйным узроўні, як гэта ў нас заўсёды было».

 

Тым не менш, нешта новае будзе. У 2016 годзе пераможца выбарчай гонкі на кожным участку будзе вызначацца па прынцыпе простай большасці. (Раней для перамогі кандыдату трэба было набраць больш за 50% галасоў выбарцаў, што прыйшлі галасаваць.) Фармальна, гэта прагрэсіўны крок, рэальна — ён толькі на руку дзеючай уладзе. Так яна здымае адну з самых галоўных сваіх праблем — нізкую актыўнасць выбарцаў у Мінску і буйных гарадах, іх схільнасць да пратэстнага галасавання і пратэстнага ж ігнаравання выбараў.

 

І тут уладам гатовыя падыграць апазіцыянеры. Арганічна няздольныя аб’яднацца, яны, з аднаго боку, проста «расцягнуць» пратэстны электарат. Некалькі кандыдатаў ад апазіцыі на адным участку — лепшы спосаб забяспечыць перамогу праўладнаму кандыдату, нават без усялякіх падтасовак! Да таго ж з боку найбольш радыкальных лідараў хутка пачнуць гучаць заклікі да байкоту выбараў, і гэта таксама адцягне пратэстны электарат ад выбарчых урнаў. Пасля гэтага апазіцыі ўжо не варта будзе вінаваціць афіцыйныя структуры ў маніпуляцыі вынікамі выбараў.


 

Апазіцыя — як заўжды

 

Беларуская апазіцыя вечна спрабуе аб’яднацца, але гэтыя спробы ўжо 20 гадоў ні да чаго не прыводзяць. Зараз, напярэдадні парламенцкай кампаніі, зноў гучаць размовы пра аб’яднанне. Дакладней, гэтым разам — пра каардынацыю высілкаў дэмакратаў. У красавіку было абвешчана аб стварэнні пастаяннай рады дэмакратычных арганізацый, да якой далучылася большасць прыкметных палітычных сіл Беларусі. Гэта хутчэй пляцоўка для кансультацый. Хаця можна прыгадаць, што менавіта такі орган у 2005 годзе зрабіў «амаль адзіным» кандыдатам ад апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча (і пры гэтым яшчэ адным кандыдатам ад апазіцыі быў Аляксандр Казулін).

 

Але пакуль новая рада дэмсіл ніяк сябе не выявіла — і наўрад ці паспее гэта зрабіць да 7 чэрвеня, да пачатку выбарчай кампаніі. 3 мая на пасяджэнні кансультатыўнай нарады дэмакратычныя арганізацыі не змаглі дамовіцца аб фармаванні адзінага спісу сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Таму на гэтых выбарах апазіцыя, хутчэй за ўсё, выставіць шэсць «калонаў»: правацэнтрысцкая кааліцыя, Партыя БНФ, Партыя «Справядлівы свет», «Гавары праўду», БСДП (Грамада), Нацыянальны Кангрэс. Сюды трэба дадаць, магчыма, ліберал-дэмакратаў (ЛДПБ), хаця, канечне, да апазіцыі гэта структура не належыць нават умоўна. Каго з іх можна разглядаць сур’ёзна?

 

Пачну з правацэнтрыстаў, якія ідуць на парламенцкія выбары адзіным спісам АГП, Руху «За Свабоду» і аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД. Свой звяз яны стварылі яшчэ ўвосень 2015-га. «Першым тактычным этапам будуць парламенцкія выбары. Па тым, як праходзіць падрыхтоўка: ужо ёсць адзіны спіс кандыдатаў, пройдзеныя складаныя этапы — можна казаць пра ўстойлівую кааліцыю», — гаворыць першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч.

 

Вядома, што гэты альянс гатовы аб’ядноўвацца на ўзроўні рэгіянальных лідараў, створаная Асамблея народных прадстаўнікоў. Меркавана, гэта дазволіць ім «накрыць» усё выбарчыя акругі Беларусі, выставіўшы 110 кандыдатаў. Вось толькі з іміджам — бяда, прычым з усіх бакоў. І калі пра АГП яшчэ штосьці могуць сказаць, хаця б прадпрымальнікі, то «правацэнтрысцкі альянс» мала хто ведае. Не верыце? Спытаеце, што менавіта ведаюць пра Рух «За Свабоду» або БХД вашы суседзі па пад’ездзе, па дачы, або жыхары, напрыклад, Валожына ці Лагойска. Так што правацэнтрэсцкі брэнд трэба яшчэ раскручваць і раскручваць.

 

Партыя БНФ — ідэалагічна гэта той жа правы цэнтр, толькі практычна зусім без рэсурсаў. Але аб’ядноўвацца з АГП усё роўна не жадае. Пры гэтым лідар партыі Аляксей Янукевіч у сваіх каментарах адзначае: «Пасля завяршэння выбарчай кампаніі, з улікам досведу падчас выбараў, пытанне аб уваходжанні ў правацэнтрысцкую кааліцыю будзе абмяркоўвацца ў Партыі БНФ зноў».

 

Беларускі нацыянальны кангрэс — хутчэй прыгожая ідэя, што аб’яднала вядомых апазіцыянераў: экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча, а таксама прафсаюз РЭП, незарэгістраваны рух «Разам» і шэраг вядомых грамадскіх дзеячаў. Сам кангрэс мяркуецца правесці 15 мая. Паглядзім, што ў іх атрымаецца: ці змогуць яны абраць адзінага лідара і ці запрацуюць іх актывісты ў рэгіёнах.

 

Беларускія дэмакратычныя левыя («Справядлівы свет», аргкамітэт Партыі жанчын, сацыял-дэмакраты, аргкамітэт Партыі працаўнікоў, шэраг «зялёных» груп) нават свой альянс вырашылі не ствараць — яны, здаецца, наогул ні на што не разлічваюць, хаця ўдзел у выбарах возьмуць. «У сувязі з тым, што выбараў у Беларусі няма, галасы не лічаць, прызнана немэтазгодным ствараць адзіны спіс ад левых сіл на парламенцкія выбары», — тлумачыць сваю пазіцыю Сяргей Калякін.

 

Кампанія «Гавары праўду» пасля прэзідэнцкіх выбараў застаецца своеасаблівым ізгоем, якога астатнія дэмсілы «за свайго» і не прызнаюць. ГП нават не запрасілі для ўдзелу ў радзе дэмсілаў і ў кампанію назірання «Права выбару». Але ў парламенцкіх выбарах Караткевіч&Дзмітрыеў удзел, вядома, прымуць. З якой эфектыўнасцю — гэта будзе залежаць ад добразычлівасці ўлады, з якой яны намагаюцца наладзіць кантакт.

 

ЛДПБ, як заўсёды, здзьмулася пасля прэзідэнцкіх выбараў, і ад пачатку 2016 года ўвесь час скардзіцца на хранічны недахоп грошай. Пры гэтым партыя актыўна раскручвае новага лідара — Гайдукевіча-малодшага, відавочна з прыцэлам на 2020 год. Ці захоча ЛДПБ зараз «кідацца на амбразуру» парламенцкіх выбараў — пакуль не вядома.

Каментаваць